Дружыны санітарныя на старце

IMG_6789Чатыры прадпрыемствы Лепельшчыны па штаце маюць санітарныя дружыны. У першую чаргу гэта ААТ “Лепельскі МКК”, што лагічна, вялікія вытворчыя магутнасці, выкарыстанне агрэсіўных рэчываў, у першую чаргу аміяку, патрабуе наяўнасці такой структуры. У абавязковым парадку сандружыны арганізаваны ў камунальных прадпрыемствах “Лепель” і “Бароўка”, а таксама ў ДЛГУ “Лепельскі лясгас”.
Раз на год, традыцыйна ў пачатку лета, праводзіцца злёт санітарных дружын. Сёлета, на жаль, з-за вытворчай загружанасці на злёце адсутнічалі каманды КУВП ЖКГ “Лепель” і лясгаса.
У вызначаны час дружыны прыбылі на месца спаборніцтваў — на тэрыторыю былога ваеннага шпіталя. Цёплай адбылася сустрэча старых знаёмых. Удзельнікі каманд выступаюць таксама на турыстычных злётах, іншых мерапрыемствах, таму даўно ўжо знаёмыя, нават сябруюць. Хаця, як пасля сказалі арганізатары, каманды абнавіліся працэнтаў на 30 — 40.
IMG_6795У праграме былі спаборніцтвы на веданне і ўменне карыстацца аснашчэннем, правільнасць і хуткасць дзеянняў у ачагах камбінаванага паражэння, асобна ацэньвалася ўменне камандзіраў дзейнічаць у складанай, экстрэмальнай абстаноўцы. Першымі да практыкаванняў прыступалі прадстаўнікі каманды МКК. Яны выгадна адрозніваліся ад сапернікаў нават па знешнім выглядзе: новыя камбінаваныя касцюмы, эмблемы прадпрыемства. Аднак аўтара пры першай сустрэчы занепакоіў абутак — гумавыя боты.
— Ці не сапрэюць у іх ногі ў такую спёку? — пытаюся ў камандзіра.
— А калі хімічнае заражэнне, разліў небяспечных едкіх рэчываў? — парыраваў той. — Таму стараемся прадугледзець і быць гатовымі да любой пазаштатнай сітуацыі. Хаця, вядома, і нязручна.
На МКК галоўную патэнцыйную пагрозу нясе аміяк. І хаця за апошнія гады, пасля мадэрнізацыі вытворчага абсталявання, аб’ёмы яго зменшыліся ў разы, працаўнікі не губляюць пільнасць. Набыта патрэбнае абсталяванне, напрыклад, складныя санітарныя насілкі. У паходным стане яны займаюць мала месца, затое пры патрэбе можна разгарнуць і вынесці пацярпелага з зоны паражэння. Належным чынам былі ўкамплектаваны паходныя аптэчкі і сумкі, акрамя бінтоў і жгутоў у наяўнасці былі медыцынскія прэпараты, неабходныя пры аказанні экстранай медыцынскай дапамогі.
IMG_6801Каманда КУВП “Бароўка” не мае такой вузкай спецыялізацыі, як сапернікі, выконвае самыя розныя задачы шырокага профілю: ад разбору завалаў да дзеянняў ва ўмовах тэхнагенных аварый. Іх задача — аказаць першую дапамогу пацярпелым на месцы здарэння да прыбыцця выратавальнікаў, медыкаў. Для гэтага яны таксама забяспечаны неабходнымі інструментамі і абсталяваннем, хаця і не такім дасканалым, як у сапернікаў.
З першых жа этапаў сандружына МКК узяла добры тэмп, заняла лідзіруючыя пазіцыі. Усе заданні выконваліся з мінімальнымі штрафнымі баламі. Асабліва ўдала працавала каманда на заданні вынясення параненага з ачага паражэння. Пакуль дзяўчаты накладвалі павязкі ўмоўна параненаму таварышу на галаву і нагу, хлопцы шынай зафіксавалі пералом. Потым “пацярпелага” паклалі на насілкі і вынеслі з ачага паражэння да транспарту, які і павінен даставіць яго ў медыцынскую ўстанову.
IMG_6807Спаборніцтвы завяршыліся ў другой палове дня. Удзельнікі разыходзіліся стомленыя, але задаволеныя. Ва ўсіх конкурсных заданнях перамагалі работнікі МКК. З аднаго боку, яно і не дзіўна, малакаперапрацоўшчыкі добра падрыхтаваліся, маюць добрыя традыцыі, з году ў год перамагаюць на раённых этапах, а на абласных, як правіла, уваходзяць у пяцёрку мацнейшых.
Завяршэнне спаборніцтваў папрасілі пракаменціраваць інспектара групы прапаганды і навучання РАНС Аляксандра Садоўскага:
— Усе ўдзельнікі прадэманстравалі добрае веданне справы, гатоўнасць прыйсці на дапамогу. У любым выпадку яны атрымалі навык, і ў экстрэмальнай сітуацыі не разгубяцца, а будуць дзейнічаць, пастараюцца дапамагчы пацярпелым. Аднак спадзяюся, што ўсё ж ім гэтыя веды ў далейшым не спатрэбяцца.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: эпізоды вучэнняў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>