Фоталетапіс роднага краю

У краязнаўчым музеі праходзіць выстава экспанатаў, якія паказваюць развіццё фотасправы на Лепельшчыне. Механічныя фотакамеры “Змена”, “Зоркі”, “Паляроід”, “Аматар”, “Зеніт”, “Вілія”, “Фотакар”, “Сілуэт-электра”, “Кіеў”… З большасцю іх даводзілася працаваць, выкарыстоўваць у быце. Тады яны здаваліся верхам дасканаласці. Цяпер жа гэтыя складаныя механічныя прыборы ўспрымаюцца ўсяго толькі рарытэтамі.

Настальгію выклікае рыштунак фотакабінета: чырвоныя ліхтары, кюветы для рэактываў, павелічальнікі, размерныя рамкі, праявачныя бачкі, аб’ектывы, святлафільтры, разакі, глянцавальнікі, касеты, экспанометры, ўспышкі.

На сценах — работы сучасных фотамайстроў. З раўнінных лепельскіх краявідаў у горныя масівы Чарнагорыі пераносяць здымкі Міхаіла Тарасава. Не пакідаюць раўнадушнымі сюжэты, партрэты, краявіды Аляксандра Астроўскага. Далей — стэнд Мікалая Другакова, прысвечаны 550-годдзю Лепеля, сабраныя разам здымкі ўрачыстасцяў, пасяджэнняў, народных гулянняў у 60 — 70-я гады, святкавання 25-годдзя Перамогі, 50-годдзя Кастрыч­ніцкай рэвалюцыі, адкрыцця помніка Леніну. Рамкі з фатаграфіямі рэвалюцыйных дзеячаў Лепельшчыны, лепяльчан, якія загінулі на вайне, новых прадпрыемстваў.

Завяршаюць насценную частку выставы ўсім знаёмыя рамкі з фотаздымкамі розных эпох, якімі ўпрыгожвалі вясковыя хаты. Там суседнічаюць здымкі дарэвалюцыйныя са зробленымі ў сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя.

Асобныя вітрыны і стэнды прысвечаны тутэйшым фоталетапісцам Міхаілу Кус­цінскаму, Рафаілу Фідэльману і Мікалаю Другакову.

Фатограф, археолаг, гісторык, калекцыянер Міхаіл Кусцінскі (1829 — 1905) нарадзіўся ў маёнтку Заві­дзічы. Скончыў Віленскі дваранскі інстытут, пецярбургскі ўніверсітэт. Член Маскоўскага археалагічнага таварыства. У 1850— 1890 гады вывучаў археалагічныя помнікі Віцебшчыны. Склаў яе археалагічную карту для Пецярбургскай акадэміі навук, табліцу курганоў і гара­дзішчаў кожнага павета. Упершыню ў Беларусі пачаў фатаграфаваць працэс раскопак, складаць фотатэку помнікаў даўніны. Удзельнік Усерасійскай этнаграфічнай выставы 1867 года. Вывучаў Барысавы камяні. Аўтар нарыса “Лепельскі павет Віцебскай губерні”, “Успамінаў” (захоў­ваюцца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы). Стварыў у маёнтку Завідзічы музей. Ганаровы суддзя Лепельскага павета, папячыцель Лепельскай павятовай бальніцы. На выставе выстаўлены здымкі М. Кусцінскага, пачынаючы з 1867 года.

Фатограф Рафаіл Фідэльман у 1900 — 1920 гады меў у Лепелі фатаграфію (прататып сучаснага фотаатэлье). Выдаў паштовыя карткі з выглядам Лепельшчыны, якія экспануюцца на выставе. Дапамагаў умацаванню савецкай улады на Лепельшчыне, аб чым сведчыць Пасведчанне, выдадзенае Лепельскім выканкамам “…тав. Фідэльману Рафаілу ў тым, што ён камандзіруецца ў Гутаўскую воласць для правядзення агульнаграмадзянскага падатку. Просьба ўсім цывільным і ваенным арганізацыям аказваць усялякае са­дзейнічанне тав. Фідэльману пры выкананні ўскла­дзеных на яго абавязкаў, што подпісамі з прыкладаннем пячаткі пацвярджаецца. Загадчыку воласаддзела працы даваць тав. Фідэльману падводы для службовых пераездаў. Загадчык аддзела кіравання Лепельскага выканкама. Уаддзела працы. Справавод. Мая 12 дня 1921 г. №1131”.

Фатограф Мікалай Другакоў (1945 — 2006) працаваў выкладчыкам прафтэхвучылішча, настаўнікам фізікі ў СШ №3, выкладчыкам аграрна-тэхнічнага каледжа. Сумяшчаў працу з пасадамі фатографа і мастака ў краязнаўчым музеі. Аўтар большасці фотаздымкаў перыяду 1987 — 2000 гадоў. Выканаў фотаздымкі для кнігі “Памяць. Лепельскі раён”. Быў няштатным фотакарэспандэнтам газеты “Лепельскі край”.

Экспанаты на выставу паступілі з фондаў музея, ад жыхароў горада і раёна, аўтараў фотаработ. Навуковыя супрацоўнікі звяртаюцца да насельніцтва з просьбай ахвяраваць музею непатрэбныя ў гаспадарцы фотаматэрыялы.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

На здымку: галоўны захавальнік фондаў Таццяна Шлег паказвае прынцып дзеяння фотаапарата “Фотакар-1”.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>