Лепельская паралель

lepel_region У практычнай дзейнасці людзей вельмі важным з’яўляецца ўменне вызначыць дакладна  на паверхні Зямлі месцазнаходжанне любога населенага пункта, палярнай станцыі, карабля ў моры і г.д. Пэўную дапамогу ў гэтым аказваюць праведзеныя на глобусах і картах умоўныя лініі — паралелі і мерыдыяны. Месца іх перасячэння вызначае патрэбную кропку на планеце. Наша паралель, што праходзіць праз Лепель, знаходзіцца на аднолькавай адлегласці ад экватара (6097 км).

З дапамогай нескладаных вылічэнняў можам вызначыць і даўжыню лепельскай паралелі. На некаторых картах паўшар’яў велічыня аднаго градуса дугі ў кіламетрах абазначаецца з боку рамкі карты. Напрыклад, паралель 50 градусаў паўночнай шыраты мае даўжыню аднаго градуса 71,7 км. Аднаму градусу нашай паралелі (54 градусы 53 мінуты) адпавядае 65,32 км. Такім чынам, уся лепельская паралель працягнулася па паверхні Зямлі на 23515 км (65,32 км х 360 градусаў) — амаль удвая карацей за экватар.

А зараз пацікавімся, якія геаграфічныя ­аб’екты размясціліся на нашай паралелі або блізка да яе. У заходнім напрамку ад Лепеля — Вільнюс, Калінінград, Каралеўства Данія, Вялікабрытанія, Атлантычны акіян, Канада.

Вільнюс (да 1939 г. — Вільня) стаіць на месцы ўпадзення  Вілейкі (Вільняле) ў раку Вілія (Нярыс). Горад быў старажытнай сталіцай беларуска-літоўскага дзяржаўнага ­аб’яднання — Вялікага княства Літоўскага ў пачатку 14-га — канцы   18 стагоддзяў, Літоўска-Беларускай Рэспублікі (1919 — 1920 гг.) і мае непасрэдныя адносіны да нашага краю. Заснавальнік Новага Лепеля  Леў Сапега ў  1609 годзе падарыў Стары і Новы Лепель пабудаванаму ім у Вільні манастыру і касцёлу Св. Міхаіла, у якім пазней і сам пахаваны.

Калінінград — абласны цэнтр Расійскай Федэрацыі, да 1946 г. — Кёнігсберг (“каралеўская гара”). Перайменаваны ў гонар дзяржаўнага дзеяча СССР М.І. Калініна. Незамярзаючы порт на Балтыйскім моры. Тут развіта машынабудаванне, лёгкая, харчовая прамысловасць, рыбная гаспадарка.

Каралеўства  Данія па плошчы — 44,5 тыс. кв. км, амаль роўнае нашай Віцебскай вобласці. Насельніцтва — каля 5,5 млн чалавек. Развіта суднабудаванне, электратэх­нічная, радыёэлектронная прамысловасць. Данія — адзін з буйнейшых у Еўропе экспарцёраў мяса-малочных прадуктаў.

Каралеўства  Вяліка­брытанія. Плошча — 245 тыс. кв. км. Насельніцтва — каля 60,5 млн чалавек. Клімат умераны,  вільготны, з мяккай зімой (у студзені  — 3 — 7 градусаў па Цэльсію) і халаднаватым летам (у ліпені — 11 — 17 градусаў). Ападкі —  600 — 750 мм. Вялікабрытанія — высокаразвітая  краіна, буйны экспарцёр прамысловай прадукцыі. Сельская гаспадарка ў ёй самая механізаваная і прадукцыйная ў свеце.

Атлантычнаму акіяну назву далі старажытныя грэкі па нагор’і Атлас у паўночна-заходняй Афрыцы, якое лічылі краем Зямлі, дзе стаяў міфічны тытан Атлант, што нібыта падтрымліваў на плячах купал неба. У акіяне зараджаецца магутнае цёплае цячэнне Гольфстрым, якое аказвае велізарны ўплыў на клімат Еўропы і нашай мясцовасці.

Плошча Канады — каля 10 млн кв. км (другое месца ў свеце пасля Расійскай Федэрацыі). Насельніцтва — звыш 30 млн чалавек. Клімат пераважна ўмераны, а на поў­начы — субарктычны. Сярэднія тэмпературы студзеня — ад -35 градусаў па Цэльсію на поўначы  да +4 градусаў на поўдні, ліпеня — ад 21 градуса на поўдні да 4 градусаў   на поўначы. Канада — высокаразвітая індустрыяльна-аграрная  дзяржава.

З усімі вышэй пера­лічанымі краінамі  Беларусь мае дыпламатычныя адносіны.

Ва ўсходнім напрамку на аднолькавай з намі шыраце знахо­дзяцца абласныя цэнтры Расійскай Федэрацыі: Смаленск, Чалябінск, Омск, Новасібірск, якія з’яўляюцца пабрацімамі беларускіх гарадоў. Цікава, што Смаленск некаторы час быў у складзе Вялікага княства Літоўскага, а ў 1919 — 1924 гг. Віцебская і Магілёўская губерні былі далучаны да Смаленскай. Хочацца згадаць, што ў Омскай вобласці пражываюць і мае сваякі. Яшчэ ў 1900-я гады многія жыхары Беларусі добраахвотна пераехалі на пастаяннае пасяленне ў Сібір, у тым ліку і родная сястра маёй бабулі.

На нашай паралелі сустракаем возера Байкал (з цюркскай мовы — “багатае возера”). Плошча — 31,5 тыс. кв. км, даўжыня — 636 км, сярэдняя шырыня — 48 км. Гэта самае глыбокае возера на зямным шары з аб’ёмам вады 23 тыс. куб. км, што складае каля 20% сусветных запасаў прэснай вады. Цікавай уяўляецца прырода Байкала. Там сярэднямесячная тэмпература студзеня каля -17 градусаў (у нас — -7), ліпеня — +16 С0 (у нас + 18С0). Замярзае вадаём у канцы снежня — пачатку студзеня, крыгалом — у пачатку мая. У возеры налічваецца да 1800 відаў раслін і жывёл, большасць з якіх у іншых месцах не сустракаецца. На паўднёва-заходнім беразе   месціцца чыгуначная станцыя Слюдзянка. Цягнік Масква — Уладзівасток тут робіць працяглы прыпынак.

На нашым шляху паўвостраў Камчатка, які выцягнуты на 1200 км, мае шырыню да 450 км і плошчу 370 тыс. кв. км (роўную тэрыторыі Японіі). На Камчатцы звыш 160 вулканаў, з якіх 28 дзеючыя. Клімат умерана-кантынентальны, зіма і лета халаднейшыя, чым у нас (у лютым сярэдняя тэмпература —  -13, у жніўні — +12, ападкаў выпадае 1000 мм за год). Шматлікія мінеральныя і ітэрмальныя крыніцы (гейзеры), кіпячыя азёры, гразевыя вулканы ўяўляюць сабой мясцовыя славутасці.

Мне ўспамінаюцца ваенныя вучэнні на Камчатцы, якія праводзіліся на танкадроме, размешчаным бліжэй да падножжа дзеючага вулкана Авачынская Сопка, што дыміць пастаянна. Заняткі са стрэльбамі танкістаў звычайна заканчваліся выхадам да Ціхага акіяна. Цяжка перадаць пачуццё, якое агортвае цябе, калі стаіш на беразе аграмаднага  сусветнага ­акіяна. Нават у ціхае надвор’е  магутныя   хвалі з пэўнай перыядычнасцю  накатваюць на бераг. І як не нагадаць тут словы папулярнай песні  “І на Ціхім акіяне свой закончылі паход…”

Вось у такім “паралельным” атачэнні з намі знаходзяцца пералічаныя  і іншыя геаграфічныя  аб’екты планеты.

Ілья  ЯНУШ,

краязнавец.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>