Заслонаўскі гарнізон

Шырокая паласа абароны

252На заслонаўскім палігоне завяршыліся чарговыя вучэнні, у якіх удзельнічалі вайскоўцы з 19-й асобнай механізаванай гвардзейскай брыгады. Кіраваў вучэннямі начальнік штаба паўночна-заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Валерый Гнілазуб. На час мерапрыемстваў вайскоўцы перасяліліся з казармаў і кватэр у лясны лагер.

Толькі падышоўшы зусім блізка, можна было заўважыць аўтамашыны, баявыя машыны пяхоты, танкі, палаткі. Людзі і тэхніка зайшлі ў лес і нібыта растварыліся ў зеляніне, зрабіліся нябачнымі. Толькі па гулу рухавікоў можна было вызначыць, што лес насычаны жыццём.
Між тым нават з надыходам вечара баявая вучоба не спыняецца, хіба што крыху прыціхае. Ад палатак да стаянкі тэхнікі ходзяць афіцэры з картамі, яшчэ і яшчэ раз удакладняюць задачы, узгадняюць свае дзеянні. У многіх вайскоўцаў на плячах аўтаматы і кулямёты.
— Валерый Уладзіміравіч, — звяртаюся да генерала, — раскажыце пра асноўную задуму вучэнняў.
— Галоўнай тэмай вучэнняў з’яўляецца кіраванне воінскімі часцямі і падраздзяленнямі брыгады пры падрыхтоўцы абароны і вядзенні імі баявых дзеянняў на шырокім фронце. У мерапрыемстве задзейнічана больш за 300 ваеннаслужачых брыгады, а таксама больш за 65 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку дзесяць танкаў і 30 БМП. Мэта — праверыць зладжанасць органаў кіравання, павысіць вывучку асабовага саставу. Акрамя гэтага, праводзяцца палявыя выпрабаванні нядаўна атрыманых мадэрнізаваных танкавых прыцэлаў і комплексных прыбораў сувязі Н-18-1М “Компас”. Задзейнічана ў вучэннях і авіяцыя.
— Патлумачце, калі ласка, што значыць “на шырокім фронце”?
— Сучасныя рэаліі патрабуюць вырашэння вялікіх аб’ёмаў задач меншымі сіламі, у прыватнасці — абарончых задач на шырокім фронце. Вобразна кажучы, калі ў часы Вялікай Айчыннай вайны батальён займаў паласу абароны пяць кіламетраў, то цяпер яго паласа большая. Даўней абараняліся, ствараючы суцэльныя лініі фронту, запаўняючы іх войскамі. І цяпер мы адпрацоўваем такія ж задачы пры непасрэднай абароне гарадоў, стратэгічна важных аб’ектаў — там, дзе, як кажуць, “ні кроку назад”. Гэта называецца пазіцыйная абарона. Аднак мы ў гэтых вучэннях стараемся па максімуме выкарыстаць і рэльефныя ўмовы Віцебшчыны.
— І ў чым жа спецыфіка нашага рэгіёна?
— Найперш у тым, што тут шмат тэрыторый малапрыгодных для праходжання тэхнікі: лясоў, балот. Калі мясцовасць непраходная, навошта там трымаць войскі? У выпадку магчымай агрэсіі верагодны праціўнік будзе прывязаны да дарог, шляхоў зносін. Па дарогах і абапал іх могуць ісці тыя ж самыя танкі, БМП, грузавікі. На вучэннях мы адпрацоўваем такі сцэнарый: уздоўж дарог на некалькіх участках ствараюцца апорныя пункты, якія звязваюцца ў сетку з такім намерам, каб нанесці верагоднаму праціўніку максімальна магчымы ўрон. Падраздзяленні маюць магчымасць дзейнічаць з засад, з загадзя падрыхтаваных выгадных пазіцый. Больш таго, пры зручным моманце наяўнымі сіламі можна будзе нанесці контрудар. Такім чынам, мы сіламі аднаго батальёна ствараем сеткавую, або ачаговую, сістэму абароны і можам прыкрыць фронт дзесьці да 25 кіламетраў.
— Рэаліі апошніх гадоў, атрымліваецца, дыктуюць новыя падыходы і прыёмы…
— Паўтаруся, Рэспубліка Беларусь — мірная краіна, якая паслядоўна прытрымліваецца абарончай дактрыны. Аднак мы ўважліва сочым за ваеннымі падзеямі ў свеце, пераймаем вопыт. Вядома, у выпадку ўзброенага канфлікту ўсё будзе іначай, немагчыма прадбачыць усё да драбніц, таму наша задача — на вучэннях адпрацаваць самы цяжкі, самы крытычны варыянт.

На перадавых пазіцыях
253Пасля гутаркі з генерал-маёрам Валерыем Гнілазубам надарыўся вольны час і аўтар крыху агледзеўся ў лясной вайсковай стаянцы. Сярод зеляніны вока зачапілася за непрывычны чырвоны колер. Падышоўшы бліжэй, разгледзеў, што гэта была пажарная машына. Паводле правілаў бяспекі, на падобных вучэннях у абавязковым парадку павінна быць такая тэхніка. Неаднаразова даводзіцца тушыць узгаранні травы, лесу, тарфянікаў пасля пападання снарадаў, мін, трасіруючых куляў, разрываў фугасаў. На апошніх вучэннях дзяжурылі пажарны Анатоль Савянкоў, вадзіцель Ігар Пыхцін, камандзір разліку прапаршчык Дзмітрый Шарстук. Дарэчы, у размове высветлілася, што Ігар — родам з лепельскага Заазер’я, такім чынам, служыць на малой Радзіме. Забягаючы далей, скажам, што вучэнні прайшлі без інцыдэнтаў, ваенныя пажарныя павезлі ў часць сухія рукавы.
…Вечар перад пачаткам актыўнай фазы. Спакой, цішыня, але нейкія напружаныя. Яна ўзмацняецца выглядам вайскоўцаў са зброяй. Вось мы зайшлі ў сталовую, за суседнім столікам вячэраюць двое афіцэраў, падпалкоўнікі Руслан Кіркіж і Сяргей Пятроўскі, абое пры аўтаматах. Мужчыны нават не здымалі іх. З аднаго боку, у гэтым убачыў адказнае стаўленне да даручанай справы і зброі, з другога — складвалася ўражанне, што зброя да іх нібы прырасла, стала неад’емнай часткай.
У вячэрнім меню былі сытная грэцкая каша, рыбныя кансервы і сала, запівалі гэта чаем ды сокам. Ежу раздавалі яфрэйтар кантрактнай службы Антон Ляўковіч і служачая Аксана Канавал. Як бачым, на вучэнні выпраўляецца ўвесь асабовы састаў без выключэнняў.
* * *
254На завяршэнне дня прайшлі па пазіцыях. Механізаваны батальён схаваўся і замаскіраваўся так, што адразу знайсці яго было праблемнай справай. Баявыя машыны пяхоты, танкі стаіліся ў капанірах, прыкрытыя галлём, мохам, купінамі травы, каб варожы назіральнік не змог іх выявіць.
Ля БМП прыселі двое прыяцеляў — старшы радыётэлефаніст Міхаіл Дзяруга і камандзір баявой машыны Аляксандр Самарын. Нібыта не ідуць вучэнні, не адчуваецца напруга апошніх дзён. Хлопцы проста гутараць, расказваюць адзін адному байкі з цывільнага, даармейскага жыцця, а таксама дзеляцца планамі на жыццё пасля дэмбелю. Міхаіл паедзе дадому ў Мінск, а Аляксандр — у Наваполацк.
— Хаця хто яго ведае, — кажа, — калі знайду больш перспектыўны варыянт у сталіцы, завітаю да цябе ў госці, а можа нават і суседзямі будзем.
Далей за мотастралкамі свае пазіцыі абсталявалі танкісты. Пасля дзённых клопатаў і спёкі сталёвыя машыны пакрыху астывалі, аддаючы сваё цяпло зямлі. Дзе-нідзе на брані з’явіліся кропелькі расы, зайгралі ў апошніх промнях вечаровага сонца.
Назаўтра, яшчэ не было і шасці гадзін раніцы, з першымі промнямі лес зноў запоўніўся гулам. Па камандзе машыны рванулі са сваіх месцаў, калона рушыла на баявыя пазіцыі, падраздзяленні батальёна займалі пануючыя вышыні, рыхтуючыся адбіваць напады верагоднага праціўніка і ў сваю чаргу контратакаваць яго.
* * *
Раптам паступае паведамленне, што верагодны праціўнік памяняў першапачатковыя планы, робіць нечаканы манеўр. Камандзір брыгады падпалкоўнік Андрэй Жук хутка прымае рашэнне, аддае загад аб змене пазіцыі на больш выгадную, каб вывесці з-пад удара людзей і нанесці паражэнне ворагу.
У гутарках з афіцэрамі спытаў іх думку пра тэхнічныя навінкі: мадэрнізаваныя танкавыя прыцэлы і комплексныя прыборы сувязі. Яны распавядалі, што новае абсталяванне дазваляе значна павялічыць эфектыўнасць агню з танкаў. У прыватнасці, існуючыя прыборы дазваляюць весці прыцэльны агонь на адлегласці да сямі — васьмі тысяч метраў, а новыя прыборы — да дзесяці. Пры гэтым можна паражаць цэлі, якія не знаходзяцца ў прамой бачнасці. Скажам, наш танк стаіць на агнявой пазіцыі, а вораг — за пагоркам, у даліне. Яго не відаць. Танк падымае гармату і робіць выстрал, снарад ляціць па высокай траекторыі, пералятае пагорак і трапляе ў цэль. Паступова падобным і іншым навейшым абсталяваннем будзе аснашчана большая частка баявой тэхнікі Узброеных сіл Беларусі.
Васіль
МАТЫРКА.
На здымках: эпізоды вучэнняў.
Фота аўтара.

Один комментарий для “Заслонаўскі гарнізон

  • 09.07.2015 в 10:15 дп
    Permalink

    Гордость берёт за наши Вооруженные Силы! Воистину чудо-богатыри из Заслоново!

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>