Суровыя вёрсты

Зоя Ягораўна Закрэўская з тых настаўнікаў, якіх называюць людзьмі старой загартоўкі. Гартаванне прыпала на страшныя гады вайны. Аднак не засіверыла, не зачарсцвела яе душа, да завяршэння працоўнага шляху дарыла яна дзецям любоў свайго шчырага сэрца. Нашы выпускныя класы прыпалі на ліхія ­90-ыя. Падлеткі, адчуўшы вольніцу, маглі дазволіць сабе на ўроках розныя выбрыкі.

Аднак яна рэдка дазваляла сабе не тое, што сарвацца, а і ўвогуле павысіць голас. Ад яе заўсёды пачувалася спакойная, лагодная цеплыня. Пры тым, што вучыць беларускай мове ў школе ваеннага гарадка, дзе сем’і праз кожныя тры — чатыры гады пераязджалі на новае месца службы ў Савецкім Саюзе ці за яго межамі, — надзвычай цяжкай было справай.

Вайны крутыя

павароты

Нарадзілася Зоя веснавым сакавіцкім днём 1931 года ў Марозавай Слабодцы,  вёсачцы на беразе возера. Бацькі яе былі калгаснікамі. Тата, Ягор Антонавіч Шадырка, быў прыроджаны будаўнік, цясляр, пячнік  любая праца гарэла ў яго дужых, мазалістых руках. Яшчэ да вайны збудаваў ён вялікую, прасторную хату.

А потым наступіў 1939 год. Рэпрэсіі абмінулі сям’ю, але не абмінула Другая сусветная вайна. Тата перагарнуў ці не самую трагічную яе старонку  Фінскую кампанію. Спазнаў і траскучыя карэльскія маразы, і агонь снайпераў, і снягі, у якіх чырвонаармейцы ледзь брылі, закопваючыся па пояс. Лёс збярог яго тады, выйшаў з баёў жывы і здаровы. Пасля Карэліі іх часць перавялі ў Беларусь, Ягор Шадырка за год даслужыўся да старшыны. Вярнуцца па ўсіх тэрмінах яму выпадала каля 30 чэрвеня 1941 года.

Войскі Заходняй асобай ваеннай акругі амаль усе згінулі ў баях першага года вайны. Хто навекі застаўся ў зямлі, хто спазнаў горкую нядолю палону. Старшына Шадырка трапіў у палон, знахо­дзіўся ў лагеры ваеннапалонных у паўночнай Германіі на Балтыйскім узбярэжжы. Ягор быў рослым, дужым, таму яго часта бралі на розную працу, за якую кармілі. Некалькі разоў спрабаваў збегчы, але ўсе спробы былі марнымі. Вызвалілі яго нашы войскі. Пасля хуткай праверкі Ягора прызвалі ў вайсковую часць, вярнулі званне старшыны. З баямі дайшоў да прыгарадаў Берліна, а потым быў знакаміты марш нашых танкавых калонаў на дапамогу паўстаўшай Празе. Як рэліквія ў сям’і захоўваецца фатаграфія, на якой зняліся старшына Закрэўскі і яго камандзір на фоне аднаго з храмаў у цэнтры чэшскай сталіцы. Дахаты вярнуўся восенню 45-га года.

Папялішча

А вяртацца давялося на папялішча. Сям’я — мама Ефрасіння Аляксандраўна з Зояй і малодшымі сынамі Сяргеем і Іванам — перажывала акупацыю ў Марозавай Слабодцы. З лета 1942 года ў бліжэйшых лясах з’явіліся партызаны, у 43-ім сфарміравалася знакамітая Полацка-Лепельская партызанская зона. Прыбярэжная вёска стала памежнай. Аднойчы немцы прыйшлі з гарнізона, размешчанага ў Камені, людзі на той час хаваліся хто дзе. Сям’я Шадыркаў разам з яшчэ некалькімі аднавяскоўцамі схавалася ў зямлянцы, выкапанай у агародзе. Раптам дзверы адчыні­ліся і пачуліся галасы, якія запатрабавалі, каб “бандыты вылазілі з бліндажа”. Маці з дзецьмі і яшчэ два чалавекі вылезлі, астатнія засталіся. Карнікі кінулі туды дзве гранаты. Зямлянка стала брацкай магілай.

Другім разам, было гэта ў кастрычніку 1943 года, людзі нацярпеліся страху незабыўнага. Зноў немцы ўчынілі паход супраць партызанаў, сагналі ўсіх у адной хаце і праз перакладчыка сказалі:

— Мы сёння будзем біцца з ляснымі бандытамі. Ведаем, што яны бяруць у вас харчы. Калі хоць адзін наш салдат загіне, вернемся і спалім вас.

Забілі вокны і дзверы. Увесь дзень чулася аддаленая страляні­на. Бліжэй да вечара немцы вярталіся ў Камень, несучы на насілках свайго салдата. Вяскоўцы бачылі гэта праз шчыліны і падумалі, што зараз іх апошняя гадзі­на. Ці то немцы забыліся, ці то яны надта змораныя былі, а можа той салдат быў не забіты, а паранены, толькі ў той дзень адбыўся цуд, фашысты не кранулі ні вёску, ні людзей, рушылі ў свой гарнізон.

Пасля таго дня маці з дзецьмі вырашылі сысці з Марозавай Слабодкі ўглыб партызанскай зоны. Пешшу дайшлі да Мосара, што ва Ўшацкім раёне. Зіму і вясну ­сям’я перажыла ў партызанах. Чым маглі дапамагчы народным мсціўцам жанчына з малымі дзецьмі? Хіба толькі гатаваць ежу. Часта даводзілася пераходзіць з вёскі ў вёску, ратуючыся ад карных экспедыцый. А потым быў прарыў. Расказвае Зоя Ягораўна:

— Гэта было страшна. Целамі забітых было ўсцелена ўсё навокал. Як мы выбраліся жывымі, ведама хіба толькі Богу.

* * *

Пасля вызвалення сям’я вярнулася ў Марозаву Слабодку. На папялішча. Адступаючы, захопнікі спалілі ўсю вёску, ацалелі толькі дзве хаты па абодва ўскрайкі. У хаце, дзе прытуліліся Закрэўскія, жылі яшчэ восем сем’яў! Спалі штабелямі на падлозе.

Ніколі не забудзе Зоя Ягораўна дзень, калі прыйшла вестка пра Перамогу.

— Дарослыя тады працавалі ў калгасе, нават падлеткі хадзілі на працу. Мне тады было 14 гадоў. 9 мая, як заўсёды, паліла ў печы, гатавала страву для дарослых, якія павінны былі прыйсці з працы. Клёцкі варыла з льнасемя. І тут прыбягае сястра маёй мамы, яна працавала брыгадзірам і выгукнула: “Перамога! Мы перамаглі! Вайна скончана!” Колькі радасці ў гэтых словах! Дарослыя ўсе пакідалі працу і пабеглі ў Камень, там быў цэнтр сельсавета, на мітынг.

Летам 45-га года прыйшоў ліст ад бацькі, дзе ён пісаў, што жывы-здаровы, і строга-настрага наказваў, каб Зоя і сыны абавязкова ішлі ў школу. А ў кастрычніку вярнуўся і сам.

Жыццё пасляваеннае

Пасля вяртання бацькі сям’я зажыла дружна і шчасліва. Пабудавалі новую хату, яшчэ больш прасторную, як была. Хата і дагэтуль стаіць на беразе возера. Зараз у ёй ніхто стала не жыве, затое, як пацяплее, ёй, як лецішчу  цаны няма. Унук Валодзя, які сам ужо пенсіянер, прыязджае з Мінска, каб пабыць на прыродзе, павудзіць рыбу. Уладзімір зараз часта ўспамінае дзеда, гісторыі пра войны, якія той распавядаў на полі, як разам пасвілі кароў. Дзед быў вялікім майстрам апавядаць.

Зоя пайшла ў школу, кожны дзень па некалькі кіламетраў праз балота, кустоўе, у любое надвор’е. У апошні клас хадзілі ўсё менш і менш дзяцей, многія кідалі школу, каб ісці на працу, карміць сям’ю. Гэтай модзе паспрабавала паддацца і Зоя. А як гэта зрабіць? Бацькі ж за такое па галаве не пагладзяць.

— Я і прыдумала выйсце, — успамінае жанчына, — прыкінулася, нібыта хворая. Пакуль дарослыя дома, я ляжу на печы, стагну, быццам мне баліць, а днём, як усе пайдуць на працу, спускаю­ся. Была вольнай птушкай, рабіла што хацела, найперш  чытала цікавыя кніжкі, на той час кніга была галоўнай забавай і крыніцай ведаў. Ні радыё, ні тым больш тэлебачання ў вёсцы не было. На трэці дзень вяртаецца тата з Каменя, ён, як намеснік старшыні калгаса, ездзіў у сельсавет на пасяджэнне і там заадно сустрэўся з дырэктарам школы. Той і сказаў бацьку, што Зоя, напэўна не хворая, а збіраецца такім чынам кінуць школу, што рабіць ні ў якім разе нельга, бо ў яе  выдатныя здольнасці. Словам, увечары адчыняецца хата, заходзіць бацька, адразу скіроўваецца да печы, дзе я ляжу “хворая”, а ў руках  дзяга. Ох і крыку было! Мама ледзьве мяне адбараніла. Раніцай я нават не паснедаўшы хуценька выскачыла з хаты і пабегла ў школу.

Дзякуючы такому важкаму бацькоўскаму “аргументу”, Зоя выдатна скончыла школу. Паўстаў выбар, куды паступаць. Па паспяховасці Зоя магла паспрабаваць здаць экзамены ў медінстытут, былі ўсе шанцы туды прайсці. Да таго ж, сама хацела быць доктарам, лячыць людзей. Але вучыцца там трэба было пяць гадоў. Зоя ж была ўпэўнена, што ёй трэба як мага хутчэй ісці на свой хлеб, зарабляць уласныя грошы. Далейшы жыццёвы шлях дзяўчыне падказаў яе настаўнік беларускай мовы і літаратуры Дзмітрый Арцёмавіч Субач, параіў паступіць у Віцебскі настаўніцкі інстытут, у якім курс навучання на настаўніцу беларускай мовы і літаратуры для сярэдніх класаў складаў толькі два гады. Два гады ў Віцебску праляцелі хутка, потым быў яшчэ месяц павышэння кваліфікацыі ў Оршы і вось Зоя Ягораўна  настаўніца Забароўскай сельскай школы. Ёй спачатку прапанавалі былі пайсці ў родную Каменскую, але адмовілася.

* * *

Штодня маладая настаўніца ха­дзіла за некалькі кіламетраў у Забароўе. Аднак папрацавала там толькі тры гады. У гэты час яна выйшла замуж за Пятра Закрэўскага. Іх бацькі былі аднавяскоўцамі, хаты стаялі цераз вуліцу. Пётр уладкаваўся на службу ў вайсковую часць у Бароўцы, быў спачатку старшыной, а потым прапаршчыкам, маладой сям’і выдзелілі кватэру. А ў 1956 годзе ў іх нара­дзілася дачушка Святлана. Паўстала праблема, як быць. Дэкрэтны водпуск у той час быў толькі два месяцы, потым трэба было выходзіць на працу. Кожны дзень ездзіць з Бароўкі ў Забароўе далёка, а з кім дачушку пакінуць? Зоя Ягораўна звярнулася ў Бароўскую школу, ёй пайшлі насустрач, узялі на працу часова, бо на той час там ужо была настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Нагрузку далі мізэрную, тры гадзі­ны на тыдзень, адпаведная была і зарплата. Аднак сям’і хапала заробку мужа. Галоўнае, што ў мамы быў час, каб даглядаць дачушку. Праз тры гады, як Света падрасла і пайшла ў садок, настаўніца беларускай мовы перайшла ў Камень і Зоі Ягораўне прапанавалі весці прадмет цалкам. Праз некалькі гадоў, у 1963-ім, нарадзіўся Валодзя.

Света і Валодзя добра вучыліся, былі выдатнікамі. Света ўвогуле ў школе была старанная і адказная, а вось Валодзя быў шустры, звышактыўны. Акрамя вучобы паспяваў яшчэ і ў спорце, і ў піянерскіх справах, а потым у камсамоле. Усё на ім гарэла. Мог і насваволіць, а потым маме пра гэта расказвалі іншыя настаўнікі. Ён заўсёды вылучаўся арыгінальнасцю.

Пасля школы Святлана паступі­ла ў Мінскі інстытут народнай гаспадаркі, зараз  Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсі­тэт. Замуж выйшла за вайскоўца, з ім паездзіла па ўсяму былому Савецкаму Саюзу. Вало­дзя паступіў у Мінскае ваеннае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча, стаў афіцэрам супрацьпаветранай абароны, служыў у Чыце. Зоя Ягораўна з мужам рэгулярна прыязджалі то ў Хабараўск, то ў Чыту, то ў Паўднёвасахалінск, дзе жыла сям’я Святланы. Там ёй асабліва спадабаўся і запомніўся мясцовы краязнаўчы музей.

— А ў заходнім накірунку не ездзілі?

— На вялікі жаль, не. Майму Пятру, як ён служыў, прапаноў­валі службу і ў Германіі, і ў Чэхаславакіі, але мы, параіўшыся, адмаўляліся. Тут жылі нашы старыя бацькі, якіх трэба было даглядаць, таму мы не імкнуліся надоўга адсюль з’ехаць.

Зараз Святлана жыве ў Падмаскоўі, рэгулярна прыязджае ў Беларусь, наведвае маму. Вало­дзя жыве ў Мінску. Ён — падпалкоўнік запаса.

Моцным ударам для Зоі Ягораўны стала раптоўная смерць мужа. У 1992 годзе Пётр збіраўся ў санаторый, як раптам у яго абвастрыліся праблемы з ныркамі, урачы дапамагчы нічым не здолелі. Выйсці з дэпрэсіі, перажыць няшчасце дапамагла праца. Па просьбе тадышняга дырэктара Бароўскай школы Клаўдзіі Фёдараўны Кулаковай Зоя Ягораўна яшчэ некалькі гадоў пасля выхаду на пенсію выкладала свой прадмет. Па некалькі разоў на год арганізоўвала для дзяцей экскурсіі то па беларускіх гарадах, то ездзілі ў Маскву і Ленінград. Часта хадзілі ў турыстычныя паходы па навакольных лясах, на азёры. Незабыўнымі для школьнікаў засталіся песні пад гітару ля начных кастроў. У першыя выхадныя лютага, калі ў школах прахо­дзяць вечары сустрэчы выпускні­коў, былыя вучні абавязкова прыходзяць да сваёй настаўніцы. Кватэра напаўняецца жывымі галасамі, успамінамі, радасцю.

Васіль МАТЫРКА.

На здымках: Пётр і Зоя Закрэўскія, 1950-ыя гады; Святлана і Уладзімір у гасцях у мамы.

Фота з сямейнага архіва і аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>