“Запаска”. Формула поспеху

Паводле вынікаў гаспадарання за 2010 год адным з лепшых прадпрымальнікаў прызнаны Васіль Смажэўскі. Карэспандэнт атрымаў заданне пазнаёміцца з дзелавым чалавекам бліжэй і высветліць яго формулу поспеху.

Васіль разам з Пятром Тухтам з’яўляюцца сузаснавальнікамі аўтацэнтра “Запаска”. Зайшоў у краму, паколькі сам – аўтамабіліст, зацікаўлена стаў разглядаць багаты асартымент тавараў.

За мінут пяць, праведзеных у зале, не было і секунды, каб хтосьці не наведаўся. Вось малады хлопец прынёс пракладку з-пад галоўкі рухавіка. Мне, напрыклад, было ясна, што яна з іншамаркі. Прадавец толькі вокам кінуў і выдаў вескае:

— Гэта “Опель Астра” дызель, матор 1,7, год выпуску 97-ы – 98-ы. На дадзены момант у наяўнасці такіх няма, прыходзьце заўтра. Мы зараз закажам, машына з Мінска сёння прыедзе, прывязе. Калі хочаце, пакіньце нумар тэлефона.

За прылаўкам спачатку быў толькі адзін прадавец, потым да яго далучыўся другі. Людзі ўсё прыбывалі і прыбывалі. Нарэшце, калі пакупнікоў у краме паменела, падышоў, прадставіўся. Мы прайшлі ў кабінет.

— Коратка ахарактарызуйце свой бізнэс.

— Коратка наўрад ці атрымаецца, — усміхнуўся Васіль Фёдаравіч, — але паспрабую. У 90-ых памяняў некалькі працоўных месцаў, служыў у пажарнай часці і міліцыі, праўда, нядоўга. Гадоў 12 таму вырашыў працаваць на сябе, займаўся розным бізнэсам: перапродаж, перавозкі, зараз займаюся рознічным гандлем аўтазапчасткамі. Разам з кампаньёнам Пятром Тухтам адкрылі аўтацэнтр “Запаска”. Пакупнікі могуць набыць запчасткі, а таксама адраматаваць сваё аўто. Як індывідуальны прадпрымальнік, я прадаю запчасткі ў краме. Аўтацэнтр “Запаска” – юрыдычная асоба, прыватнае прадпрыемства, дзе я з’яўляюся сузаснавальнікам, удзельнічаю ў кіраўніцтве.

— Якія вынікі апошняга года?

— Як індывідуальны прадпрымальнік, за 2010 год выплаціў больш 27 мільёнаў рублёў падаткаў. Наш аўтацэнтр павялічыў аб’ём паслуг на 72%. У мінулым годзе прынялі на працу чатырох чалавек. Заробак рабочых — звыш 600 тысяч рублёў у месяц.

— А ці не адбываецца такая сітуацыя, што рост аб’ёма паслуг абумоўлены проста ростам цэн?

— У прынцыпе, гэта лёгка прааналізаваць. За год цэны на запчасткі і паслугі выраслі ў сярэднім на 10-15 %. Як бачыце, астатні прырост – за кошт росту колькасці кліентаў.

— Перад размовай з вамі хвілін дзесяць пастаяў у краме, паназіраў. Пакупнікоў шмат, відаць, вуліца Чуйкова — выгаднае месца.

— Бачылі б вы гэта “выгаднае месца” ў той дзень, калі мы з Пятром яго толькі атрымалі – балота, чарот, хмызняк. Колькі мы зямлі сюды ўвярнулі, каб тут стаў нармальны пляц! Затое зараз – выгаднае месца, дзе многія хацелі б паставіць свае гандлёвыя кропкі. Потым нямала грошай уклалі ў будаўніцтва. З-за будоўлі летась не змаглі паехаць ні ў Кітай, ні ў Італію, як раней, хаця нас запрашалі партнёры.

— А вось пра гэта, калі ласка, падрабязней…

— Адзін з нашых найбольш буйных пастаўшчыкоў фірма “Шатэ-М” праводзіць наступную практыку прадстаўнікоў найбольш актыўных рознічных прадаўцоў у райцэнтрах Беларусі за свой кошт возіць на заводы, дзе вырабляюцца запчасткі, якія потым у нас і прадаюцца. Такім чынам, я пабываў у Італіі і Аўстрыі, а мой кампаньён Пётр Тухта – у Кітаі. Цяпер мы з поўным правам і дасведчанасцю можам гаварыць, які тавар прадаём, якія ў яго вартасці ў параўнанні з прадукцыяй іншых марак.

— Якія бачацца перспектывы развіцця вашага бізнэсу?

— Некалькі разоў бывалі за мяжой. Такіх, як у нас, крамаў аўтазапчастак там вельмі мала або зусім няма. Калі здараецца паломка, чалавек прыязджае на аўтасэрвіс. Майстар праводзіць машыне дыягностыку, вызначае няспраўнасць, бярэ са склада запчасткі і ставіць на машыну. Дзеля справядлівасці заўважу, што сучасныя машыны становяцца настолькі складаныя, што непадрыхтаванаму чалавеку без спецыяльнага інструмента туды лезці ну проста небяспечна. З цягам часу, з ростам дабрабыту насельніцтва мы таксама будзем да гэтага прыходзіць. Скажу больш – мы да гэтага ідзём. Непазбежна.

Другі напрамак нашай дзейнасці – паслугі эвакуатара.

Супрацоўнічаем з ДАІ, па іх выкліках выязджаем забіраць пашкоджаныя машыны з месцаў аварый з дапамогай эвакуатара. Думаем устанавіць уздоўж трасы рэкламныя шыльды са сваімі рэквізітамі. У дарозе шмат што можа здарыцца – мы ўсім гатовы дапамагчы.

— Якія праблемы часцей непакояць ваш бізнэс, канкурэнты не моцна дапякаюць?

— Здаровую канкурэнцыю я толькі вітаю, яна воляй-няволяй прымушае працаваць, рухацца наперад, прымяняць усё самае новае. З многімі, хто стала і цывілізавана працуе ў сферы аўтапаслуг, у нас нават партнёрскія сувязі, супрацоўніцтва.

Іншая праблема — так званыя гаражныя майстры-ўмельцы. Людзі працуюць без рэгістрацыі, не плацяць ніякіх падаткаў, гарантыя на выкананыя работы – вусная. Крыўдна становіцца. Навучым хлопца маторы рамантаваць – ён кідае аўтасэрвіс, ідзе ў гаражы і там, літаральна на каленях, перабірае рухавікі. А каб народ ахвотней ішоў да яго, крыху зніжае цану. У вялікіх гарадах гэта не так кідаецца ў вочы, а вось у райцэнтрах – на кожным кроку. Я гутарыў з калегамі з іншых гарадоў вобласці, рэспублікі – сітуацыя аналагічная. Перамяніць сітуацыю можна будзе толькі з цягам часу і абавязкова з агульным павышэннем дабрабыту насельніцтва – такая мая думка. Калі ў аўтааматара ёсць грошы, ён хутчэй купіць больш дарагое, камфартабельнае аўто, ахвотней пойдзе на аўтасэрвіс, дзе яму зробяць кваліфікаваны рамонт на сертыфікаваным абсталяванні і дадуць гарантыю.

— Вернемся ў больш прыземленыя сферы. Наколькі я ведаю, аўтацэнтр “Запаска” аказвае мецэнацкую дапамогу ў арганізацыі і правядзенні спартыўных спабор­ніцтваў.

— Асабліва расказваць няма чаго, — сціпла сказаў Васіль Фёдаравіч. — Я сам у маладосці ганяў на картах, мой кампаньён Пётр – таксама, цягу да свету матораў і хуткасцяў пранеслі праз усё жыццё. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што мы стараемся дапамагчы нашым картынгістам. Тым больш, што Пецева дачка Насця, як і яе тата, таксама ганяе на картах, нават перамагае і займае прызавыя месцы. Мае дочкі Лена і Даша картынгам не загарэліся, займаюцца таэквандо. Лена яшчэ спявае ў РДК, а Даша – танцуе. Гэта іх выбар, я, чым змагу, абавязкова дапамагу ім.

На завяршэнне сустрэчы прапанаваў зрабіць фота. Васіль наадрэз адмовіўся фатаграфавацца адзін. Пётр Тухта быў заняты ў краме, а вось рабочыя, якія рамантавалі машыны, з ахвотай пагадзіліся.

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: Андрэй Скакун, Сяргей Іваноў, Васіль Смажэўскі і Іван Сотнікаў.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>