Тры дні ў Чэрцах, альбо як Бабёр да Цмока ў госці прыязджаў

Паход. Турысты з Бабруйска 015 Невялікія вёсачкі, што знаходзяцца не ў эпіцэнтры культурнага асяродку, не спешчаны падзеямі глабальнага маштабу, а таму рады любой «жывінцы», якая сюды пранікае. Менавіта такой «жывінкаю» стаў нядаўні прыезд у Чэрцы турыстаў з Бабруйску. Чаму мена­віта сюды? Хто ведае, хто ведае… Чамусьці ж выбрала метадыст Бабруйскага Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Марына Канурэнкава нашу вёску.

Зрэшты, як высветлілася, Віцебшчыну бабруйчане ўвогуле любяць і часта бываюць на ёй. Прыцягвае ўвагу турыстаў наша прырода, безумоўна ж, люстэрка краю —  цудоўныя азёры і, вядома, людзі. Як жа без іх! На Віцебшчыне заўсёды прымалі гасцінна. Ну, і мы, прызнацца, не спалі ў шапку, расхвалілі-разрэкламавалі роднае гняздзечка, калі Марына Яўгенаўна праводзіла маніторынг будучага турыстычнага маршруту сваіх выхаванцаў.

Чэрцы — адзін з пунктаў на гэтым маршруце? А чаму б і не! Чыгунка, па якой можна наўпрост дабрацца з самога Бабруйска. Маляўнічае возера з акультураным пляжам, дзе не грэх і пакупацца, і рыбку палавіць, стадыён школьны, які працягваюць даглядаць зараз ужо самі жыхары вёскі. Вось і сёлета скасілі траву на корм жывёле — і хлопцам ёсць дзе ў мяч пагуляць. Былыя школьныя будынкі на маляўнічым азёрным узбярэжжы проста не могуць не прыцягнуць увагі турыстаў, хоць месца тут і даволі сакральнае. Аднак аб гэтым крыху ніжэй…

Паход. Турысты з Бабруйска 017 І вось ужо імчыць цягнік з Оршы, а тым часам двое падлеткаў з Чэрцаў Антон Шасцярэнь і Кірыл Сімака цярпліва чакаюць яго на прыпынку ў Лазовіках. Дамоўлена. Гасцей з Бабруйска сустракаюць з цікавасцю, і таму хлопцы дабіраліся самахоць за чатыры кіламетры. А чакаць давялося даволі доўга.

Нарэшце,  прыбывае гаманкая гвардыя бабруйчан — дванаццаць падлеткаў і двое выкладчыкаў — Марыне Яўгенаўне дапамагае двацца­ціпяцігадовы Раман Шахлевіч, які таксама ўжо «сабаку з’еў» у турыстычных паходах. Увечары яны згатуюць на вогнішчы апетытную рысавую кашу з мясною тушонкаю, а пасля нават “для понту” засмажаць на агні «Васю»… Аднак і аб гэтым пасля. Пакуль жа гаманкая гвардыя турыстаў — на прыпынку ў Лазовіках. Рукзакі цяжкія, наперадзе — чатыры кіламетры шляху да месца прывалу. І хоць людзі тут усе да паходаў звыклыя, аднак недзе пад Юндзілаўкай падпільнавала стомленасць. І тады Кірыл, не доўга думаючы, выклікае бацьку з машынаю. Рукзакі — у салон, плячам лягчэй, на сэрцы прыемней.

Пасля абеду госці ўжо ў Чэрцах, на ўлонні прыроды і пад пільным дапытлівым вокам мясцовых падлеткаў, якія вывучаюць новенькіх. «Кантакт дзвюх цывілізацый» адбываецца хоць і не адразу, але ўсё ж адбываецца. Палаткі пастаўлены. Акуратненька, скрупулёзна падрыхтавана месца для невялічкага цяпельца. Трэба ж на чымсьці кашу зварыць ды гарбаты закіпяціць. Дый цяпельца як-ніяк аб’ядноўвае, вунь вакол яго сабраліся не толькі бабруйскія, гуляюць у свае, незнаёмыя нам гульні, але і нашых, мясцовых прыбывае — прыглядваюцца, знаёмяцца.

Паход. Турысты з Бабруйска 012 Тым часам хлопцы пабеглі на рыбу, дзе, па іх словах, нейкі мужык (так і не высветліў, хто) выкладае для гасцей цэлы «майстар-клас» рыбацкага мастацтва.  Вучоба вучобай, а рыбка не ловіцца. Пашанцавала бадай аднаму Максіму Гаўрычэнку злавіць больш-менш ладную плотку, якую тут жа ахрысцілі «Васем» і ўрачыста падсмажылі на агні. А затым кожны адшчыкваў кавалачак «Васі», смакаваў, і гэтае свяшчэннае дзейства больш выглядала  як нейкі сакральны рытуал.

Зрэшты, сакральнасць не пакідала турыстаў усе тры дні знаходжання ў Чэрцах. Справа ў тым, што разбілі лагер фактычна паміж двума пахаваннямі. Там пахаванні часоў вайны, з другога боку былой школы, як сведчаць старажылы, былі некалі невялічкія вясковыя могілкі. Пахаванні старыя, а сутнасці не мяняюць. Містыкі дадала поўня, якая змяніла на небе спякотнае ліпеньскае сонца, і калі сярод ночы раптам двое незнаёмцаў загаварылі ля палатак таямнічым голасам:

— Зірні, палаткі!

— Ды тут людзі, варушацца…

Адным словам, мурашкі па спіне пабеглі б і ў героя. А потым у Марыны Яўгенаўны нечакана знікла сярэбраная завушніца. Адчуваеце інтрыгу? Сярэбраная! Завушніца знайшлася, накрыўка ад чыгуна сама перакачавала ад вогнішча да водазаборнай калонкі. Магчыма, яе там забылі? Ды што вы! Містыка. Чаго ні здарыцца ў поўню, у вёсцы з такою назваю ды яшчэ паміж двума могілкамі…

* * *

Паход. Турысты з Бабруйска 006 А назаўтра промні сонца рассеялі містычную сакральнасць і значна палепшылі навакольную энергетыку. Турысты паелі кашкі і сабраліся ў Лепель на экскурсію, балазе горад зусім побач. Хадзілі па гарадскіх вуліцах і завулках, і што сапраўды прыемна ўразіла — безліч ружаў. Чырвоныя, бэжавыя, пляцістыя і чайныя — яны  выдатна ўпрыгожылі наш утульны гарадок. Так і хацелася ўсклікнуць па-стараславянску: «Лепота!» Завіталі ў парк — заваражыла лепельскае возера, парк уразіў чысцінёю, дагледжанасцю і, зноў жа, там працягвалася праца па добраўпарадкаванні. Яшчэ ў Бабруйску даведаліся пра нашага Цмока. Думалі, звер страшны — аказалася, цалкам прыстойная рэптылія і, між іншым, вельмі сімпатычная. Вось што сказалі госці з Бабруйску пра наш новы турыстычны «брэнд»:

— Цмок прыемны, хацелася абняць, прытуліць да сябе, сказаць:”Прыпаўзай да нас у наш Бабруйск, пасябруй з нашым Бабром Майсеевічам!”.

Адным словам, Лепель па­кінуў добрыя ўражанні ў гасцей. А многія з іх у турызме не навічкі, бачылі розныя мясціны. Скажам, Арцём Рыдзеўскі ходзіць у паходы з пятага класа, займае прызавыя месцы ў гарадскіх спабор­ніцтвах па турызме. Любіць паходы і Максім Гаўрычэнка. Сябруюць з рукзаком Аня Лукашык і Насця Белікава. Некаторыя займаюцца турызмам сем’ямі — разам з бацькамі…

Назаўтра настаў час збіраць рукзакі і скручваць палаткі. Нечаканы для турыстаў і доўгачаканы для нашых вяскоўцаў дожджык, праўда, крыху падмачыў рэпутацыю іхніх палатак, і назаўтра, пакуль у дарогу, давялося ўсю раніцу сушыцца. А потым сфатаграфаваліся на памяць на школьным двары і падышлі да пом­ніка, каб аддаць даніну павагі землякам нашым, што вызвалялі вёску і край. Прыязна зірнула на турыстаў бабуля Насця, якая жыве непадалёк і памятае ўсю гісторыю, аж з даваеннага часу нашай вёскі. Турыстам бульбачкі не пашкадавала, тыя аддзячылі згушчонкаю — невялічкі такі “бартар”. Дзеці ветліва развіталіся з бабуляю і звыклым шляхам, пакінуўшы нашы Чэрцы, падаліся да чыгункі. Антон з Кірылам, ледзьве не праспаўшы, кінуліся наўздагон і ўсё ж ля Горак дагналі сваіх новых сяброў, паспелі падаць руку на развітанне.

А потым бабруйчане нам званілі — з прывалу на Лукомльскім возеры, са стаянкі на Сяляве… Праз дзевяць дзён нялёгкай дарогі яны вернуцца ў Бабруйск — і мы абавязкова скантактуемся ў інтэрнэце. Шмат хто з іх і зараз ужо нашы сябры “УКантакце”. Спадабаліся бабруйчанам нашы Чэрцы, ды і мы ім таксама ўдзячныя, што расквецілі нашы вясковыя будні новымі фарбамі лета.

Уладзімір МІХНО

 На здымках: незабыўныя імгненні ў паходзе.

 Фота аўтара.

Паход. Турысты з Бабруйска 003 Паход. Турысты з Бабруйска 005

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>