На Лепельшчыне будуецца двухпавярховы дом, які змесціцца на зэдліку.

11 мая 001 «Что нам стоит дом построить? Нарисуем – будем жить!» Ведаеце, пра каго гэтае знаёмае кожнаму яшчэ з дзяцінства выслоўе? Няйначай пра горскіх педагогаў дашкольнага выхавання… Куды я трапіў? На выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі, альбо ў творчую майстэрню народных умельцаў, альбо ў кафетэрый?.. Не, ну гэта трэба бачыць: стаіць двухпавярховы дом, недабудаваны, бо няма пярэдняй сценкі, і таму добра бачна, як усярэдзіне новабудоўлі шчыруюць спецыялісты. Хто з малатком, хто з кельмай – кладку робяць, паркет укладваюць, сантэхніку ўсталёўваюць. У спецвопратцы, у касках – усё як належыць… Альбо вось яшчэ – спакушае цябе торт, салодкі, прыгожы, крэмавыя ружы так і ўсміхаюцца, так і просяцца ў рот. А побач – апетытныя апельсіны, лімоны, грушы – свята для любога гурмана. Магчыма, падумаў бы, што трапіў у казку, калі б дом не будаваўся на зэдлічку, а торт не спакушаў… сукном ды вацінаю.

Я не ў казцы, а ў звычайным сельскім дзіцячым саду аграгарадка Горкі. Зрэшты, ці звычайным?

Безграшоўе. Падладзіць бы памяшканні, навесці парадак у дворыку, купіць штосьці істотнае, а наглядныя дапаможнікі – дробязь. Ці дачакаешся іх, ці дакупішся? Дробязь, без якой, аднак, не абыдзешся. Калектыў Горскага дзіцячага сада вырашыў гэткай «дробязі» нарабіць сваімі рукамі, рэчы атрымаліся ніяк не горшыя, а, можа, і лепшыя, чым купленыя. Зірніце, які спрытны куфэрак выйшаў у Алены Вярэнік, не кажучы пра дом на зэдліку аўтарства «дзіцячага архітэктара» Галіны Дзятко. Захапіўшыся, выхавальнікі нарабілі столькі наглядных экспанатаў, што іх хопіць на некалькі гадоў.

11 мая 004У саду адзінаццаць педагогаў. Працуюць чатыры дзіцячыя групы, дзве з якіх звычайныя рознаўзроставыя, а дзве спецыфічныя. Тут адкрыты групы ясельнага ўзросту і для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Акрамя горскіх, садок наведвае малеча з навакольных вёсак – Бораўна, Зорніцы, Чэрцаў, Іканак, Межыцы, а таксама Заслонава, для якіх арганізаваны падвоз на школьным аўтобусе.

Матэрыяльная база выглядае даволі прывабна. Гадоў шэсць таму, за будаўніцтвам аграгарадка, памянялі вокны і дзверы. Памяшканняў хапае, светла, чыста, па-хатняму ўтульна, хіба што дворык яшчэ вымагае ўкладанняў. Каардынальна памяняць яго архітэктуру – зрабіць новыя пясочніцы, арэлі, горкі і г.д. – мараць педагогі. Праект яны ўжо, вядома, намалявалі, засталося толькі знайсці добрага дзядзьку-спонсара, які б гэта ўсё ўвасобіў у сапраўднасці. Вельмі спадзяюцца на новае кіраўніцтва «Аграсэрвіса».

11 мая 008Матэрыяльная база дазволіла горскаму саду павялічыць выхаваўчыя габарыты, пашырыць профіль і стаць на ўзроўні гарадскіх дашкольных устаноў. Тут першымі ў раёне перайшлі да варыянту «электроннага меню», што значна спрасціла «кухонную бухгалтэрыю». Увогуле, электронныя сродкі інфармацыі і камунікацыі арганічна ўпляліся ў вучэбна-выхаваўчы працэс, якога зараз без іх тут ужо і не ўяўляюць. Нездарма нядаўняе метадычнае аб’яднанне кіраўнікоў дашкольных устаноў раёна праходзіла менавіта ў Горках і мела назву «Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у дашкольных установах». Дэфектолаг Таццяна Наталевіч зрабіла прэзентацыю «Як мышка ператварылася ў мішку». Падзяліліся майстэрствам і іншыя педагогі, трое з якіх – Людміла Зюзюн, Алена Вярэнік і Ала Цімашонак — нядаўна атрымалі сертыфікат карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе.

Выхавальнікі самі падбіраюць патрэбныя матэрыялы, ствараюць прэзентацыі на розныя тэмы: напрыклад, рост раслін, рух планет і г.д. Бацькоўскія сходы праходзяць з выкарыстаннем відэаматэрыялаў. Працуе сайт дзіцячага сада, дзе бацькі могуць атрымаць падрабязную інфармацыю пра садаўскае жыццё свайго дзіцяці. На сайце выкладаюць прэзентацыі для бацькоў. Праходзяць майстар-класы, семінары. Скажам педагог раённага ЦДМ Ала Чуро наладзіла майстар-клас «Дэкупаж», распавёўшы, як робяцца шкатулкі, вазачкі, раздзелачныя дошкі і г.д. Маляўніча аформлена візітка кожнай групы.

11 мая 009А яшчэ ў Горках працуе… выдавецтва. Сумняваецеся? Пазнаёмцеся з выданнямі мясцовай паэтэсы Соф’і Несцярук, якая плённа супрацоўнічае з дзіцячым садком. Дзве маляўнічыя кніжкі: «У свеце дзяцінства» і «Дарю вам три минуты тишины», выдадзеныя няхай сабе і адзінкавым тыражом, аднак у бліскучым паліграфічным выкананні. Бліскучым – у літаральным сэнсе. Сапраўдныя дзіцячыя выданні, глянцавыя, прыгожыя, шырока калярова ілюстраваныя, у добрым пераплёце. Прыемна патрымаць у руках, дзіва што спадабаюцца дзецям. І пачытаць карысна. Пастаралася «выдавец» Ала Цімашонак, яна ж намеснік загадчыцы, апантаны чалавек, руплівіца. Шмат намаганняў прыклала, багата фантазіі, каб садок штодня прыгажэў. Стварыла этнаграфічны беларускі куточак «Спадчына», дзе сабраны экспанаты, якія распавядаюць пра быт, традыцыі і звычаі беларускага сялянства.

А ўзначальвае дзіцячы садок у Горках Людміла Зюзюн, чыімі намаганнямі дашкольная ўстанова ў аграгарадку запрацавала ў новым фармаце і заняла пачэснае месца ў шэрагу іншых.

Уладзімір МІХНО.

На здымках: наглядныя дапаможнікі зрабілі самі выхавальнікі; дзяжурныя па сталовай; адпачынак на вуліцы; за абедам.

 Фота аўтара.

11 мая 023

11 мая 021

11 мая 020

11 мая 019

 

 

11 мая 013

11 мая 012

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>