Родныя краявіды

Сярод мясцовых мастакоў лічыцца вельмі прэстыжным, калі персанальная выстава работ арганізуецца ў краязнаўчым музеі. Гэтая ўстанова знаходзіцца ў горадзе на бойкім месцы, яе наведвае шмат людзей, у тым ліку вучняў школ і іншых навучальных устаноў, якія ніколі не прамінуць зазір­нуць, пазнаёміцца з творчасцю майстроў выяўленчага мастацтва такога высокага ўзроўню і грама­дзянскага гучання, як, напрыклад, выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Саўчанка.

На гэты раз мастак экспанаваў свой жывапіс, плён творчай дзейнасці двух апошніх гадоў. Усе карціны яркія, сакавітыя, напоўненыя рознакаляровымі прыгожымі фарбамі, непаўторнымі краявідамі роднай прыроды і глыбокімі, шматграннымі пачуццямі чалавека, які бязмежна любіць тыя мясціны, дзе ён нарадзіўся і вырас. Гэта адзначалі ўдзельнікі прэзентацыі выставы Аляксандра Саўчанкі. Адзін з наведвальні­каў нават выказаў меркаванне, што эпіграфам да творчага вернісажу могуць стаць словы народнага паэта Беларусі Якуба Коласа: “Мой родны кут, як ты мне мілы!”

Карціны мастака намаляваны на палотнах розных памераў алеем. На пытанне аматараў выяўленчага мастацтва аб кошце матэрыялаў, з дапамогай якіх ён стварае свае работы, майстар жывапісу адказаў, што яны не танныя, аднак гэта  не галоўнае ў творчай дзейнасці.

Аляксандр Саўчанка патлумачыў, што бываюць карціны, на стварэнне якіх траціцца вельмі шмат часу. Асабліва гэта тычыцца вялікіх па памерах, плошчай ў некалькі квадратных метраў, твораў выяўленчага мастацтва, якія робяцца па заказах. У якасці прыкладу прывёў карціну “З’яўленне Божай маці дзецям” па заказу каталіцкага касцёла.

Вялікую цікавасць выклікала палатно “Марозкі і каліна”, якое, як прызнаўся сам Аляксандр Саўчанка, ён маляваў з асаблівай любоўю і натхненнем. На ім змешчаны прыгожыя кветкі ў гліняных вясковых жбанах і ягада каліна ў кошыку, якія абгорнуты саматканым рушніком бабулі мастака. Праўдзівыя, рэалістычныя вобразы выклікаюць у Аляксандра шчымлівыя, але і адначасова вельмі светлыя, радасныя ўспаміны аб дзяцінстве, праведзеным на ўлонні маляўнічай вясковай прыроды.

Перад вачыма наведвальнікаў паўставалі знаёмыя, мілыя сэрцу краявіды Лепельшчыны (“Лепельскія вулачкі”, “Жэжлінскія мясціны”, “Сушанскія хаты” і іншыя), паколькі яны былі прапушчаны праз душу творцы, набылі глыбокі творчы сэнс і высокае эмацыянальнае гучанне.

Не пакінулі раўнадушным і карціны, прысвечаныя розным перыядам года – (“Вясенняе сонейка”, “Туман. Раніца”, “Каст­рычнік у Лепелі”, “Марозны вечар”). Наогул, кожны аматар выяўленчага мастацтва знаходзіў на выставе штосьці сваё, толькі яму зразумелае і цікавае, што кранала яго пачуцці, западала ў памяць, сеяла разумнае, добрае і вечнае.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

На здымку: з цікавасцю знаёміліся з творчасцю мастака Аляксандра Саўчанкі не толькі людзі сталага ўзросту, але і юныя лепяльчанкі.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>