На пераломе эпох

Шматлікія дакументальныя матэрыялы аб падзеях на Лепельшчыне ў XII-XIX стагоддзях захоўваюцца ў архіўных установах Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Германіі, Швецыі, іншых замежных дзяржаў. За апошнія дзесяцігоддзі нашай краіне шляхам правядзення перагавораў, заключэння пагадненняў, дабрачыннага дарэння ўдалося вярнуць, або набыць значную частку гістарычных дакументаў аб мінулым роднага краю.

На падставе новых архіўных звестак, больш зразумелымі становяцца лёсаносныя падзеі, што адбываліся тады ў нашай мясцовасці, асабліва што тычыцца канца XVIII стагоддзя. У той час Рэч Паспалітая, у склад якой уваходзіла і Лепельшчына, па розных унутрыдзяржаўных і знешніх прычынах была аслаблена, а потым падзелена паміж Расійскай, Прускай і Аўстрыйскай імперыямі, перастала існаваць, як самастойная дзяржава.

Па першаму падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе да Расіі адышла ўсходняя частка Беларусі з гарадамі Полацк, Віцебск, Орша. Імператрыца Кацярына II добра разумела, што да жыхароў, далучаных тэрыторый іншай грамадска-палітычнай фармацыі, трэба аднесціся асцярожна, вельмі абачліва, каб заслужыць іх давер. 28 мая 1772 года яна выдала ўказ аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні і парадку кіравання далучанымі тэрыторыямі, згодна з якім была створана Пскоўская губерня з цэнтрам у горадзе Апочка. Кіраванне ёй разам з Магілёўскай губерняй даручалася беларускаму генерал-губернатару графу З. Г. Чарнышову, які прыняў меры , каб Пскоўская губерня складалася з пяці правінцыяў: двух вялікарасійскіх і трох беларускіх – Полацкай, Віцебскай і Дзвінскай.

Кацярына II усклала на новага губернатара абавязкі: нагляд за захаваннем спакою ў далучаных землях, недапушчэнне празмернага прыгнёту, разбояў і забойстваў, падтрыманне асабістай і маёмаснай бяспекі для ўсіх жыхароў. Рыхтаваўся перапіс жыхароў гарадоў, мястэчкаў і вёсак, падлік атрымліваемых даходаў, што збіраюцца ў казну, мытных збораў. Назапашваліся дадзеныя аб стане віннага продажу, цэнах на гэты алкагольны напітак і соль. Складваліся карты гарадоў, іншых тэрыторый і ўносіліся прапановы па іх адміністрацыйна-тэрытарыяльнай пабудове.

Летам 1773 года кожная з беларускіх правінцый была падзелена на два паветы. Павятовымі гарадамі Полацкай правінцыі сталі мястэчкі Себеж і Невель, Віцебскай правінцыі – Веліж і Гарадок. Лепель у той час яшчэ знаходзіўся ў складзе паўднёвай часткі Полацкага ваяводства Рэчы Паспалітай і стаў нават яго цэнтрам, бо Полацк быў ужо далучаны да Расіі. Згодна з пастановай Варшаўскага сейма ад 28 верасня 1773 года, мястэчка Новы Лепель прызначалася для месцазнаходжання земскага і гарадскога судоў, іншых адміністрацыйных ваяводскіх устаноў.

22 жніўня 1776 года з’явіўся новы ўказ Імператрыцы аб заснаванні Полацкай губерні. У яе ўвайшлі беларускія правінцыі са складу Пскоўскай губерні. У выніку на тэрыторыі Полацкай губерні ўзніклі 11 паветаў. Дванаццаты па ліку — Лепельскі павет быў далучаны да Полацкай губерні пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе. У беларускіх губернях уводзілася кіраванне па ўзору вялікарускіх губерняў. Дзяленне на правінцыі было ліквідавана.

Аднак пераўтварэнні на гэтым не скончыліся. У студзені 1778 года Кацярына II зацвердзіла новыя штаты ўстаноў. У паветах (павятовых гарадах) уводзіліся пасады гараднічых, камендантаў (дзе стаялі воінскія часці), засноўваліся ніжэйшыя земскія суды, павятовыя суды, павятовыя казначэйствы (фінансавыя органы), гарадскія магістраты (упраўленні), дваранскія апекі, павятовыя воінскія каманды. Гэтыя новаўвядзенні былі ажыццёўлены і ў Лепельскім павеце.

У маі 1780 года Імператрыца наведала Беларусь. Яе візіт суправаджаўся пышнымі баламі, вернаподданіцкімі прамовамі, раздачай пераважна расійскім дваранам мясцовых зямель, замацаваннем улады памешчыкаў над прыгоннымі сялянамі.

Ілья ЯНУШ,

краязнавец.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>