Сімвал вясны і Радзімы

236 Раней было непрыстойна з’яўляцца на людзях непадперазаным. Гэта было адзнакай кепскага выхавання. Пра такога чалавека нават казалі: “Татарын ты беспаясны!” У першую палову мінулага стагоддзя самаробныя паясы насілі і старыя і малыя. Яму надавалі і сакральнае значэнне. Пояс выступаў моцным абярэгам. Пры нараджэнні дзіцяці яму дарылі “спавівач” чырвонага колеру. Падчас шлюбу малады развязваў дзявочы паясок і абвязваў яе сямейным. На жаль, з цягам часу пра паяскі забыліся. Аднак мода на такую прыгажосць вяртаецца.

У “Скарбонцы” прайшоў раённы конкурс ткацкага майстэрства “Матчыны кросны”. Прынялі ўдзел восем дзяўчат са Стай і Старога Лядна. Невыпадкова ў суседняй зале віншавалі з юбілеем Народнага майстра Беларусі Наталлю Петухову, якая стаяла ля вытокаў адраджэння ткацтва на Лепельшчыне. На працягу трох дзён майстрыхі дэманстравалі сваю падрыхтоўку. Падышоў да ўдзельніц фэсту. Нешта дзіўнае рабіла адна з дзяўчынак. Як аказалася, яна віла пояс. Тэхніка не дужа складаная. Дзве вяровачкі складзены ў некалькі стоcаў. Адзін чалавек круціць у адзін бок, а другі чалавек — у іншы.

У намінацыі “Ткацтва пояса на дошчачках” першае месца заваявала васьмігадовая Ульяна Камека, другое падзялілі Алеся Залатуха і Аліна Янушэўская.

“Ткацтва пояса на бер­дзечку” (спецыяльная прылада для ткацтва). У гэтай намінацыі не было роўных Лізавеце Грышчук. Валерыя Быкава была другая.

Лада Міс­нік, лаўрэат міжнароднага конкурсу “Палатняныя пераплёты”, зноў прадэманстравала высокі клас, падзялі­ла першае месца з Дарынай Пашкевіч у намінацыі “Ткацтва на кроснах”. Другое прысуджана Алене Пугач.

237— Вызначаць лідараў было вельмі цяжка, —дзеліцца Алена Бара­дзейка, дырэктар раённага Цэнтра рамёстваў. У кагосьці больш складаная тэхніка, нехта зрабіў больш якасна, тэхніка прасцей.

Для такой працы неабходна ўдумлівасць, цярпенне, уседлівасць. Гэта як гульня ў шахматы. Трэба пралічыць і прадбачыць сітуацыю на шмат сцяжкоў наперад. Штосьці пайшло не так — усё робіш зноў, нават калі “гуляе” невялічкая нітачка і твой шэдэўр амаль гатовы.

…“Папараць-кветка” дапамагае ў выкананні мар і жаданняў, “Калаўрот”— сімвал перамогі Ярылы-сонца над цемрай, “ромб”— сімвал хлеба і вясны. Цікава чытаць карункі на паясках і пазнаваць нашу Радзіму ва ўсёй яе велічнай прыгажосці.

Яўген МУДРЫ.

 На здымках: у час конкурсу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>