Маёй зямлі родны куточак

338Летапісныя крыніцы дакладна датуюць год заснавання — 1439. Стары Лепель. Менавіта з гэтай невялічкай вёсачкі і пачаўся адлік гісторыі Лепельшчыны. У XVI ст. тут існаваў знакаміты Лепельскі замак. Потым Лепель атрымаў статус горада і перайшоў ва ўладанне Юрыя Зяновіча, кашталяна, а пасля яго смерці — да ваяводы Мікалая Дарагастайскага. У той час горад размяшчаўся на востраве і заходняй частцы Лепельскага возера, дзе зараз і знаходзіцца вёсачка. Потым гандлёвы і адміністрацыйны цэнтры перанеслі са Старога Лепеля ў месца, дзе зараз сучасны горад.

У пачатку ХХ ст. мелася 64 гаспадаркі, працавала праваслаўная царква і царкоўнапрыходская школа, конная паштовая станцыя. У пачатку 30-х гадоў стварылі калгас імя Калі­ніна і працавала кузня. Непадалёк знаходзяцца археалагічныя помнікі: гара­дзішча, селішча. Адным словам, такое адчуванне, што пра славутую гісторыю нашых продкаў здольны распавесці нават маленькі каменьчык на вуліцы. А якія ў гэтых вуліц прыгожыя і маляўнічыя назвы: Лепельская, Заазёрная, Вясёлкавая, Перакоп….

І вось мы павольна крочым на цудоўны фэст — свята вёскі Стары Лепель “Маёй зямлі родны куточак”.

На жаль, Стары Лепель, як і ўся наша краіна, пацярпеў шмат пакут ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Каб аддаць даніну памяці, у пачатку мерапрыемства адбыўся ўрачысты мітынг.

Свята пачалося з шэсця па вёсцы. Так, нехта ішоў пехатой, а камусьці пашэнціла пад’ехаць на кані. Накіраваліся да пляцоўкі каля “Экадома”, якім справядліва ганарыцца вёска. Распавядзём пра яго і іншыя аб’екты больш падрабязна. “Экадом” быў створаны з дапамогай нямецкіх валанцёраў і студэнтаў нашай краіны. У гэтым культурна-выхаваўчым цэнтры праходзяць праграмы для пажылых, моладзі, дзяцей. Заняткі па інтарэсах, курсы, святы, вечары адпачынку… Адным словам, ёсць усё магчымае, каб з карысцю правесці вольную хвілінку.

У Старым Лепелі не першы год дзейнічае сумесны праект Германіі і Беларусі “Дамы замест Чарнобыля”. У 2013 го­дзе адкрылі фельчарска-акушэрскі пункт, пабудаваны з экалагічных матэрыялаў: гліны і драўлянай стружкі. Дарэчы, абаграваецца ён з дапамогай сонечных батарэй. Будавалі валанцёры з Германіі, Беларусі, Італіі.

На фэсце не было свабодных месцаў, гледачы зараней займалі іх. Распачалі свята заслужаны фальклорны калектыў “Сунічкі” і народны ансамбль жартоўнай песні “Грымзолі”. Старшыня Стайскага сельскага выканаўчага камітэта Анатоль Залатуха павіншаваў усіх прысутных, распавёў пра гісторыю Старога Лепеля.

Надвор’е таксама спрыяла добраму настрою. Лагоднае сонейка ўсміхалася з бясхмарнага неба. Калі станавілася душна, можна было “ахладзіцца” з дапамогай марожанага альбо халоднага квасу. Разгарнуўся і гандаль народных майстроў-умельцаў, дзе людзі набывалі прыгожыя паяскі ці вышыванкі.

Прыемна было пачуць прозвішчы руплівых вяскоўцаў, якія адказна шчыравалі на карысць роднага краю.

Не абмінулі цёплыя словы падзякі і старэйшых жыхароў населенага пункта: Ніну Шчукіну, Ніну Машара, Яўгенію Шарстук, Варвару Машара, Ніну Аксяновіч.

Як вядома, вёска жыве, пакуль у ёй нараджаюцца дзеці. Злата Сакалоўская, якой яшчэ не споўнілася і годзіка — без сумневу яе будучыня.

Пасля выступлення можна было застацца на святочную дыскатэку ці яшчэ раз прагуляцца па невялічкіх старалепельскіх вулачках, палюбавацца на прыгожыя кветнікі і буянне красак.

У Старым Лепелі жывуць адданыя сваёй роднай мясціне людзі, якія не старэюць ні душой, ні сэрцам…

Яўген МУДРЫ.

На здымках: запамінальныя эпізоды свята.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>