Песні юнацтва нашых бацькоў

Праходзяць гады, мінаюць дзесяцігоддзі, але песні, якія былі папулярныя ў шасцідзесятых гадах, сталі шлягерамі 80-ых, па-ранейшаму застаюцца любімымі. Сакрэт іх папулярнасці ў тым, што яны прысвечаны любові да роднага краю, прыгажосці светлых чалавечых пачуццяў. Яны па-ранейшаму ўзнімаюць настрой і нікога не пакідаюць раўнадушным. З якім захапленнем мы спяваем песні, якія калісьці выконвалі Міхаіл Баярскі, Юрый Антонаў, ВІА “Пламя”, “Самацветы”, “Песняры”, “Верасы”…

Любімыя творы насычаны глыбокім сэнсам, прасякнуты асаблівай шчырасцю і чысцінёй. Гэтыя цудоўныя песні спявалі нашы бацькі і зараз спявае моладзь.

Раённы фестываль патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў” сёлета праводзіўся ў нашым горадзе ў чатырнаццаты раз. Праявіць у мерапрыемстве сваё сцэнічнае майстэрства, артыстызм і вакальныя здольнасці пажадалі вучні гарадскіх школ, навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа, прафесійнага ліцэя, а таксама працоўная моладзь.

Больш за шэсць дзесяткаў год прайшло пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, але жорсткае ліхалецце пякучым болем адгукаецца ў сэрцах людзей. Тэме вайны была прысвечана першая старонка фестывалю. Шчодрымі апладысментамі гледачы сустрэлі  выступленне дуэта ў складзе Алены Свідуновіч і Алёны Паповай, якія выканалі папуры з песняў ваенных гадоў. Лірычны настрой падарылі гледачам спевы вучаніцы сярэдняй школы № 1 Алесі Пішчугінай з песняй “Хмары ў блакітным”. Алеся Юніцкая са Стайскага сельскага Дома культуры цудоўна выканала песню “Жураўлі”. Шчодрымі апладысментамі гледачы сустрэлі Эдуарда Падабеда з песняй “Дзень Перамогі”. Пранікнёным лірызмам, чуллівымі акордамі былі ўражаны гледачы ў час выступлення Анастасіі Канапелькі з песняй “Даруй мне, дзядуля!”, вучаніцы гімназіі імя І.Ерашова Алены Карпіцкай з песняй “Вальс на Галгофу».

Нікога не пакінулі раўнадушным выступленні Алены Свідуновіч, вучаніц Бароўскай сярэдняй школы Кацярыны Дубнавіцкай, Лізаветы Кулаковай і Крысціны Дук.

Другая старонка фестывалю была прысвечана шлягерам. Са сцэны ліліся добра вядомыя матывы песень «Жаўраначкі», «Каліна», «Дзяўчаты», «Малітва», «Снілася мне…». Шчодрымі апладысментамі гледачы сустрэлі выступленне Алены Карпіцкай з песняй «Naturе boy» з мюзікла “Мулен Руж”. ”Вечнае каханне”, “Пяшчота”, “Пазвані мне, пазвані…”, “Гэй, марак!” — песні, якія былі папулярныя ў васьмідзесятых гадах, зноў падарылі гледачам шмат прыемных хвілін.

Як адзначыў начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Андрэй Пшонка: выканаўчы ўзровень удзельнікаў фестывалю значна ўзрос. Кожнаму выступленню ўласцівыя індывідуальнасць, яркасць і творчы каларыт, таму выбраць пераможцу было вельмі нялёгка.

Удзельнікі фестывалю ацэньваліся ў некалькіх намінацыях і ўзроставых катэгорыях. Так, у намінацыі “саліст-вакаліст”, ва ўзроставай катэгорыі ад 14 да 16 год першае месца заняла вучаніца гімназіі імя І.Ерашова Алена Карпіцкая, другое месца прысуджана адзінаццацікласніцы СШ № 1 Алесі Пішчугінай. Ва ўзроставай катэгорыі ад 16 да 18 год, у намінацыі “саліст-вакаліст” першае месца заняла студэнтка Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Вікторыя Рамашка. У гэтай жа намінацыі, ва ўзроставай катэгорыі ад 18 да 24 год першае месца заняў навучэнец аграрна-тэхнічнага каледжа Эдуард Падабед, а другое — Анастасія Канапелька. Ва ўзроставай катэгорыі ад 24 да 31 года, у намінацыі “саліст-вакаліст” першае месца прысуджана выкладчыцы Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў Алене Свідуновіч, другое месца — Алесі Юніцкай. У намінацыі “Вакальны ансамбль” пераможцамі сталі трыо з Бароўскай сярэдняй школы ў складзе Кацярыны Дубнавіцкай, Лізаветы Кулаковай і Крысціны Дук, а таксама дуэт у складзе Алены Свідуновіч і Алёны Паповай. Узнагародай для ўдзельнікаў фестывалю сталі Дыпломы і каштоўныя падарункі арганізатараў мерапрыемства.

Вельмі прыемна, што нашы спевакі сваім вакалам захапілі не толькі жыхароў раёна, але і вобласці. Пераможцы раённага фестывалю патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў” прынялі ўдзел у абласным адборачным туры, які праходзіў у Шумілінскім раёне. Фіналістамі адборачнага тура сталі Алена Свідуновіч і Алёна Папова. Менавіта яны будуць прадстаўляць Лепельшчыну ў заключным туры абласнога фестывалю патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў”, які пройдзе ў г. Орша.

Алёна Папова нарадзілася і вырасла на Лепельшчыне, у Заслонаве. Маладая творца захапілася музыкай, вакалам ужо ў дзіцячыя гады, з задавальненнем вучылася іграць на баяне ў Заслонаўскай музычнай школе. Дзяўчынка прымала актыўны ўдзел у разнастайных творчых конкурсах. І зараз Алёна ўспамінае сваю першую перамогу ў раённым вакальным конкурсе. Тады маленькай спявачцы было ўсяго шэсць год. Пасля заканчэння дзевяці класаў сярэдняй школы Алёна паступіла ў Наваполацкае музычнае вучылішча, дзе і атрымала спецыяльнасць “Харавое дырыжыраванне, народны хор”. У Лепельскай дзіцячай школе мастацтваў малады педагог працуе па размеркаванню, з’яўляецца кіраўніком вакальнай дзіцячай групы, вучыць музычнай грамаце, сальфеджыо юных выхаванцаў школы мастацтваў аграгарадка Вялікі Поўсвіж. Акрамя таго, займаецца з юнымі вакалістамі ў эстраднай студыі “Святлана” раённага Дома культуры.

Не ўяўляе свайго жыцця без музычнай творчасці і Алена Свідуновіч. Дзяўчына нарадзілася ў Полацку. Тут жа, у родным горадзе займалася ў школе мастацтваў, была ўдзельніцай вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Руны”, створанага пры школе. Юныя вакалісты ўдзельнічалі ў разнастайных фестывалях, конкурсах і заваявалі папулярнасць сярод шматлікіх прыхільнікаў музычнай творчасці не толькі вобласці, але і рэспублікі. Алена таксама скончыла Наваполацкае музычнае вучылішча і прыехала працаваць на Лепельшчыну па размеркаванню, працуе кіраўніком хору дзіцячай школы мастацтваў. Яркія выступленні юных вакалістаў добра вядомыя жыхарам нашага раёна і з’яўляюцца ўпрыгажэннем многіх мерапрыемстваў.

— Песня заўсёды нараджаецца ў душы. Яна акрыляе чалавека, дапамагае яму перамагчы ўсе жыццёвыя цяжкасці, выпрабаванні і дорыць веру ў свае сілы, — адзначае Алена. — Вельмі прыемна, што наша выступленне было ацэнена на высокім узроўні. Спадзяёмся, што творы, якія мы выканаем на заключным этапе абласнога фестывалю, не пакінуць раўнадушнымі гледачоў.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

На здымку: удзельніцы заключнага тура абласнога фестывалю “Песні юнацтва нашых бацькоў” Алёна Папова і Алена Свідуновіч.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>