Брэйн-рынг у “Жамчужыне”

IMG_6714У маляўнічым куточку Лепельшчыны знаходзіцца дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына”. Установа цалкам апраўдвае сваю назву. Па-першае, яго корпусы выглядаюць сапраўднай жамчужынай, упрыгажэннем лепельскай зямлі, дзе дзеці і дарослыя адпачываюць, папраўляюць здароўе.

Па-другое, сярод многіх устаноў аховы здароўя цэнтр насычаны сучаснай апаратурай, кваліфікаваным персаналам, што і прадвызначае шырокі спектр і высокі ўзровень аказваемых паслуг. З 2004 года “Жамчужына” ўключылася і паспяхова дзейнічае ў праграме мерапрыемстваў, рэалізуемых пад патранатам Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.
Штогод у цэнтры аздараўляецца больш за сем тысяч дзяцей з раёнаў Беларусі, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аднак з падключэннем да праграм Саюзнай дзяржавы аздараўленчая дзейнасць расшырылася і на некаторыя рэгіёны Расіі.
IMG_6721Справа ў тым, што радыёактыўная хмара накрыла не толькі Украіну і Беларусь, вельмі моцна дасталося Бранскай, Тульскай, Калужскай абласцям Расійскай Федэрацыі. Перыядычна дзецям з гэтых рэгіёнаў трэба аздараўляцца. Традыцыйны напрамак аздараўлення для еўрапейскай Расіі — Чорнае мора. Аднак Беларусь нашмат бліжэй, амаль пад бокам, ды і ўзровень медыцынскага абслугоўвання вельмі высокі, што пацверджана многімі сертыфікатамі і шматгадовым вопытам. Такім чынам, у розныя гады ў “Жамчужыне” аздараўлівалася ад 100 да 300 дзяцей з Расіі штогод. А сёлета за кошт сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы плануецца прыняць 425 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Днямі ў аздараўленчым цэнтры прайшоў Дзень Саюзнай дзяржавы, у рамках якога праводзіўся шэраг мерапрыемстваў, прымаліся высокія госці. Сярод іх былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сягоднік, кіраўнік беларускага аддзялення расійска-беларускага інфармацыйнага цэнтра па праблемах вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Аляксандр Падаляк, прадстаўнікі мясцовых улад з Гомельскай, Магілёўскай абласцей, а таксама з Тульскай, Бранскай і Калужскай абласцей Расіі. Аднак самымі галоўнымі, як і заўсёды, былі дзеці — юныя пацыенты і выхаванцы “Жамчужыны”.
* * *
IMG_6725Адным з галоўных мерапрыемстваў Дня Саюзнай дзяржавы стаў брэйн-рынг, які праводзіўся ў пяць этапаў. Яго галоўнай тэмай, натуральна, было выбрана жыццё пасля Чарнобыля. Дзеці раздзяліліся на пяць каманд, кожная прадстаўляла свой рэгіён або з Беларусі, або з Расіі. Напрыклад, у каманду “Дзеці зямлі” аб’ядналіся юныя інтэлектуалы з Тульскай вобласці, “Экалогія” — Магілёўскай, “Атамы” — Калужскай, “Энергія” — Бранскай, “Надзея” — Гомельскай. Варта зазначыць, што на момант правядзення мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі ў “Жамчужыне” знаходзіліся больш за дзесяць дзён, таму ўжо выдатна раззнаёміліся, пасябравалі. Яны разам некалькі дзён у бібліятэцы цэнтра рыхтаваліся да брэйн-рынгу, штудзіравалі літаратуру, сканіравалі інтэрнэт. Аднак гэтыя абставіны ніякім чынам не паўплывалі на фарміраванне духу здаровага саперніцтва, канкурэнцыі. З першага ж тура вызначыўся лідар — каманда “Надзея”, якая адразу ўзяла ініцыятыву ў свае рукі і не выпускала яе аж да пятага, фінальнага, раўнда. Пераможцы і прызёры атрымалі кубкі, граматы ад журы і каштоўныя прызы — ад галоўнага спонсара ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”. Кіраваў судзейскай брыгадай Аляксандр Падаляк.
* * *
IMG_6734Тым часам мерапрыемствы дня Саюзнай дзяржавы не абмяжоўваліся толькі холам, дзе праходзіў брэйн-рынг. Шмат цікавага чакала гасцей і ўдзельнікаў на двары. Выйшаў на вуліцу і аўтар гэтых радкоў.
Пракрочыўшы толькі пару метраў, сустракаю дзвюх дзяўчынак па 12-13 гадоў, у адной з іх твар размаляваны яркімі фарбамі, як карцінка. Прашу іх прадставіцца. Паліна Кісялёва (размаляваная) і Каця Марчанка (яе сяброўка), абедзве з Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці.
— Хто гэта вас так? — пытаюся.
— Ай, там любога дзяўчынкі могуць размаляваць, — адказалі, рассмяяліся і пабеглі далей.
Крыху збянтэжаны, прадоўжыў і я сваю дарогу. Ля аднаго з карпусоў зноў сустрэў аналагічную парачку: прыгожа размаляваная дзяўчынка прыхілілася да сцяны, а сяброўка здымала яе на фотакамеру. Імправізаваным фатографам выступіла Каця Картавая, а фотамадэллю — Віка Хромчанка, абедзве таксама з Краснапольскага раёна.
IMG_6747На пятачку паміж карпусамі заўважыў невялікі натоўп дзяцей. Падышоў бліжэй. Трое дзяўчынак, узброіўшыся акварэльнымі фарбамі, арганізавалі своеасаблівы мэйк-ап-салон пад адкрытым небам. Ад кліентаў адбою не было. Выглядала наступным чынам. Падыходзіць чарговы жадаючы, дзяўчынка ў яго пытаецца: “Што маляваць будзем? Можна коціка, сабачку, дракона, абстрактны малюнак”. Пасля кароткага абмеркавання і згоды прыступае да работы. Пара хвілін — чарговы шэдэўр гатовы, а чарга жадаючых усё не змяншаецца.
Акварэльныя фарбы для такіх забаў падыходзяць па некалькіх крытэрыях. Па-першае, яны на воднай аснове, таму не шкодныя для арганізма. Па-другое — яркія. І ў давяршэнне — лёгка змываюцца.
Кераміст Вольга Тыртышная зладзіла міні-выставу сваіх работ. Чаму міні? Таму што калі сабраць усе яе работы за некалькі гадоў, што яна працуе ў “Жамчужыне”, спатрэбіцца разоў у дзесяць болей сталоў і стэндаў. А калі сабраць увогуле ўсе яе работы…
Дзеці акружылі стол. Найлепшымі забавамі сталі свістулькі. Яны выдавалі пералівістыя трэлі, што вельмі падабалася маленькім выхаванцам.
— Магчыма, пасля такой выставы многія самі захочуць паспрабаваць сябе ў кераміцы? — пытаюся ў Вольгі.
IMG_6757— Так, на гурток па кераміцы прыходзіць шмат дзяцей, — адказвае яна, — але фактычна для пераважнай большасці гэта часовая забава. Сапраўды здольных, таленавітых у кераміцы дзяцей — адзінкі.
Побач дзеці пад кіраўніцтвам выхавальніцы і вясёлага клоўна вадзілі карагоды. Падыходжу пазнаёміцца бліжэй. Выхавальніца Юлія Кухарчык арганізавала карагодны атракцыён, а дапамагае ёй Лена Дашкевіч. Лена вучыцца ў гімназіі горада Лельчыцы Гомельскай вобласці. Дзяўчына сама выказалася выступаць у ролі клоўна, у яе адчувалася вялікая здольнасць наладжваць стасункі з маленькімі дзецьмі, уключаць іх у цікавую забаву. Дарэчы, карагодам якраз і цікавіліся самыя маленькія ўдзельнікі мерапрыемства. Яны, нахадзіўшыся вакол карагоду, адыходзілі, адпачывалі крыху, а потым іх, нібы магнітам, прыцягвала назад.
* * *
Ішло свята і на спартыўнай пляцоўцы. Там цвіком стаў таварысцкі матч па міні-футболе паміж камандамі з вёскі Межысядкі Магілёўскага раёна і горада Чавусы Магілёўскай вобласці. Межысядкі — вялікае сяло. У гэтай школе ёсць свая футбольная каманда, якая амаль поўным складам прыехала ў Лепельскі край.
Матч з першых хвілін узяў самыя напружаныя абароты. Складвалася ўражанне, што гэта не таварысцкая сустрэча, а фінальны двубой за ўладанне Кубкам чэмпіёнаў. Мяч, як маланка, лётаў ад варот да варот, футбалісты кулямі бегалі за ім, стараючыся загнаць гол. Трэнеры на краі поля гучнымі галасамі давалі ўказанні, накіроўвалі футбалістаў. Варта зазначыць, што ў канцы гульні галасы ў трэнераў сталі асіплыя.
Страсці накаліліся да такой ступені, што балельшчыкамі сталі нават… дзяўчынкі, якія звычайна да футбола і яму падобных відаў спорту ставяцца раўнадушна. Пад час матчу яны дружнымі крыкамі віталі кожную атаку сваёй каманды, а калі мяч ляцеў міма варот, то выдавалі такі крык адчаю, што мазілам станавілася няёмка. Смела скажу, што менавіта такога імпэту, настрою не хапае ні ігракам вялікага футбола з прафесійных каманд рэспублікі, ні заўзятарам фанацкіх клубаў.
Асноўны час завяршыўся з лікам 1:1. Суддзя прызначыў па тры пенальці. Перад кожным ударам пляцоўка заціхала: і футбалісты, і балельшчыкі з заміраннем сэрца сачылі за вынікам дуэлі галкіпера і форварда. А пасля ўдару паветра грымела на два хоры галасоў: адны радаваліся, другія перажывалі трагедыю.
Урэшце па пенальці з лікам 2:1 перамаглі Чавусы.
На думку аўтара, лепшым футбалістам матча варта было б прызнаць Андрэя Кандраценку з каманды Чавусаў. Хлопец увесь матч адстаяў на варотах, шмат разоў ратаваў каманду ад немінучага гола, амаль нароўні з трэнерам кіраваў гульнёй. Пад час рэалізацыяі пенальці ён парыраваў два з трох удараў сапернікаў, а потым сам удзельнічаў у дуэлі, біў трэці ўдар, які і стаў вырашальным. Пасля гэтага, з поўным правам пішу, подзвігу калегі па камандзе і балельшчыкі (-цы) кінуліся абнімаць найперш Андрэя.
Са стадыёна на абед ішлі ўсе разам, дух саперніцтва застаўся на гульнёвай пляцоўцы.
* * *
Пасля абеду, калі дзеці разышліся на законную ціхую гадзіну, дарослыя госці сабраліся ў канферэнц-зале для размовы, абмену думкамі за круглым сталом. Мікалай Місюра коратка распавёў гасцям пра Лепельшыну, асабліва спыніўся на яе маляўнічай і гаючай прыродзе.
Усе ўдзельнікі ў адзін голас адзначалі важнасць далейшага працягу і пашырэння, развіцця працы па аздараўленні дзяцей. Указвалася, што “Жамчужына” мае магчымасці ў перспектыве прымаць на аздараўленне яшчэ больш дзяцей і дарослых.
Усіх уразіў шырокі спектр і высокі ўзровень медыцынскага абслугоўвання ў цэнтры. Яно і не дзіва, у “Жамчужыне” працуюць восем урачоў, з іх адзін мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, трое — першую, астатнія — другую. Акрамя іх яшчэ амаль сто чалавек сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу. І не радзей, чым раз на пяць гадоў, медыкі накіроўваюцца на вучобу, на курсы павышэння кваліфікацыі.
Завяршэннем Дня Саюзнай дзяржавы стаў сумесны канцэрт. Выхавальніцы распавялі, што рыхтаваліся дзеці вельмі актыўна. Нават самі прыдумвалі і рэпетыравалі нумары. Прычым ужо не адрознівалі, хто прыехаў з Тульскай вобласці, хто — з Гомельскай.
Адкрывала канцэрт выступленне танцавальнага народнага калектыву “Сунічкі” з Лепельшчыны. Запальныя скокі заслужылі гучныя апладысменты. Затым творчую эстафету пераняў танцавальны калектыў “Равеснікі” з горада Новамаскоўск Тульскай вобласці.
Канцэрт падвёў яркую, вясёлую рысу пад завяршэннем чарговага дня ў “Жамчужыне”.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: запамінальныя моманты ў “Жамчужыне”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>