Ад Пушкіна да арыгамі

У раённай бібліятэцы прайшла інфармацыйна-забаўляльная гадзіна клуба пажылога чалавека “Добрыя сустрэчы” пад назвай “Літаратурная кухня”. Першая частка мерапрыемства грунтавалася на творах класікаў, якія тычыліся ежы. Гучалі адпаведныя вершы, гісторыі, замалёўкі. Прысутныя і не здагадвалі­ся, што сусветна вядомы рускі класік Аляксандр Пушкін быў пачынальнікам прыхаванай рэкламы ў Расіі.

Сваім вершаваным творам “Пасланне Сабалеўскаму” ён вольна ці выпадкова разрэкламаваў “пажарскія” катлеты карчмара Пажарскага. Няма таго чалавека, які б віртуальна не смакаваў слёзныя “Пяць лыжак заціркі” з апавядання беларускага класіка Змітрака Бядулі”. А да чаго смачная была яешня ў паэме “Васіль Цёркін” савецкага пісьменніка Аляксандра Твардоўскага!

Другая частка інфармацыйна-забаўляльнай гадзіны прысвячалася незвычайнай творчасці прадаўшчыцы магазіна вёскі Ворань Наталлі Дзёмкі. Жанчына свой вольны час прысвячае складванню арыгамі. Гэта старадаўні від мастацтва фігурак з паперы, які нарадзіўся ў Японіі і Кітаі. Тэхніка складвання арыгамі заключаецца ў замацаванні невялікіх цвёрдых аркушаў паперы адзін у другім, у выніку чаго ўтвараюцца модулі, з якіх збіраюцца пэўныя фігуры. Ніякія крапежныя матэрыялы не прымяняюцца. Сіла пругкасці, што ўтвараецца пры мацаванні паперак і модуляў, не дае канструкцыі рассыпацца. Апошнім часам стала модным на тэлевізарах выстаўляць фігуры птушак, у асноўным лебедзяў, сабраных з сотняў паперак. Гэта і ёсць арыгамі.

Наталлю мастацтву арыгамі навучыла маці Валянціна Дзёмка, якая ў 60-гадовым узросце лячылася ў абласной бальніцы. Суседкай па палаце аказалася майстар па арыгамі. Яна і навучыла лепяльчанку мастацтву кусудамі — модульнаму арыгамі. Пасля лячэння Валянціна Якаўлеўна захапіла незвычайным заняткам дачку і ўнучку. Цяпер дом Дзёмкаў поўніцца разнастайным канструкцыямі з паперы.

Наталля Дзёмка правяла майстар-клас у клубе “Добрыя сустрэчы”. Магчыма, незвычайным мастацтвам зацікавяцца іншыя. Дарэчы, аўтар гэтых радкоў ведае незнаёмых паміж сабой дзвюх жанчыны (у Лепелі і Вялікім Поўсвіжы), якія займаюцца кусудамай. Значыць, арыгамі жыве, развіваецца. Дарэчы, мастацтва складання канструкцый з паперы хутка распаўсюджваецца па ўсім свеце. Апрача кусудамі, існуюць і іншыя віды арыгамі — класічнае, простае, кірыгамі…

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>