Мелодыя вясны

У выставачнай зале салона-магазіна “Скарбонка” праходзіць выстава карцін мастакоў Лепельшчыны, напісаных падчас пленэраў, якія ў розны час праводзіліся на берагах возера Проша, Верабскага канала і панскай сажалкі ў Двор-Таронкавічах. У яе маляўніча дапасоўваецца другая выстава пад назвай “Мелодыя вясны”. На ёй паказаны работы супрацоўнікаў Цэнтра дзіцячай творчасці Людмілы Хадакоўскай, Алы Чуро, іх выхаванцаў з Заслонаўскай і Горскай сярэдніх школ.

У “Скарбонку” разам з экспанатамі сапраўды ўварвалася вясна. На вуліцы прастору залівае пакуль халоднае сонечнае святло, а памяшканне поўніцца прыемнай цеплынёй, што выпраменьваюць усімі колерамі вясёлкі незвычайныя экспанаты. Зіхацяць, быццам ранішнія расінкі на свежай траве, пад касымі сонечнымі промнямі пераліваюцца асляпляльнымі водблескамі соцень, а можа і тысяч бісерынак на многіх работах. Кветкі сакура, суксія, рамонкі Людмілы Хадакоўскай, здаецца, узяты з экрана каляровага японскага фільма. Сярэднявечнага архітэктурнага вырашэння мудрагелістыя сонечныя церамкі Алы Чуро спачатку здаліся адлітымі з металу, пакуль аўтар не патлумачыла, што яны вылеплены з салёнага цеста. Цяпло выпраменьвалі агніста-чырвоныя медальёны, кулоны, аплікацыі з тканіны, па-мастацку апрацаванай скуры, вырабы з саломкі вучняў абедзвюх школ.

16 заслонаўскіх і чацвёра горскіх вучняў прыехалі на вернісаж сваіх работ. 17 з іх дырэктар Дома рамёстваў Алена Барадзейка ўручыла Пахвальныя граматы за мастацкія вынаходніцтвы.

Кожны экспанат выставы прыкоўваў увагу, захапляў сваёй арыгінальнасцю, формай падачы. Бірулькі, магніты, рэчы ўтылітарнага выкарыстання, сувеніры, пано, іншыя прадметы ўпрыгожвання жылля… Гэта ўсяго толькі невялікая доля з таго, што дзеці вырабілі ўласнымі рукамі. Большасць вырабаў засталіся ў школе, дома, на сценах сяброў, радні.

Людміла Хадакоўская ў ЦДТ прыйшла ў 1987 годзе. Пачала з інкрустацыі саломкай, а ўжо ў 1995 го­дзе ад Саюза мастакоў Беларусі атрымала званне майстра народнай творчасці. Паступова асвойвала батык, габелен, вязанне кручком. Яе настаўніцай выцінанкі стала вядомы ў раёне майстар Галіна Жураўлёва.

Захапленне Людмілы мастацтвам перадалося ад бацькоў. Маці была заўзятай вышывальшчыцай, бацька ствараў карціны з дроту і тоўчаных ёлачных цацак. Дачцэ грошы на фарбы не шкадавалі, бо бачылі, што Люда мае мастацкія здольнасці.

Людміла Васільеўна кіруе гуртком “Выцінанка” і студыяй “Калейдаскоп”. Навучае 60 дзяцей. Большасць з іх — выхаванцы заслонаўскага сада. З першага класа займаюцца ў гуртку і студыі. Быццам маці, любяць настаўніцу. Прама ў “Скарбонцы” тры дзяўчынкі прытуліліся да яе палашчыцца. Не вытрымаў, каб не спытаць пра адносіны да Людмілы Васільеўны.

— Яна вельмі добрая, — адказала пяцікласніца Наташа Лазоўская.

Даша Седзіна і Маша Коўлер яшчэ мацней прыціснуліся да жанчыны.

— Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, — сказала Людміла Хадакоўская. — Люблю іх, быццам родных.

Прыемна было глядзець на шчырыя ўзаемныя адносіны паміж настаўніцай і вучнямі.

Ала Чуро па спецыяльнасці выкладчык пачатковых класаў, малявання, кіраўнік гурткоў. Кіраваць гуртком “Цестапластыка” пачала ў 2009 годзе пасля таго, як у інтэрнэце азнаёмілася з гэтым незвычайным відам мастацтва. Займацца лепкай да яе прыходзяць вучні Горскай СШ. Усім чатыром дзясяткам гурткоўцаў прывіла любоў да вылеплівання твораў мастацтва з салёнага цеста.

Алена Барадзейка правяла экскурсію заслонаўскім і горскім вучням па выставачнай і вытворчай залах салона-магазіна “Скарбонка”. Майстры Дома рамёстваў пазнаёмілі дзяцей з глінянай лепкай музычных прадметаў і ткацтвам на кроснах.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

На здымках: вучні Заслонаўскай СШ Ангеліна Куракова з аплікацыяй тканінай “Бычок”, Арцём Хадакоўскі з выцінанкай “Воран”, Ліза Дзедзінок з бісернай пляцёнкай “Падводны свет”; Людміла Хадакоўская са сплеценымі з бісеру кветкамі суксія і сакура; Ала Чуро з работамі з салёнага цеста.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>