Пяць гадоў Беларускай губерні

Пасля смерці Кацярыны II да ўлады ў Расіі прыйшоў яе сын Павел I. Яго праўленне выглядала як ломка кацярынінскіх парадкаў: цэнтралі­завалася кіраванне, была зменшана колькасць губерняў (з 50 да 41), многія зняволеныя гасударыняй былі амнісціраваны.

Паводле ўказа Паўла I ад 12 снежня 1796 года “Аб новым падзеле дзяржавы на губерні” Лепельшчына апынулася ў Беларускай губерні, якая была створана шляхам злучэння Полацкай і Магілёўскай губерняў у адну з цэнтрам у горадзе Віцебску. 31 снежня таго ж года былі ўведзены штаты новай губерні, якая складалася з 16 паветаў. Пры гэтым Лепельскі, Рэжыцкі, Суражскі і Дрысенскі паветы былой Полацкай губерні былі ліквідаваны, а павятовыя гарады перайменаваны ў пасады. Наш край увайшоў у склад Полацкага павета. Замест намеснікаў (правіцеляў з асобымі паўнамоцтвамі) і намесніцкіх праўленняў былі створаны губернскія праўленні з губернатарамі.

Каб прыцягнуць на свой бок мясцовых памешчыкаў-дваран (былой польскай шляхты), урад Паўла I увёў сістэму саслоўных судовых устаноў, якія адрозніваліся ад іншых губерняў Расіі. Гэтыя адрозненні былі ў назвах устаноў і службовых асобаў, арганізацыі справаводства, складзе і працэдуры выбараў чыноўнікаў. У справе судаводства было адноўлена дзеянне Статута Вялі­кага княства Літоўскага 1588 года, у стварэнні якога прымаў удзел Леў Сапега.

Указам Сената ад 31 снежня 1796 года года замест дзвюх самастойных палат крымінальнага і грамадзянскага судоў быў заснаваны Галоўны суд. Улічваючы тое, што насельніцтва далучаных зямель не ведала рускай мовы, Сенат прадпісваў у земскіх, павятовых, падкаморскіх судах і магістратах пакінуць справаводства на польскай мове, а ў Галоўных судах ужываць абедзве мовы – польскую і расійскую. Указам Паўла I уводзілася выбранне ў кожным павеце замест былых прадвадзіцеляў дваранства па аднаму маршалку (вышэйшай службовай асобе) і харунжаму (хавальніку сцяга).

У 1797-1798 гадах у Беларускай губерні ў павятовых гарадах ствараліся гарадскія магістраты і ратушы, паштовыя канторы і экспедыцыі, павятовыя казначэйствы, штаб-лекары, землямеры. У Лепелі, як прыватнаўласніцкім мястэчку, што з 1609 года належыла віленскім манахіням –бернардзінкам, жыхары якога яшчэ не з’яўляліся мяшчанамі (дробнымі гандлярамі і рамеснікамі), магістрат ліквідоўваўся, а ратуша (орган мясцовага самакіравання) не ўстанаўліваўся.

У канцы XVIII-пачатку XIX стагоддзяў паўсюдна раздаваліся дваранам, пераважна расій­скага паходжання, былыя дзяржаўныя ўладанні Рэчы Паспалітай. З 1773 па 1796 гады Кацярына II падаравала сваім прыбліжаным 180550 беларускіх сялян. Пры Паўле I было падаравана яшчэ 28000. У 1799 і 1800 гадах нашу губерню наведаў рускі паэт і грамадскі дзеяч Г. Р. Дзяржавін, які быў накіраваны з мэтай выкрыцця жорсткага абыходжання з сялянамі нядаўна назначаных уладальнікаў казённых зямель.

Беларуская губерня праіснавала ўсяго пяць гадоў. Указам Аляксандра I ад 27 лютага 1802 года яна была зноў раздзелена на дзве губерні – Магілёўскую і Віцебскую. Са складу Полацкага павета быў вылучаны самастойны Лепельскі павет Віцебскай губерні, які ўключаў больш за 330 панскіх маёнткаў, 14 мястэчкаў (Пышна, Камень, Ушачы, Чашнікі, Бачэйкава, Бешанковічы і іншыя). Сфарміраванае дзяржаўнае кіраванне праіснавала да 1831 года, калі ўказам Мікалая I на ўсёй тэрыторыі Беларусі было адменена дзеянне Статута Вялікага княства Літоўскага і поўнасцю арганізавана дзяржаўнае праўленне па агульнарасійскіх законах.

Ілья ЯНУШ,

краязнавец.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>