Імпульс футбольнай энергіі

298“Тебе судьбу мою вершить, тебе одной меня судить, команда молодости нашей…” Гэта пра іх — Руслана Міхаля, Сашку Герцыка, Жэньку Бірукова, Дзімку Стаіна ды іншых. І, вядома ж, пра Пашку Насаўца — іх капітана… Капітана зборнай каманды Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя па футболе.
Разам яны другі год. І хоць, як самі прызнаюцца, неаднойчы “перасякаліся” на матчах, аднак знаёмымі пераважна не былі. Знаходзіліся “на процілеглых баках барыкад” — ігралі ў розных камандах, кожны за сваю школу, сустракаліся на футбольных баталіях раённага маштабу, гартавалі-спялілі ў сабе лепшыя спартыўныя якасці, каб разам сабрацца ў Лепелі ў зборную, якая не любіць і не ўмее прайграваць. А хіба не так?
Вось ужо каторы год у маі ліцэй прымае спартсменаў. Стала добрай традыцыяй праводзіць турнір па міні-футболе на прыз дзяржпрафліцэя. Вось і сёлета сабраліся пяць футбольных каманд. Прыехалі падлеткі з СШ №1, гімназіі, Заслонаўскай школы і аграрна-тэхнічнага каледжа. Тут трэба заўважыць, што ў іншыя гады каманд збіралася болей. Аднак гаспадары турніру ўпарта не хочуць аддаваць Кубак першынства камусьці іншаму, прынамсі, тры апошнія гады запар перамагаюць. Вось і сёлета капітан Пашка Насавец урачыста трымаў над галавою кубак турніру. Такія вось яны — упартыя, акрыленыя футболам, мэтаскіраваныя. Перамогу нікому не аддаюць.
На турніры назвалі лепшых. Павел Насавец прызнаны лепшым абаронцам. Варатаром і нападаючым — футбалісты з іншых каманд Раман Палонскі і Аляксандр Котаў.
А потым елі “салодкія прызы” — тарты, заваяваныя ў чэсных спартыўных змаганнях на маленькім футбольным полі. Хлеб, зароблены ўласным потам, заўсёды смачны…
Мы доўга гутарылі. Я хацеў бліжэй пазнаёміцца з кожным, каб зразумець натуру, характар гэтых апантаных футболам хлопцаў з ліцэя, зразумець псіхалогію перамогі. Аднак яны нічым, здавалася, не былі адметнымі. Звычайныя шаснаццаці- і сямнаццацігадовыя падлеткі, большасцю з вёсак, некаторыя з аграгарадкоў. На іх маленькай радзіме, дзе прайшло дзяцінства, часцей пазачыняліся школы, параслі травою забыцця школьныя стадыёны. І справа нават не ў забыцці, а ў тым, што моладзі ў вёсках небагата, не засталося каму па тых стадыёнах мяч ганяць. Аднак як толькі збіраецца хоць сабе і невялікая каманда, асабліва ўлетку, калі ў вёску прыязджаюць “гарадскія ўнукі”, дзеці зноў адваёўваюць сабе ў травы хоць невялікую футбольную пляцоўку і — пагналі…
Кола іх захапленняў даволі шырокае і разнастайнае. Пашка займаецца футболам вось ужо гадоў шэсць. Яму прасцей: ён гарадскі, ходзіць на секцыю ў спартыўную школу. Жэнька з Дзімам, акрамя ўсяго, яшчэ і рыбакі. Пасядзець на беразе возера з вудачкай, а то і са спінінгам — святая справа! У Жэнькі ёсць і іншае спартыўнае захапленне, хлопец рослы, спрытна гуляе ў валейбол. Нечаканы неспартыўны талент праявіўся ў Сашы Герцыка. Ён займаецца разьбой па дрэве, нават гурток наведваў, калі вучыўся ў школе, і яго работы траплялі на раённыя выставы. А яго цёзка Саша Міхаль нейкі час нават вучыўся ў школе алімпійскага рэзерву. Праўда, пасля абставіны склаліся так, што давялося пакінуць. Спартыўную школу пакінуў, а са спортам не развітаўся.
Звычайныя падлеткі, якіх аб’яднаў футбол. Скажу больш, спорт, прынамсі, у ліцэі, дзе ён на пачэсным куце, з’яўляецца фактарам выхаваўчым. Вось гэтыя пацаны, выхадцы з аддаленых неперспектыўных вёсачак, сабраўшыся разам на футбольным полі навучальнай установы, куды яны прыехалі атрымаць працоўныя прафесіі, у дадатак атрымалі імпульс жыццёвай энергіі. Менавіта ў ліцэі яны паверылі ў свае сілы, апярыліся і “сталі на крыло”. А гэта так важна на парозе дарослага жыцця, у якое яны неўзабаве акунуцца.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: футбольная каманда дзяржпрафліцэя.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>