Адчыняеш дзверы — і трапляеш у мінулае Лепельшчыны

219=0 Адчыняеш дзверы і — правальваешся ў мінулае. Быццам бы машына часу раптам пераносіць цябе ў іншае вымярэнне, у іншую рэальнасць. У паўцемры — так і хочацца сказаць «музейнай паўцемры», бо гэта звычайная адметнасць многіх экспазіцый — нечакана шкляныя вітрыны ўспыхнулі-засвяціліся, спакойная неонавая бель паплыла па пакоі. І ў поўны рост паўстаў… партызан Вялікай Айчыннай вайны. На фоне фрагменту з бярвення зямлянкі, пры поўнай амуніцыі: характэрная вопратка, пераважна такую і насілі народныя мсціўцы, палявая сумка праз плячо, вінтоўка на грудзях… Побач — разгорнуты баявы чырвоны сцяг. Уражвае!

Экспазіцыя школьнага музея ў Слабадзе, прысвечаная перыяду Другой сусветнай вайны, вядома ж, цэнтральная. І гэта зразумела. Нездарма ж ужо доўгія гады юныя пошукаўцы, якія займаюцца ў школьным краязнаўчым гуртку «Нашчадкі», шчыруюць менавіта на гэтай ніве: паходы, экспедыцыі, даследаванні. Колькі сабрана каштоўнага, непаўторнага, эксклюзіўнага матэрыялу — і не лічылі. Вядома толькі, што ўсе экспанаты не змясціліся нават у музеі новага фармату і пакуль што ляжаць у «фондах». Найбольш цікавыя — штаны кавалерыста, падараваныя музею сваякамі Івана Дзёмкі са Сталюг, унікальныя старыя фатаграфіі землякоў, многія з якіх зроблены за ваенным часам, шматлікія нямецкія рэчы побытавага ўжытку і г.д.

Ваенная экспазіцыя цэнтральная, аднак не адзіная. Усяго іх тут чатыры. Вось экспазіцыя археалогіі і нумізматыкі. Каменныя сякеры, якім па чатыры-пяць тысяч гадоў, славутая фібула — старажытнае жаночае ўпрыгожанне, век якога — не меней як паўтары тысячы гадоў, знойдзеная дзецьмі падчас экспедыцыі на беразе Эсы, кераміка, фрагменты жалезнай руды, якія сведчаць пра жыццядзейнасць нашых далёкіх продкаў. У раздзеле нумізматыкі сабраны манеты і грашовыя знакі розных гістарычных перыядаў і эпох.

Экспазіцыя, названая «Гістарычнае мінулае», уключае перыяд з ХVIII па ХХ стагоддзе. Тут прысутнічаюць фотаздымкі. Цікавае фота поўнага Георгіеўскага кавалера Дамініка Канопкі, які нарадзіўся на адным з хутароў ля Велеўшчыны. У музейнай вітрыне захоўваецца і яшчэ адзін не меней унікальны прадмет — дзённік вучня другога класа рэальнага вучылішча. Экспанату роўна сто гадоў. Цікава пабачыць посуд, якім карысталіся ў ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя як заможныя людзі, так і “просталюдзіны” (бяднейшыя слаі грамадства). Ёсць звесткі пра рэпрэсаваных. Асобную частку экспазіцыі, якая прысвечана Свядскай царкве, падрыхтавала Ларыса Шабунёва.

І нарэшце — сучаснасць. У гэтай экспазіцыі школьнага музея шырока прадстаўлена лясная гаспадарка, бо ў слабадскім краі знаходзяцца два лясніцтвы — Цярэшчанскае і Слабадское. Тут фотаздымкі былога кіраўні­ка Слабадскога лясніцтва Мікалая Анікея, лесніка Аляксандра Логвіна і іншых. Сабраны матэрыял і пра землякоў-ардэнаносцаў, сярод якіх Герой Сацыялістычнай працы Аляксандра Занько, якая нарадзілася ў Велеўшчыне, былы кіраўнік калгаса “Пражэктар”, а затым старшыня Слабадскога сельсавета Аркадзь Таран, узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” і медалём “За асваенне цалінных земляў”, механізатар з вёскі Далікі Васіль Мазго, які мае ордэны Працоўнай Славы III ступені і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Частка экспазіцыі сучаснага перыяду прысвечана воінам-інтэрнацыяналістам, якія ваявалі ў Афганістане. Такіх на тэрыторыі сельсавета дваццаць два чалавекі.

—  Новы музей у Слабадской школе ствараўся амаль год, — расказвае яго кіраўнік, настаўнік гісторыі і краязнавец Валерый Тухта. — Ранейшая музейная экспазіцыя, якая месцілася ў невялікім пакойчыку, проста не магла змясціць усіх экспанатаў. Кіраўніцтва школы выдзеліла прасторнае памяшканне і ўсяляк падтрымала нас. Сродкі на рамонт будучых музейных плошчаў выдзеліў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Штосьці дасталося з фонду, выдзеленага на “Дажынкі” ў мінулым годзе. Часткова выкарысталі заробленае ў школе ў выніку пазабюджэтнай дзейнасці.218=0

“Апусцілі ніжэй” надта высокую навясную столь, атынкавалі сцены, папярэдне зняўшы кафельную плітку. Пафарбавалі плітку на падлозе, якая па колеру зараз болей нагадвае мурожную траву. Таксама цікавы дызайнерскі ход — бо экспанаты ж сабраныя на палях баёў, на бязмежных прасторах краю, гістарычна вядомага як Свядская пушча. Асвятленне і падсветку дапамагло зрабіць СВП “Пражэктар” і электрык з аддзела адукацыі. Устанавілі новыя дзверы. Астатняе майстравалі самі. Валерый Тухта са сваімі юнымі памочнікамі літаральна не вылазілі з музея. Улад Дзёмка і Коля Стэльмах адбівалі плітку. На наступным этапе да рамонту падключыліся Мікіта Баравік, Міша Босы, Яраслаў Тухта, Сяргей Нядбайла. Ды літаральна ўсе старша­класнікі папрацавалі “на музеі”. Пашчыравалі і дарослыя: настаўнікі фізкультуры Уладзімір Сездзін, беларускай мовы і літаратуры Вольга Бабаед, гісторыі Маргарыта Анікей. А потым афармлялі музей. Асабліва давялося павазіцца з манекенам партызана, якога дзеці празвалі дзядзькам Фе­дзем, пакуль рабілі з пап’е-машэ твар і рукі, вацінай набівалі і дротам звязвалі тулава, апраналі…

Дарэчы сказаць, што ў школе паралельна быў абсталяваны і другі музей — этнаграфічны, не меней цікавы і змястоўны. Аднак пра яго гаворка пойдзе наступным разам.

Такім чынам, новы паўнавартасны гістарычны музей у Слабадской школе вырас з невялікай экспазі­цыі і запрацаваў дзякуючы агульным намаганням усяго калектыву, які плённа пашчыраваў. Аднак было б несправядліва не сказаць, што “першую скрыпку” ў гэтай справе сыграў кіраўнік музея і краязнаўчага гуртка Валерый Тухта, чыя нястомная апантаная праца па вывучэнні і даследаванні роднага краю стала трывалай асновай для стварэння школьнага музея ў новым фармаце.

Уладзімір

МІХНО.

 На здымках: у новым школьным музеі ў Слабадзе.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>