Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Чалавек сярэдніх гадоў, акуратна падстрыжаны ды паголены, спакойны і гаваркі, сядзеў на куханьцы. У вачах яго была не тое каб журбота, але стомленасць. На маю просьбу расказаць пра сябе адказаў запытальна:

— А што расказваць? Хіба я герой які?

Ён — слесар-рамонтнік у КУВП ЖКГ “Лепель”. Сочыць Аляксандр за цеплатрасамі. У горадзе іх вунь колькі! І ўсе трэба дагледзець, своечасова правесці прафілактыку, не дапускаць, пакуль прарве ды пацячэ.

Майстар ён добры, людзі нахвальваюць, балазе ў вольны ад працы час не адмаўляе, дапамагае, хто папросіць разабрацца ў хітраспляценнях ацяпляльных сістэмаў. Вольнага часу небагата, бо працу ў камунальнікаў рэгламентам не прапішаш. Дзе горача — туды і кідаюць.

Бачыў Аляксандр смерць аднойчы блізка ў вочы. Гэта было ў далёкім Афганістане, на перавале Саланг, праз які ў грозныя васьмідзе­сятыя гады бегла фактычна адзіная на той час “дарога жыцця” з СССР да Кабула, вось і бераглі яе, як зрэнку вока. Аляксандр са сваімі баявымі паплечнікамі ахоўваў дарогі. Не толькі ахоўвалі, але і рамантавалі, рабілі падсыпку. Акурат пад “дэмбель” падраздзяленне, дзе служыў Аляксандр, перакінулі на Саланг. Натрапіць на міну было менш верагодна, дарога праз перавал дастаткова надзейна ахоўвалася, а вось атрымаць знянацку кулю ў лоб было магчыма, ад неба не прыкрыешся. Калі пачалася страляліна, выскачылі з машын і ўмомант аказаліся безабароннымі. Яны — на самым перавале, іх бачна як на далоні, куля магла насцігнуць у любую хвіліну, пахавалі­ся за тэхнікай, ляжалі, глытаючы брудны дарожны пыл, а смерць стаяла над імі ў поўны рост і заглядвала ў вочы. Вочы смерці патыхалі нясцерпнай гарачынёй, поўніліся салёным едкім потам, і разам з тым былі жудасна-халоднымі. Смерць у Афгане была як і любая іншая — халодная і жудасная.

На хвіліну ўявіў Аляксандр, як можа застацца назаўсёды ў гэтым едкім дарожным пыле. І не будзе нічога: ні  радаснай сустрэчы з бацькамі, якія так чакаюць у далёкай Беларусі, ні моцных поціскаў рук сяброў ды аднакурснікаў з вучылішча, ні экскаватара, які разабралі, вывучылі з хлопцамі да шрубчыка, да апошняй гаечкі. Так не хацелася спаткання са смерцю  тут, у гарах Афганістана, у юнацтве, калі яшчэ нават не паспеў набегацца на спатканні з каханкаю.

“Загаварыў” наш БТР і страляніна нечакана спынілася. Варожае супраціўленне было хутка падаўлена.

Аляксандр схаваўся ва ўспамінах на куханьцы ў сваёй лепельскай кватэры. Успаміны ўважліва слухаюць двое: акрамя мяне, кот Дракон, ён забраўся на халадзільнік, звесіў адтуль  пухнатую лапу, другую, каб мякчэй было, паклаў пад галаву, дрэмле. Кот прыблудзіўся да іх сам, маленькім кацянём. Прыгрэлі, прытулілі. Любіць Аляксандр жывёл, птушак, казяўкі не пакрыўдзіць — такі ў яго характар.

Гэтаксама ж любіў усё жывое і Сярожа Спірыдовіч. Настаўніца аказалася мудрая. Даведаўшыся прычыну, чаму хлопчык спазняецца на заняткі, не стала ўшчуваць: “Ты,— кажа, Сярожка, калі ў школу ідзеш, не глядзі пад ногі, памятай толькі пра ўрокі, а вось калі са школы вяртацца будзеш, твае мурашкі і матылькі цябе будуць чакаць”.

Сяргей нарадзіўся ў Паўночным Казахстане. А калі ўслед за хлопчыкам паявілася ў сям’і дзяўчынка, вярнуліся назад у Беларусь, бо ёй не падышоў клімат. Сярожа ўвесь час завіхаўся ля сястрычкі, вельмі яе любіў, характар меў мяккі, добры. Але ж ці хто мог думаць, што за тою мяккасцю і дабрынёю хавалася мужнае храбрае сэрца.

Рос Сяргей шустрым, дапытлівым падлеткам. Усё яго цікавіла, усё захапляла. У маленстве захапіўся фотасправаю, пісаў неблагія вершы і, нават, сачыняў песні. Вельмі любіў тэхніку, нездарма ж пасля школы падасца ў тэхнікум вучыцца на механіка. Жылі небагата, дзе было ўзяць бацькам грошы на новы веласіпед? Хлопчык са звалкі нацягаў столькі металалому, каб хапіла сабраць веласіпед. Сам усё да апошняга вінціка ды гаечкі сабраў-звінціў, усё пафарбаваў, давёў да ладу. І калі, нарэшце, паехаў, здзівіліся сябры ды знаёмыя, адкуль Спірыдовіч узяў грошы на веласіпед. А яшчэ любіў ён вельмі завіхацца па гаспадарцы. У хаце ўсё чысценька прыбярэ, парадку трымаўся. І выпякаў, смажыў. Дранікі, бывала, духмяныя спячэ, клёцкі зварыць — пальчыкі абліжаш.

*  *  *

Калі трапіў у Афганістан, усё сябрам хваліўся дранікамі, клікаў “пасля вайны” да сябе ў Лепель, клёцкамі абяцаў накарміць. А тыя смяяліся нязлосна: “Спиридович обещает накормить какой-то «дрянью». Пра дранікі ды клёцкі яго сябры не чулі. Пасля кароткай вучэбкі ў Фергане служыў Сяргей вадзіцелем-гранатамётчыкам на той самай “дарозе жыцця”, суправаджаў калоны да Кабула. Пра храбрае яго сэрца даведаліся баявыя сябры пасля таго, калі аднойчы сваім БТРам перагарадзіў дарогу, не даўшы спаўзці ў цясніну іншай тэхніцы. Тым часам абышлося. Застаўся жывы.

Смерць напаткала Сяргея пазней, 3 жніўня 1986 года. Як усё здарылася, ніхто не ведае дакладна. Афіцэры, якія суправаджалі цынкавую труну, казалі, што на калону напалі душманы, завязаўся бой, у якім і спынілася яго вялікае храбрае сэрца.

Сяргей Спірыдовіч  пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”, пахаваны на могілках у Лепелі. Яго магілу даглядаюць вучні СШ № 3: чысцяць ад снегу зімою, саджаюць увесну кветкі, праходзяць тут школьныя ўрачыстасці. Урокі патрыятычнага выхавання атрымліваюць дзеці не ў тэорыі, а на практыцы. Штогод 15 лютага, у дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў прыходзяць да помніка ветэраны вайны ў Афганістане і школьнікі, каб ускласці вянкі і кветкі. Каб яшчэ раз аддаць даніну памяці герою.

Удзельнікі школьнага краязнаўчага гуртка “Пошук” пад кіраўніцтвам Алены Нагулян сабралі багаты матэрыял, які расказвае пра жыццёвы шлях Сяргея Спірыдовіча, ілюструе яго ў фотаздымках. Тут захоўваюцца ўспаміны бацькоў, настаўнікаў, выкладчыкаў тэхнікума, ёсць гукавая паштоўка з запісам голасу, якую Сяргей даслаў з Афганістана каханай дзяўчыне.

Шмат дакументаў пра дзевятнаццацігадовага юнака ў музеі воінаў-інтэрнацыяналістаў у Віцебску. А ў Мінску, у капліцы на “Востраве слёз” выгравіравана яго імя.

Так і не спраўдзіў Сяргей свайго абяцання пачаставаць баявых сяброў беларускімі дранікамі. А нашы духмяныя, сакаўныя лепельскія клёцкі давялося ім пакаштаваць за жалобным сталом. З таго часу яго сябры неаднойчы наведваліся ў Беларусь тымі жнівеньскімі днямі, калі загінуў Спірыдовіч.

*  *  *

Загінулі альбо памерлі ад ран воіны-інтэрнацыяналісты, нашы землякі Аляксандр Аўгусціновіч, Сяргей Аўтух, Іван Воюш, Васіль Жарнасек, Ігар Нападоўскі, Уладзімір Садоўскі, Ігар Салаўёў, Сяргей Спірыдовіч. Вечная ім памяць!

Вечная памяць мёртвым і вечная слава жывым. 230 воінаў-інтэрнацыяналістаў жыве ў нашым раёне. Гэта людзі, якія ў мірны час прайшлі праз вайну, гэта мужныя людзі, яны сумленна служылі Радзі­ме. Мы павінны памятаць пра гэта, мы павінны шанаваць іх і берагчы.

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>