На фурманцы ў Брэсцкую крэпасць марыць з’ездзіць жыхар Лепельшчыны…

6 красавіка 027 На падворку радасна сустракае Гай. Сабака ледзьве не абрывае ланцуг, аднак зусім не са злосці, наадварот, як падалося, ён вельмі рады гасцям, і ўвогуле ласкавы, сімпатычны звяруга, брэхам сваім усяго толькі папярэджвае гаспадара, нібы хоча сказаць: «Выходзь гасцей сустракаць». Гаспадару ж тым часам, прама скажам, не да гасцей, днямі акацілася козачка Доня. Маленькае пацешнае казляня перабірае лапкамі, тыкаецца мордачкай. Дарэмна яго Сяргей спрабуе прывучыць да соскі, маленькае яшчэ, неразумнае, бездапаможнае.

Дый самому Сяргею Кавальчанку неяк нават няёмка, не час, як кажуць, гасцёўнічаць. У «параднай» палове хаты ў поўным разгары рамонт, паспелі толькі сцены збольшага  давесці да ладу – абабіць ды паклеіць. Дапамагае сястра, якая жыве ў Заслонаве. А ў «гаспадарчай» палове хаты і ўвогуле козы. Ці тут да чысціні і парадку! А куды ж яму Доньку з прыплодам падзець, калі на вуліцы яшчэ халадэча?

Сам Сяргей Міхайлавіч, прыехаўшы да сястры ў Беларусь з бяскрайніх казахстанскіх стэпаў, асеў у Шубніках. Старую хаціну, гаспадыня якой памерла, па дамоўленасці з яе дачкой заняў часова, ды нічога не бывае болей пастаяннага, як часовае, і вось ужо ён фактычна тут гаспадар.

Планы – напалеонаўскія, фантазія б’е праз край. Рэальна ж увасобленага з тых напалеонаўскіх задумак пакуль, на жаль, не так і шмат. Аднак не так і мала, калі ўлічыць, што Сяргей Кавальчанка ўвогуле ж чалавек не вясковы, не тутэйшы, доўгія гады пражыў у вялікім горадзе Сяміпалацінску. Ды і па прафесіі зусім не фермер, апошнім часам кранаўшчыком працаваў. То гэтыя самыя козачкі, якія яго так радуюць, з дзесяток курачак, што нанеслі вунь столькі яек – два кошыкі поўныя, няма куды дзяваць, сабака, якога бяздомным падабраў-прылашчыў на вуліцы – ужо і ёсць яго невялікі чалавечы подзвіг, маленькая асабістая «аграрная рэвалюцыя».6 красавіка 037

Гектар зямлі ўзяў у Шубніках, афіцыйна аформіўшы ўгоддзі ў сельсавеце. Кажа, што будзе сеяць ячмень, пшаніцу. Ці пасее, ці збярэ ўраджай, ці «пакоціць» яго добры гаспадарчы намер – час пакажа. Аднак ужо тое, што чалавек імкнецца – і радуе, і абнадзейвае. Копанку выкапаў, даволі вялікую і прыгожую. Запусціў карпікаў, лінькоў, таўсталобіка, нават пяць белых амураў. Добра сябе там пачуваюць і плотка, і акунь. Каня набыў яшчэ даўно ў Ізабеліне, а вось фурманку толькі зараз пачаў варыць, падгледзеўшы дзесьці цікавы варыянт на аснове дзвюх матацыклетных рам. Яшчэ тая фурманка пакуль і выглядае  дзвюма асобнымі рамамі, а фурман між тым ужо марыць праехацца трушком па ўсёй Беларусі ды зазірнуць аж у Брэсцкую крэпасць. А што ж, калі ён прыехаў сюды з краіны, дзе конна мераюць адлегласці па тысячы кіламетраў і не лічаць гэта аніякім дзівацтвам.

Тым часам нашы скажуць: дзівак чалавек. І, пэўна ж, будуць мець рацыю. Аднак хачу запярэчыць скептыкам, што без дзівакоў свет быў бы шэрым і нудным. Менавіта яны дапамагаюць расквеціць яго каляровымі фарбамі сваіх, як нам падаецца, нязбыўных, маларэальных мар. Ды і што ж тут такога, калі чалавек захацеў пабачыць краіну, у якую прыехаў і якую палюбіў усёю душою, пазнаёміцца з яе лепшымі, знакамітымі мясцінамі, пацікавіцца яе гісторыяй і сучаснасцю. Што ж тут такога кепскага?

Пакуль жа Сяргей Кавальчанка, нашчадак расіянкі і паляка, у свае шэсцьдзясят пяць гадоў здзяйсняе ў Шубніках свае нерэалізаваныя і цалкам зямныя мары: вырошчвае на падаконніках памідоркі і збіраецца будаваць парнік, пасадзіў сінюю «Ізабелу» і кветкі, марыць завесці авечак. А ўлетку і восенню сам бегае па грыбы ў лес, балазе той лес побыч. Зайцы прыходзяць на агарод грызці моркву, а дзікі ў госці па бульбачку. Завітвала і лісічка-хітрычка, пасля чаго Сяргей пачаў пабойвацца за сваіх курачак і думаць, як жа ўтаіць ад рудой зладзейкі факт знаходжання на падворку будучых гусей і качак. Грыбкі ён сам жа і марынуе, прывык чалавек, адзін жыўшы, да руціннай кухоннай працы. Адно ніяк не можа звыкнуцца з беларускімі балотамі, якімі ў Казахстане нават і не пахне.6 красавіка 041

Чаго ён прыехаў у Беларусь? Ды так ужо здарылася. Нарадзіўся ў станіцы Георгіеўка, ля Сяміпалацінска. Быў старэйшым у сям’і. Бацька — аўтадарожнік, тэхнар, маці – рабочая, зваршчык водагаспадаркі. Усё — вярхом на кані. Ды і ўсе сваякі, казакі, да коней звыклыя. Закончыў чыгуначнае вучылішча. У войску ў Германіі служыў. Паступіў у інстытут на чыгуначніка ды кінуў. Не яго. Скончыў тэхнікум гандлёвы. Нейкі час працаваў у гандлі. Усё шукаў. Ды ён, мабыць, усё жыццё шукае чагосьці, эксперыментуе, і гэтак цікавей, лягчэй яму жыць. Лёгкі на пад’ём. Вось і ў Беларусь з лёгкай душой перабраўся, калі сястра паклікала.

А што калі раптам засее сваю новую, ужо сельскагаспадарчую ніву і пажне плён сваіх цікавых мар і памкненняў? А што калі і сапраўды нарэшце зладзіць фурманку ды з понтам праедзецца па ўпадабанай ім Беларусі наўсцяж аж да Брэсту? Шкада толькі, што ўжо далёка не трыццаць, не той узрост, калі большасць мар лёгка ўвасобіць у рэальнасць. Аднак жа надзея не памірае ў любым узросце.

Уладзімір МІХНО.

На здымках: у хаце прыбаўленне – каза Донька стала маці; Гай надзейна вартуе сядзібу і першы, калі што, раскажа пра небяспеку; копанка з жывою рыбаю – асаблівы гонар Сяргея Кавальчанкі.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>