Ніхто не забыты, нішто не забыта!

IMG_1883 Светлы Дзень Перамогі… Колькі б ні прайшло часу, але кожны год гэта свята па-асабліваму хвалюе сэрца. На некаторы момант мы вяртаемся на некалькі дзясяткаў год назад і ўяўляем, з якой мужнасцю і адвагай нашы бацькі і дзяды ішлі на барацьбу з ворагам, з якой надзеяй матулі, сёстры і каханыя чакалі чарговую вестачку з фронту, як захоўвалі гэтыя пісьмы. Мы зноў адчуваем нясцерпны боль родных і блізкіх салдат, калі да іх прыходзіла пахаванка. Мінаюць дзесяцігоддзі… Бясстрашныя подзвігі байцоў, іх адвага і гераізм сталі слаўнымі старонкамі гісторыі нашай краіны, а святая памяць аб далёкіх падзеях вайны заўсёды будзе жыць у памяці народа.
Святкаванне 70-й гадавіны Вялікай Перамогі стала яркай падзеяй для нашага раёна, што аб’яднала прадстаўнікоў усіх пакаленняў — дарагіх ветэранаў, пажылых, дзяцей і моладзь, якім падорана магчымасць жыць, вучыцца і працаваць на мірнай зямлі.
Па традыцыі свята пачалося з урачыстага IMG_1876ўскладання вянкоў да месцаў пахавання загінулых у гады вайны. Перад пачаткам святочнага мітынгу ад райваенкамата па вуліцах Калініна, Максіма Горкага да плошчы Свабоды прайшло ўрачыстае шэсце ветэранаў вайны і прадстаўнікоў мясцовай улады.
Плошча ў гэты дзень літаральна расквітнела на вачах. Дзеці з рознакаляровымі шарамі і кветкамі, іх бацькі і настаўнікі, прадстаўнікі працоўных калектываў, юныя артысты, салдаты, афіцэры Заслонаўскага ваеннага гарнізона — усе сабраліся на тэатралізаваны мітынг “Вялікай Перамогі нязгаснае святло”.
Ганаровае месца перад трыбунай занялі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Пакідаюць жыццё былыя франтавікі, з кожным годам усё менш і менш застаецца сведкаў вогненнага ліхалецця. У адрас дарагіх ветэранаў не сціхалі шчырыя словы ўдзячнасці і цёплыя віншаванні. Пранікнёнымі вершаванымі радкамі прывіталі гасцей вядучыя мітынгу Таццяна Грыдзюшка і Юрый Белянкоў. Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь. Найлепшыя пажаданні ветэранам і ўсім гасцям выказаў старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Яфрэмаў:
— Нам, сучаснікам, нават складана ўявіць радасць, захапленне і шчасце, якія прынесла першая мірная вясна. IMG_1879Аднак праз шмат год мы можам ацаніць вялікі гістарычны сэнс гэтай падзеі. Дзесяцігоддзі міру, свабоды, незалежнасці Беларусі і многіх народаў — усё гэта было аплачана кроўю нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, мільёнаў вядомых і безыменных герояў. Для нашай краіны Дзявятага мая быў і назаўсёды застанецца свяшчэнным днём, Святам, якое не толькі акрыляе, а і ўзвышае ўсіх нас. Гэты дзень напаўняе нашы сэрцы самымі складанымі пачуццямі — радасцю і смуткам, суперажываннем і высакароднасцю. Яно заклікае да самых высокіх маральных учынкаў, — адзначыў Барыс Сяргеевіч.
Кожны чацвёрты жыхар Беларусі загінуў у барацьбе з ворагам. Смерць кожнага нашага земляка засталася невылечнай ранай на сэрцы краіны. Памяць аб нашых воінах, якія наблізілі Перамогу цаной сваіх жыццяў, была ўшанавана рэспубліканскай хвілінай маўчання.
…У адно імгненне плошчу агарнулі мілагучныя хвалі вальса. Вядомы ў раёне спявак Аляксандр Міхно прывітаў гасцей песняй “Венскі вальс”. Арганічна дапоўнілі музычны твор цудоўнай харэаграфічнай кампазіцыяй удзельніцы ўзорнага ансамбля танца “Лілея”. За некалькі хвілін гледачы вярнуліся ў трагічны 1941 год. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Жанчына са слязамі на вачах адпраўляе на фронт сваіх сыноў. Як можна ўтрымаць у сабе нясцерпны боль, перажыванні за дарагіх і блізкіх сэрцу людзей? Толькі б усё было добра, толькі б хутчэй родныя вярнуліся дадому жывымі. Муж загінуў на Грамадзянскай вайне. На гэты раз пайшлі на фронт сыны Іван, Павел, Саша і Алёша. У Івана засталіся маладая жонка і двое дзяцей, у Паўла вось-вось народзіцца першынец, Саша сабраўся ажаніцца, а самы малодшы, Алёша, толькі скончыў школу і дабавіў сабе адзін год для таго, каб пайсці ваяваць на фронт. У вобразе жанчыны-маці, якую цудоўна сыграла работнік раённага Дома культуры Вольга Казакова, спалучыліся вобразы ўсіх жанчын, якім было наканавана перажыць жудасныя саракавыя.
IMG_1888Успамінамі аб бясстрашнай барацьбе з ворагам падзяліўся ветэран Вялікай Айчыннай вайны Андрэй Лапцеў. І пажылыя, і моладзь з цікавасцю слухалі яго аповед аб подзвігах савецкіх воінаў, якія ўвайшлі ў Берлін і ўзнялі савецкі сцяг над будынкам рэйхстага.
— Вялікі дзякуй вам, дарагія, за мірнае неба, за тое, што ўжо некалькі пакаленняў жывуць у свабоднай, незалежнай краіне і не ведаюць, што такое вайна, — з такімі цёплымі пажаданнямі вучні школ уручылі паважаным ветэранам букеты кветак і рознакаляровыя шары.
…І зноў гледачы вяртаюцца на некалькі дзесяцігоддзяў назад. 1945 год. На вакзал у чарговы раз прыходзіць матуля. Старэйшы сын Іван па-геройску загінуў на фронце, у час бамбёжкі загінулі таксама яго жонка і дзеці. Павел знік без вестак у час бітвы пад Сталінградам. Яго дзіця так і не нарадзілася: вёску, дзе жыла маладая жонка, спалілі фашысты. Саша трапіў у акружэнне, ваяваў у партызанах і падарваўся на міне, а яго нявеста загінула ў канцлагеры. Колькі гора прыйшлося перажыць няшчаснай матулі, колькі слёз выплакала жанчына! У сэрцы жыла надзея, што малодшы, Алёша, абавязкова вернецца з фронту. Раптам маці чуе голас: “Я прыйшоў дадому, мама!” Алёша вярнуўся з фронту і разам з сабой прывёў хлопчыка Ваню, які застаўся сіратой. Агульнае гора зблізіла людзей, якія не падзяляліся на сваіх і чужых.
Яркім працягам тэатралізаванай дзеі стала выступленне ўдзельніц вакальнай групы “Кампанэла” Заслонаўскай дзіцячай школы мастацтваў, якія выканалі песню “Жураўлі”.
Ад імя маладога пакалення шчырыя віншаванні дарагім ветэранам і ўсім гасцям падарыла вучаніца адзінаццатага класа гімназіі імя І.М. Ерашова Сафія Касцюковіч.
Бадзёрым маршам па плошчы прайшлі ўдзельнікі духавога аркестра пад кіраўніцтвам Мікалая Гегельскага і група барабаншчыц-мажарэтак, якой кіруе Дзіяна Былінская. Шмат станоўчых эмоцый гасцям падарыла выступленне юных вакалістаў дзіцячай школы мастацтваў, якія выканалі песню “Сонечны круг”. Пад цудоўныя спевы выступілі юныя артысты ўзорнага тэатра танца “Капрыз”.
IMG_1891Цёплыя віншаванні ўдзельнікам мітынгу адрасаваў падпалкоўнік, камандзір Заслонаўскага ваеннага гарнізона Андрэй Жук. Мноства незабыўных уражанняў гасцям падарыла выступленне ўдзельнікаў разведвальнага ўзвода 19-й асобнай Гвардзейскай механізаванай брыгады Заслонаўскага ваеннага гарнізона. Удзельнікі мітынгу з захапленнем назіралі, як па плошчы стройнай калонай прайшлі афіцэры, прапаршчыкі і салдаты 231-й артылерыйскай брыгады, што дыслакуецца ў вёсцы Бароўка, і 19-й асобнай Гвардзейскай механізаванай брыгады з вёскі Заслонава. Услед за імі прайшлі таксама прадстаўнікі Лепельскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Завяршылі святочную калону ўдзельнікі духавога аркестра 19-й асобнай Гвардзейскай механізаванай брыгады.
* * *
Паступова свята набірала ўсё большы размах. І ў дарослых, і ў дзяцей выклікала цікавасць выстава ваеннай тэхнікі, якая была падрыхтавана на плошчы Свабоды. Шмат гледачоў сабралася ля фотавыставы “Подых памяці”, на якой можна было пабачыць партрэты нашых мужных землякоў. Вялікую цікавасць выклікала і выстава непаўторных твораў юных удзельнікаў аб’яднанняў па інтарэсах раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Непаўторныя саламяныя вырабы, творы з бісеру, карціны, напісаныя акварэллю, гліняныя цацкі — усё гэта ўражвала шматлікіх прыхільнікаў дэкаратыўнаIMG_1899-прыкладной творчасці.
Нямала пакупнікоў сабралася ля ўваходу ў гарадскі парк, дзе размясціліся багатыя гандлёвыя вітрыны Лепельскага райспажыўтаварыства, ААТ “Лепельскі МКК”. Госці свята ахвотна набывалі мясныя, кандытарскія вырабы, ласункі і марожанае, частаваліся апетытным шашлыком.
Ніхто з гасцей не праходзіў міма выставы ваенных плакатаў “Дарогамі вайны”, падрыхтаванай работнікамі раённага краязнаўчага музея. “Уся надзея на цябе, чырвоны воін!”, “Радзіма-маці кліча!”, “Мацуйце баявую магутнасць СССР!”, “Бязлітасна знішчайце фашысцкіх дыверсантаў!” — такія заклікі, адрасаваныя савецкаму народу, умацоўвалі дух байцоў, натхнялі іх на новыя подзвігі. У чарговы раз уразілі гасцей цудоўныя творы майстроў раённага Цэнтра рамёстваў. Вырабы з саломкі, прыгожыя ручнікі, беларускія лялькі, гліняныя цацкі, сувеніры і іншыя вырабы захапілі гледачоў сваёй арыгінальнасцю і хараством.
Святочныя забавы былі наладжаны і для малышоў. Дзеткі каталіся на каруселях, скакалі на батутах. Бадзёрыя акорды музыкі паклікалі гасцей у летні амфітэатр. На сцэнічнай пляцоўцы быў падрыхтаваны тэатралізаваны тэматычны канцэрт “Світанне Перамогі”. Выдатны настрой гледачам падарылі яркія выступленні творчых калектываў раённага Дома культуры і дзіцячай школы мастацтваў. А якое ж свята Перамогі без салдацкай кашы? І пажылыя, і моладзь на свежым паветры частаваліся свежай кашай з асаблівым апетытам. Нямала гасцей сабралася і на танцавальнай пляцоўцы, дзе работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтавалі фэст-рэквіем “Пераможцу-салдату прысвячаецца…” Гасцям была прадстаўлена агучаная выстава “Літаратурны парад Перамогі”, на якой быў зроблены агляд кніг на ваенную тэматыку. Тут жа была размешчана фотавыстава “Ветэраны роднага краю”. Зацікавіла гледачоў і выстава буклетаў “Памяць у назвах вуліц жывая”. Тут жа можна было пабачыць пісьмы чытачоў бібліяітэкі дарагім ветэранам. У іх моладзь выказала шчырыя словы ўдзячнасці ветэранам за падораную Перамогу. Акрамя агляду кніг, у час выставы гучалі расказы пра баявыя шляхі, узнагароды ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць у Лепелі.
IMG_1916Шмат прыемных сюрпрызаў для лепяльчан і гасцей горада было падрыхтавана і ўвечары. На плошчы Свабоды дэманстраваліся кінафільмы пра вайну. Святочны настрой гасцям падарыў канцэрт творчых калектываў дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры “Віцебск”. Нікога не пакінулі раўнадушным захапляльнае фаер-шоу і святочны феерверк. Дарэчы, частка сродкаў, заробленых лепяльчанамі на раённым суботніку, выдаткавана на святочныя ўрачыстасці, у тым ліку і на феерверк. Госці свята ад душы весяліліся на танцавальнай пляцоўцы, дзе была падрыхтавана праграма “Квітнеючы майскі вечар”.
Свята ўдалося на славу. Паўсюдна гучалі шчырыя віншаванні, узнімала настрой прыемная музыка. Вялікі дзякуй вам, ветэраны, за шчаслівае мірнае жыццё, за гэты цудоўны майскі вечар. Няхай жыве ў стагоддзях памяць пра вашы бясстрашныя подзвігі! Пра вашы мужнасць, адвагу і гераізм мы не забудзем ніколі!
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: яркія акорды свята.
Фота аўтара.

IMG_1955 IMG_1964 IMG_1971 IMG_1976 IMG_2004 IMG_2009 IMG_2014 IMG_2017 IMG_2020 IMG_2024 IMG_2028

IMG_1919 IMG_1921 IMG_1926 IMG_1937 IMG_1942

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>