Смяяцца — не грэх

194Кожны пагадзіцца з тым, што мова гумару зразумелая людзям усіх узростаў. Кінакамедыі або яркія жартоўныя мініяцюры ўзнімаюць настрой, дораць станоўчыя эмоцыі і дарослым, і дзецям. Да таго ж менаві­та шчыры смех дорыць чалавеку аптымізм, з якім лёгка ісці па жыцці.

“Асцярожна, першага краса…преля!” — так называлася гумарыстычная шоу-праграма, паказаная са сцэны раённага Дома культуры першага красавіка.

Першымі сустрэлі гасцей артысты народнага тэатра мініяцюр “Кактус ЯкТуз” Поў­свіжскага СДК. На рахунку артыстаў тэатра — шэраг запамі­нальных мініяцюр, якія былі паказаны не толькі на раённым, а і на абласным узроўнях. “Кактус ЯкТуз” быў дыпламантам, а таксама лаўрэатам абласных фестываляў гумару, якія праходзілі у г.п. Шуміліна, іншых гарадах. Кіраўнік тэатра, дырэктар Поўсвіжскага СДК Лідзія Ганчар піша сцэнарыі, вершы да новых пастановак. А вось ажыццявіць яркія ідэі ёй дапамагаюць Таццяна Стрыжонак, Аляксандр Міхно, Ірына Скібская, Міхаіл Шаура, Надзея Мацкевіч і іншыя. Сёлета артысты тэатра прадставілі ўвазе гледачоў гумарыстычную шоу-праграму “Хвіліна славы”.

Літаральна з першых хвілін выступлення гумарыстаў зала напоўнілася шчырым смехам. Са сцэны была паказана камічная гісторыя, героямі якой сталі гультаяваты дырэктар фірмы “Расколем дашчэнту!”, яго прадпрымальная сакратарка і вясковыя “таленты”. Ім было прапанавана праявіць свае здольнасці ў раённым конкурсе “Хвіліна славы”. Стаць удзельнікамі відовішчнага шоу пажадалі дзед-танцор, баба. Захацелі стаць эстраднымі спявачкамі таксама вясковыя “зоркі” — маці з дачкой, якія імкнуліся выканаць песні ў класічным стылі, а таксама ў накірунку “шансона”. Аднак нават сам дырэктар фірмы не ведаў, што абавязак “раскруціць” вясковыя таленты ўскладаецца менавіта на яго самога за плату ў сто долараў. Гэта было ідэяй хітрай сакратаркі…

У зале не сціхаў вясёлы смех, калі на сцэну выйшаў лаўрэат абласнога фестывалю гумару “Смяяцца — не грэх” Міхаіл Кулеш. Жарты гумарыста былі ўспрыняты бадзёрымі апладысментамі.

Шэраг яркіх мініяцюр прадставілі ўвазе гледачоў артысты народнага тэатра мініяцюр “Балаган”. Усіх рассмяшылі камічныя эпізоды, якія могуць адбыцца ў паўся­дзённым жыцці. Надакучлівыя прадаўцы сасісак і марожанага так настойліва прапаноў­валі прахожаму набыць тавар, што нават не пачулі яго галоўнага пытання: “Як прайсці ў прыбіральню?”

Развесяліла таксама жартоўная мініяцюра дуэта “Паўквартэта” ў скла­дзе Святланы Ткачэнкі і Яўгена Ясюкевіча. Не пакінула гледачоў раўнадушнымі мініяцюра, як да міліцыянера звяртаецца з заявай жанчына. Няшчаснай здаецца, што яе жадаюць забіць. Аднак пасля таго, як жанчына па парадку расказала ўсю гісторыю, што з ёй здарылася, ёй прыйшлося ўцякаць і ад міліцыянера.

Выдатным дапаўненнем яркіх мініяцюр сталі жартоўныя відэасюжэты з паўся­дзённага жыцця. Канцэрт доўжыўся на працягу амаль дзвюх гадзін і стаў выдатным падарункам для прыхільнікаў самадзейнага мастацтва.

Святлана

СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымку: артысты народнага тэатра мініяцюр “Кактус ЯкТуз” Поўсвіжскага СДК, народнага тэатра мініяцюр “Балаган” РДК і іншыя творцы атрымалі цёплыя словы падзякі ад гледачоў за падоранае свята.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>