Чыстая вада

На адрас рэдакцыі нярэдка паступаюць пытанні ад чытачоў, якія цікавяцца, калі ў раёне ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” з’явіцца чыстая вада. На гэту тэму пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам Шыдлоўскім.
— Аляксандр Аляксандравіч, забеспячэнне лепяльчан чыстай пітной вадой не страчвае сваёй актуальнасці. Што робіцца ў гэтым накірунку?
— Першапачаткова праграма “Чыстая вада” пачала ажыццяўляцца на аснове Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад дзясятага красавіка 2006 года №208. Першая частка рэгіянальнай праграмы была рэалізавана ў 2007 годзе шляхам будаўніцтва першай чаргі аб’екта “Водазабеспячэнне г. Лепеля”. Былі пабудаваны тры свідравіны, два рэзервуары па адной тысячы кубічных метраў вады, пабудаваны другі пад’ём і вадавод працягласцю 5,1 кіламетра. Аднак, як паказвае практыка, гэтага вадавода недастаткова. Горад дынамічна развіваецца, будуюцца новыя шматкватэрныя дамы. Зараз у Лепель паступае вада з дзвюх крыніц. Першая — станцыя водазабору, якая забяспечвае чыстай вадой большую частку горада і шэраг прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ “Лепельскі МКК”. За суткі спажываецца каля адной тысячы метраў кубічных вады з агульнага аб’ёму спажывання 2,3 тысячы. Другая крыніца знаходзіцца ў раёне ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”. Гэта мікрараён Бяленіца, вуліцы Шпітальная, Бярэзінская і іншыя, дзе вада па паказчыках утрымання жалеза пакуль не адпавядае патрабаванням СанПіН.
Выраблена праектная дакументацыя “Водазабеспячэнне г. Лепеля (карэкціроўка №2). Другая чарга будаўніцтва”. Сёлета павінна быць завершана будаўніцтва другой чаргі, дзе прадугледжана пракладка яшчэ адной галіны вадавода дыяметрам 250 міліметраў, урэзка — у раёне РДУП “Лепельскі электрамеханічны завод”. Будуць будавацца яшчэ адна артэзіянская свідравіна з помпавай станцыяй, пракладвацца вадавод ад вуліцы Савецкая (раён каапнарыхтпрама) праз раку Ула дыяметрам 155 міліметраў з урэзкай у раёне цэнтральнай раённай бальніцы цяперашняй сеткі водазабеспячэння. Прадугледжана аптымізацыя з уключэннем воданапорнай вежы ў раёне цэнтральнай раённай бальніцы, адключэннем другой воданапорнай вежы і дэмантажу ў раёне цагельнага завода. Воданапорная вежа ля аўтавакзала будзе дэманціравана таксама.
Многіх жыхароў горада цікавяць таксама работы ў раёне “Салдацкага моста”. У цяперашні час тут вядзецца адсыпка дзвюх пляцовак, якія з’яўляюцца часткай вадавода, што будуецца. Частка яго пройдзе пад возерам Проша і ракой Эса. На дзвюх пляцоўках будуць устаноўлены калодзежы з запорнай арматурай.
Кошт праекта складае больш за пятнаццаць мільярдаў рублёў, пяць з іх ужо выдзелены заказчыкам упраўленнем капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама на другі квартал бягучага года.
Спадзяюся, што пры належным фінансаванні і правядзенні патрэбнай колькасці работ Лепель будзе забяспечаны чыстай пітной вадой.
— Вялікі дзякуй, Аляксандр Аляксандравіч, за змястоўную гутарку.
Інтэрв’ю правяла
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>