Юныя «парламентарыі» Лепельшчыны сустрэліся ў нефармальнай абстаноўцы

Напрыканцы красавіка Лепельская Маладзёжная палата правяла нефармальную сустрэчу, арганізатарам якой стала першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Таццяна Шчэрбач.

Таццяна, для чаго спатрэбілася менавіта «сустрэча без гальштукаў»?

 — Без такой сустрэчы працаваць далей было б значна больш складана. Юным парламентарыям трэба было бліжэй пазнаёміцца, прыгледзецца адзін да аднаго, знайсці той стрыжань, з дапамогай якога можна было б вынікова працаваць. Ды і ідэі лепей выспяваюць у нязмушанай, нефармальнай дыскусіі.

Ці шмат сабралася на сустрэчу народу?

 — Пятнаццаць чалавек – гэта больш за палову ўсяго колькаснага складу. Сабраліся, на жаль, толькі вучні гарадскіх школ. Хаця запрашалі ўсіх. Ну ды гэта чакаемы вынік. Я ўжо казала, што з паездкамі сельскіх школьнікаў могуць узнікнуць праблемы.

Напэўна, гэты нюанс трэба неяк прадумваць і, можа, больш шырока выкарыстоўваць дыстанцыйную сувязь, прынамсі, інтэрнэт, групы «УКантакце» і г.д.

 — Такія групы ўжо стварылі, калі праходзіла галасаванне. Ды і зараз па меры неабходнасці падлеткі іх ствараюць самі – па інтарэсах і пад канкрэтную справу. Вось толькі наколькі яны акажуцца эфектыўнымі?

А наколькі эфектыўнай атрымалася дыскусія пад час нефармальнай сустрэчы і ці атрымалася яна ўвогуле?

 — Яшчэ якая! Ідэі білі фантанам.

— Што прапаноўвалі?

— Найперш скажу пра прапановы, звязаныя з правядзеннем святкаванняў у гонар сямідзесяцігоддзя Вялікай Перамогі. Нашы парламентарыі – гэта ў першую чаргу найбольш грамадска актыўная частка вучнёўскай гвардыі. Яны з задавальненнем адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у тэатральных мініяцюрах на свята, якія рыхтуе раённы Дом культуры. І рэжысёр гэтых імпрэзаў Віталь Хватынец імі застаўся задаволены. Парадуем ветэранаў так званымі «Пісьмамі пераможцу», якія дзеці самі напісалі і прыгожа аформілі. Прымем удзел у традыцыйным аўтапрабегу. Ён сёлета пройдзе ў накірунку Бярэзінскага запаведніка – Крайцы, Кветча, Саўскі Бор. У раёне шпіталя адбудзецца цырымонія перазахавання астанкаў, знойдзеных на месцы новабудоўляў. Паўдзельнічаем у акцыі «Кветкі Вялікай Перамогі».

Што гэта за акцыя?

 — Будуць раздадзены традыцыйныя святочныя стужачкі, аднак новага ўзору. У колеры дзяржаўнага сцяга ўплецена белая яблыненая кветка – сімвал вясны і маладосці. Трэба сказаць, што новая ідэя патрабуе і большых выдаткаў: адна такая стужачка каштуе дзесяць тысяч рублёў. Аднак ідэя цікавая.

Прапановы, пра якія вы расказалі, выглядаюць дастаткова традыцыйнымі і кладуцца ў звыклае рэчышча «дарослых спраў». А ці былі на сустрэчы прынцыпова новыя, яўна маладзёжныя ідэі?

 — Ды колькі заўгодна! Патрабавалі 31 мая агульнагарадской дыскатэкі, якую самі ж гатовыя правесці. Выступілі з ідэяй правядзення на Дзень Незалежнасці буйнога маладзёжнага флэшмобу і арганізацыі спаборніцтваў па пейнтболе і лазертагу. На пустцы ў раёне вуліцы Чуйкова, паміж новабудоўлямі паступіла прапанова зрабіць маладзёжны парк – пасадзіць дрэўцы, пабудаваць лавачкі і г.д.

Наколькі, на ваш погляд, гэтыя ідэі рэалізуемыя?

 — Прапанаваць штосьці цікавае і ўвасобіць яго ў жыццё – рэчы крыху розныя. На жаль, не ўсе падлеткі гэта разумеюць. А вось калі пасля ўнясення прапановы паўстае пытанне, хто возьмецца гэта рабіць, наступае паўза, тым больш – хто стане арганізатарам выканання прапановы. Тым не менш многае з прапанаванага, лічу, цалкам рэальнае. Скажу шчыра, мяне вельмі парадавала, што дзеці не занялі пазіцыі чакання, пакуль для іх хтосьці з дарослых гэта зробіць, а вырашылі рабіць самі. Прыклад – той самы флэшмоб. У адрозненне ад пейнтбола і лазертага, якімі ўжо сёй-той у раёне займаецца, тут – справа абсалютна новая. Прыгожа, грацыёзна, аднак патрэбна вялікая колькасць удзельнікаў, сур’ёзныя трэніроўкі, урэшце пляцоўка для трэніровак. Парламентарыі запэўнілі, што масавасць арганізуюць самі і ўжо стварылі для агітацыі адпаведныя групы «УКантакце». Застаецца знайсці пляцоўку, думаю, што гарадскі стадыён для гэтага падышоў бы, ну і, вядома, прасачыць за парадкам. Заслугоўваюць увагі і ідэя маладзёжнага парку, і агульнагарадская дыскатэка. А чаму б і не?

 — Адным словам, першыя крокі Маладзёжнага парламента абнадзейваюць, а першыя ідэі ўсцешваюць. Толькі ці суджана ім збыцца. Альбо так і застануцца ідэямі?

— Час пакажа.

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>