Шалі Феміды

Неяк прыехаў у госці стрыечны брат Аляксандр, які жыве ў Казахстане. Доўга не бачыліся. Было пра што ўспомніць. Зноў, як і калісьці ў дзяцінстве, сквірчэла на патэльні яечня, рассыпчатая бульбачка пускала клубы пахучай пары, на зубах апетытна храбусцеў крамяны салёненькі агурочак. Яны дапазна засядзеліся за сталом, заўспаміналіся. А назаўтра Саша з Алегам паехалі на юндзялоўскія могілкі.

Там пахаваны Алегаў бацька Мікалай, які працаваў у дваццаць чацвёртым ПМК. Васьмідзясяты год – дата смерці, выведзеная на яго магіле. Як гэта было даўно! Здавалася, цэлая вячніна мінула з таго часу. І больш як за трыццаць гадоў паспелі вырасці не толькі самі, але і дзеці. У Алега вунь дачка ўжо вучыцца на юрыста. І бацька спадзяецца па часе перадаць міліцэйскую эстафету сваёй Агаце.

Кніжкамі прыгодніцкімі зямляк мой Алег Глушчанка ніколі не захапляўся. І калі б мне раней сказалі, што стане ён прафесійным “дэтэктывам”, далібог, не паверыў бы.

*   *   *

За кніжкі засядзе грунтоўна Алег пасля войска, калі ўжо ўладкуецца ў міліцыю ды задумае паступаць у вышэйшую міліцэйскую школу.

Зрэшты, падумаў аб міліцыі хлопец ужо ў войску. Можна сказаць, пашанцавала: у ваенкамаце рабілі адбор юнакоў для службы ва ўнутраных войсках і Алег трапіў служыць у славутую дывізію імя Дзяржынскага. Пасля вучэбкі ў падмаскоўным Рэутаве апынуўся ў Нагінску і быў залічаны ў ад­дзяленне ўзвода аховы. Ахоў­валі вучэбны цэнтр. За два гады службы карэнным чынам памяняўся светапогляд. Там, у Нагінску, і закончылася яго бесшабашнае жыццё. Юнак стаў думаць зусім іншымі катэгорыямі і сумненняў наконт будучай працы не засталося – толькі міліцыянерам.

Глушчанка вяртаецца ў Лепель, уладкоўваецца ў патрульна-паставую службу аддзела ўнутраных спраў. Служба была вельмі клопатная, ішоў дзевяносты год, на хвалях грамадскіх пераменаў адчулі вольніцу аматары лёгкай здабычы, несуны ды махляры. Толькі глядзі, толькі паспявай. Учацвярых выходзілі ў нарад: двое пешшу ішлі, двое ехалі на аўтамашыне. Службу пачыналі ўвечары і неслі ўсю ноч. Толькі а пятай гадзіне раніцы прыходзіла змена. І так – два гады. У дзевяноста другім Алег трапляе ў службу крымінальнага вышуку, дзе паступова падымаецца па службовай лесві­цы – спачатку оперупаўнаважаны, затым старшы оперупаўнаважаны, і ўрэшце ў 2003 годзе ён узначаліў гэтую службу.

У райаддзеле ў іх рэпутацыя надзвычай высокая – сапраўдныя “байцы нябачнага фронту”. Тут характарызуюць калектыў як самы зладжаны і працаздольны. А пра Глушчанку кажуць, што энергіі ў яго хопіць на некалькіх. Патрабавальны, справядлівы, патрабуе выключна дзеля справы.

А мяне сустракае ў сваім службовым кабінеце сярэдніх гадоў, з пранізлівым і, падаецца, крыху стомленым поглядам. Апрануты па цывільнаму – так ім, вышукоўцам, належыць, нельга “свя­ціцца”. Я па-ранейшаму лёгка пазнаю ў ім усё таго ж Алега Глушчанку, з Чэрцаў, з нашага маленства і юнацтва. Але, можа, толькі таму пазнаю, што добра ведаю яго. Доўга размаўляем, шмат чаго прыгадваючы. Але калі даходзіць да службовай размовы, перада мною раптам паўстае надзвычай сціплы і нешматслоўны чалавек. Некалькі лічбаў, якія характарызуюць працу іх аддзела. Зрэшты, характарызуюць яскрава. Летась было здзейснена дваццаць пяць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Толькі чатыры з іх засталіся так званымі “глухарамі”, астатнія ж раскрытыя. Як гэта ім удалося — ніхто, вядома, не раскажа — прафесійны сакрэт… Аднак 89,3 працэнта раскрывальнасці – гэта паказчык. Знарок задаю Глушчанку “правакацыйнае” пытанне – як ён ставіцца да факту прызнання злачынцам сваёй віны у якасці яе доказу.

— Нельга будаваць абвінавачвання толькі на факце прызнання віны. Зразумела, што яно можа рассыпацца на судзе, як картачны домік. Каму патрэбна такая доказнасць?

*   *   *

Алег падае мне ліст. Ліст – з-за кратаў. Піша чалавек, якому пагражае няволя на доўгія-доўгія гады. Ён – забойца.

Выкрылі, можна сказаць, выпадкова. Так, выпадак дапамог, але ж і сам злачынца прызнаўся. Шукалі злодзея, якога падазравалі ў шэрагу крадзяжоў. Ніяк не ўдавалася натрапіць на яго след. Нечакана паступіла інфармацыя, што злачынца хаваецца ў склепе па аднаму з гарадскіх адрасоў. Тэрмінова выехалі і схапілі “цёпленькага” прама на месцы. Пачаўся допыт. Злодзей спакойна прызнаваўся ў крадзяжах. Тым часам Глушчанка заўважыў, што ў таго рукі ў крыві, ды і адзенне крывёю запэцканае. Тое, што ён нібыта напароўся на шкло ды парэзаўся, выглядала не вельмі пераканаўча.

І тут паступае новая інфармацыя: у вёсцы Стаі знік дзядуля. Нібыта пайшоў у краму і след яго знік. Выехаўшым аператыўнікам удалося ўсё ж знайсці той след, які, між іншым, не надта яшчэ і знік. За крамаю ў кустах ляжаў труп, збольшага закіданы травою ды лісцем. Тым часам інтуіцыя падказвала Глушчанку, што нейкая сувязь існуе паміж трупам і акрываўленымі рукамі затрыманага. Тым болей узмацнілася падазрэнне, калі далажылі, што ў вёсцы бачылі незнаёмага, падобнага па прыкметах. Хаця па логіцы не павінен быў забойца вось так наўпрост пакінуць відавочныя сляды злачынства. А калі проста не паспеў іх “замесці”?

Выклікалі эксперта. Урэшце лабараторны аналіз спраўдзіць Алегавы прадчуванні. У жыцці бываюць тысячы маленькіх “але”, здольных зламаць чалавеку лёс. Раптам хоць адна ды выйдзе нестыкоўка. Раптам асудзяць невінаватага. Глушчанку хацелася пераканацца, што ўсё тут чыста, што ўсё па фактах.

І вось падазраваны ў забойстве піша з-за кратаў. Тады не думалася, што робіць. Зараз агледзеўся, што надта многа могуць “прыпаяць”. Паратунку шукае ў следчага. Спачатку – даверлівая “споведзь душы”, пасля – “крык аб дапамозе”.

— Ведаеш, яны пасля часта раскайваюцца, толькі ці шчыра? Пісьмы пішуць, чаю просяць прыслаць. А за злачынства павінна быць пакаранне. Толькі так, і не іначай.

…Вось такія яны – шалі Феміды.

Уладзімір МІХНО.

На здымку: начальнік крымінальнага вышуку Алег Мікалаевіч Глушчанка.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>