Дачушка лепяльчанкі пабачыла і Рым, і Венецыю, і ў многіх краінах Еўропы пабывала

2 сакавіка (4)Усё як у казцы: Чырвоная Шапачка з кошыкам прысмакаў спынілася на сцяжынцы ды размаўляе з шэрым зайчыкам. А сцяжынка спрэс усеяная кветкамі. Ды якімі? Ружамі! Чырвоная Шапачка папяровая, дакладней, намаляваная на каробцы торта. А вось сцяжынка і ружы самыя сапраўдныя.
Выбачайце, не зусім сапраўдныя, а крэмавыя, але адназначна салодкія і… смачныя. Вось у такім цікавым, смачным казачным свеце з раніцы да вечара, акрамя хіба выхадных, знаходзяцца жанчыны з кандытарскага цэху хлебазавода Валянціна Супрэдка, Алеся Січэнка Наталля Петух і іх кіраўнік Жанна Леановіч, пра якую павяду гаворку.
Цікава, ці заўважае сама Жанна Мікалаеўна тае міфічнай казачнасці сваёй прафесіі? Думаю, што за дваццаць восем гадоў салодкая казка яе працы стала звычайнай будзённасцю, як кажуць, даўно ўжо карэта ператварылася ў гарбуз, а прынцэса скінула срэбраныя туфлікі рамантычнай мары і стала Папялушкай будзённых спраў. Дом — праца, праца — дом.
Калісьці здаецца, што ўжо ў мінулым жыцці былі родныя Васілевічы на Гомельшчыне, дзе яны, чацвёра дзяцей повара, пяклі дома салодкія пірагі. Тата быў поварам з саракагадовым стажам. Зусім не дзіўна, што і дачка адразу пасля школы стала на булачную лінію мясцовага хлебазавода. Ці не тыя пірагі — салодкі ўспамін дзяцінства — сталі першым замесам яе будучай прафесіі. Затым працавала ў карамельным цэху.
Пайшла вучыцца ў Мала­дзечанскі тэхнікум на тэхніка-тэхнолага хлебабулачнай вытворчасці. Па заканчэнні ў 1987 годзе размеркавалі на Лепельскі хлебазавод.
У Лепелі выйшла замуж, нарадзіла Веру. Усё сімва­лічна — дачка з такім іменем прыдае гэтай мужнай жанчыне, якая паспытала ў жыцці і салодкага, і горкага хлеба, веры ў людзей, веры ў будучыню, аптымізму. Усё ў жыцці было дзеля дачкі, дзеля якой жыла ў маладосці і жыве зараз. Сама толькі раз на мора з’ездзіла пакупацца, затое дачушка і Рым пабачыла, і Венецыю. Ці не ўсю Еўропу аб’ехала!? Зараз Верачка ўжо вялікая. Закончыла факультэт камп’ютарнай графікі МДПУ імя Максіма Танка, атрымала вольны дыплом, шукае працу, па ўсім відаць, што з’едзе ў сталіцу. Жанна Мікалаеўна не стане пярэчыць выбару дачкі, разумее — не ўсё ж жыццё ёй за матчыну спадніцу трымацца. Хай ляціць сабе ў палёт вольны, у жыццё дарослае.
— Ці печаце вы зараз пірагі дома? — пытаюся.
— Што вы! — усміхаецца Жанна Мікалаеўна. — Мне гэтага печыва на працы хапае. Хіба што салату магу прыгатаваць, рыбу запекчы. Рыбу ўвогуле люблю ва ўсялякім выглядзе. Толькі не пірагі. Дачка пячэ, знойдзе штосьці моднае ў інтэрнэце і давай эксперыментаваць, чызкейк — запяканку тварожную жэлейную ці яшчэ што.
— А кветкі якія любіце?
— Люблю ўсялякія. Раней неяк было захапілася гладыёлусамі. Зараз — нават і без розніцы. Усе кветкі прыгожыя. Мы жывём у кватэры. Агародзік невялікі, што толькі пад вокнамі ў двары. Аднак у нас людзі вельмі дружныя, усім дваром кветкі вырошчваем. І маці на Гомельшчыне, нягледзячы на ўзрост, па-ранейшаму вырошчвае кветкі. Як без іх жыць! Увесь дом у Васілевічах у квецені.
Простае жаночае шчасце: матуля, да якой прыязджае, каб душою адпачыць, Верачка, дзеля якой жыве, добрыя, працавітыя суседкі, з якімі разам кветкамі любуюцца, працоўныя будні з салодкім прысмакам тартоў. Жыццё, вядома, не казка. Аднак можа яшчэ ранавата расставацца з рамантыкай крыштальных чаравічкаў?..
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Жанна Мікалаеўна Леановіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>