Дзе ў Матырынскай школе, што на Лепельшчыне, грошы растуць?

photos0-800x600 У Матырынскай сярэдняй школе пазабюджэтныя грошы не сталі зарабляць модным зараз шляхам платнага дадатковага навучання. Чатырнаццаць факультатываў і тры аб’яднанні па інтарэсах тут выкладаюць на бясплатнай аснове.

— Навошта браць грошы, — кажа дырэктар школы Надзея Галай, — калі нам дастаткова абавязковага школьнага кампанента.

У Матырыне вучыцца трыццаць сем дзяцей і сямёра ходзяць у дашкольную групу. Прама скажам, не густа, асабліва калі зірнеш на прасторныя школьныя плошчы тыповага будынка. Аднак з усяго можна мець выгаду. Вось і матырынцы выкарыстоўваюць школьную прастору разумна і рацыянальна. Штогод прымаюць у сябе дзяцей на аздараўленне і, што хаваць, некаторыя свае бытавыя праблемы вырашаюць у рэчышчы падрыхтоўкі да сезона адпачынку. Безумоўна, за “летнікавыя грошы” ўсіх дзірак не залапіш, школа вялікая, і трэба яе ўвесь час “трымаць у тонусе”. Як? Здорава дапамагае мясцовая гаспадарка. Надзея Іванаўна ўдзячна кіраўніцтву КУПСГ “Баброва”, якое з разуменнем ставіцца да школьных патрэб. Штогод гаспадарка выдзяляе збожжа, прадаўшы якое, школа можа сёе-тое набыць. Купілі цацкі ў дашкольную групу, спартыўны модуль, развіццёвы цэнтр, дзве шафы, матэрыю на гардзіны, камплект мэблі (пяць парт) у пачатковыя класы. Паставілі новыя дзверы на запасны выхад.

Вядома, аднымі спонсарскімі сродкамі тут не абышлося. Паступаюць у школьны пазабюджэтны кашалёк грошы, якія плацяць бацькі за карыстанне дзіцячым садам. Сёе-тое “капае” з гаспадарчай дзейнасці на школьных сотках. На дзесяці сотках школьнага агарода вырошчваюць усю гародніну: буракі, моркву, капусту, фасолю – усё, акрамя бульбы. Штовесну разбіваюць на школьным двары невялічкую цяплічку, каб мець сваю расаду кветак і капусты. Праўда, шчыруюць на школьным агародзе ў асноўным не з камерцыйнай мэтай, а для патрэб сталовай. Трэба ж, каб на школьным стале была свежанькая свая агародніна. Ну а лішкі расады бывае, што і рэалізуюць. Ахвотна бяруць гарадскія дзіцячыя сады – шосты, восьмы, чацвёрты, часам набывае мясцовае насельніцтва. Неяк аднаму з дзіцячых садоў прадалі расады аж на мільён рублёў.

У выніку пазабюджэтнай дзейнасці зарабілі шаснаццаць мільёнаў рублёў – гэта леташняя статыстыка, сёлетнія лічбы пакуль яшчэ ўдакладняюцца, аднак, па ўсім відаць, сёлетні паказчык будзе не меншым.

Закончыўся навучальны год. На ўрачыстай лінейцы з нагоды апошняга званка мясцовая гаспадарка ўручыла лепшым вучням школы – такіх набралася сем чалавек  – стыпендыі памерам у адну базавую велічыню. Здавалася б, грошы невялікія – па сто восемдзесят тысяч рублёў атрымаў кожны, – аднак дзецям была радасць, ды і стымул таксама. Прыемна, што ўручэнне падобных стыпендый стала ўжо добрай традыцыяй, якая працягваецца гадоў шэсць, не меней. Таксама знак добрых дачыненняў школы і сельгаспрадпрыемства.

Закончыўся навучальны год, але не закончыліся педагагічныя клопаты. Неўзабаве, у сярэдзіне ліпеня, на два тыдні расчыніць дзверы аздараўленчы летнік. Мяркуюць прыняць не меней як сто дзесяць чалавек. Падрыхтоўка матэрыяльнай базы пачалася ўжо. Выдзелена на летнік пяцьдзясят мільёнаў рублёў. Закупляюць фарбу, пасцельную бялізну, посуд для сталовай, зробяць касметычны рамонт у памяшканнях, дзе размесціцца летнік, адрамантуюць тэхналагічнае абсталяванне. Ёсць магчымасць паставіць яшчэ два шклопакеты на вокны. Чатыры акны заменены ўжо. Таксама заменена і асвятленне па ўсёй школе, апрача спартыўнай залы. На гэтыя мэты з дзяржбюджэту атрымалі восемдзесят мільёнаў рублёў.

Праблемы Матырынскай школы ляжаць не ў плоскасці матэрыяльнай. Яны звязаны з дэмаграфіяй. Сёлета тут няма адзінаццатага класа. У верасні ў дзясяты прыйдзе шэсць чалавек, у адзінаццаты — чатыры. А гады праз два, хутчэй за ўсё, стануць базавай. Вёска абмялела, у горад падаліся шматдзетныя сем’і, атрымаўшы там жыллё.

Уладзімір МІХНО.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>