Якасць пітной вады

Водазабеспячэнне з’яўляецца неад’емнай часткай нашай жыццядзейнасці. Аднак для таго, каб вада, якая паступае да спажыўцоў, цалкам адпавядала ўсім патрабаванням, спецыялісты жыллёва-камунальнай службы штодзень вядуць кантроль яе якасці. Больш падрабязна аб гэтай рабоце распавядае загадчыца лабараторыі ЛКУВП ЖКГ “Лепель” Наталля Яско.
— Наталля Пятроўна, раскажыце, па якіх накірунках вядзецца работа лабараторыі?
— Наша лабараторыя была акрэдытавана ў 2009 годзе на вызначэнне якасці сцёкавай, паверхневай і пітной вады. У маі бягучага года мы атрымалі пацвярджэнне акрэдытацыі. Кожны месяц кантралюем сістэму гарачага водазабеспячэння, даследуем дзесяць кропак па г. Лепелі і дзве кропкі адбору ў аграгарадку Стаі, цэнтралізаванае і нецэнтралізаванае водазабеспячэнне. Акрамя загадчыцы, працуюць двое лабарантаў і інжынер-хімік.
— Што адносіцца да аб’ектаў цэнтралізаванага і нецэнтралізаванага водазабеспячэння?
— Гэта 42 артэзіянскія свідравіны, шэсць кропак, па якіх ідзе падача вады ў размеркавальную сетку. Да нецэнтралізаваных аб’ектаў адносяцца шахтавыя калодзежы. Згодна з графікам, па раёне вядзецца даследаванне 156 калодзежаў, размешчаных на тэрыторыях Лепельскага, Стайскага, Валосавіцкага, Слабадскога і Домжарыцкага сельсаветаў. Па горадзе даследуецца 88 калодзежаў.
— Па якіх паказчыках аналізуецца вада?
— На ўтрыманне хларыдаў, нітратаў, нітрытаў, фасфатаў, наяўнасць жалеза і цяжкіх металаў. Пры выяўленні неадпаведнасці дзяржаўнаму стандарту чысцяцца калодзежы. Аб неадпаведнасці якасці пітной вады паведамляецца ў дзяржаўную ўстанову “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”, а затым бярэцца паўторны аналіз вады. Аб якасці пітной вады мы рыхтуем справаздачу ў ДУ “Віцебскі абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”. Акрамя таго, кожны квартал выязджаем на ачышчальныя збудаванні г. Лепеля, дзе кантралюем якасць сцёкавай і пітной вады, у ДУ “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” кожны месяц рыхтуем справаздачу па якасці пітной вады.
Кожны месяц кантралюем сцёкавыя воды ААТ “Лепельскі МКК”, філіяла “Лепельскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлебпрам”, кулінарнага камбіната, устаноў аховы здароўя “Лепельская аблпсіхбальніца”, “Цэнтральная раённая бальніца”, адзін раз у квартал правяраем якасць скідваемай сцёкавай вады ад РДУП “Лепельскі электрамеханічны завод” і ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод”. Пры выяўленні парушэнняў з боку прадпрыемстваў г. Лепеля яны ўхіляюцца ў адпаведны тэрмін.
— Безумоўна, палепшыць якасць работы можна дзякуючы новым метадам і напрацоўкам. Магчыма, некаторыя з іх вы збіраецеся выкарыстаць у будучым?
— Так. Плануем прайсці даакрэдытацыю на вызначэнне ў вадзе алюмінія і нафтапрадуктаў.
— Няхай усе вашы планы паспяхова ажыццявяцца.
Інтэрв’ю правяла
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>