Цэны на многія тавары растуць, а на мяса на лепельскім базары застаюцца нязменнымі, і мусіць, з паўгода

foto1Напярэдадні апошняга базарнага дня, у суботу, быў па сваіх справах у Мінску. Заадно зазірнуў на мясцовы базарчык, пацікавіўся асартыментам і цэнамі. Гэта была адна з невялікіх гандлёвых пляцовак пад адкрытым небам, дзе прадаюць гародніну, садавіну, сабраныя дары прыроды. У першую чаргу пацікавіўся гароднінай, каб потым параў­наць з цэнамі лепельскімі.
Пытаюся ў жанчыны:
— Колькі каштуе ваша бульба?
— Восем тысяч рублёў, — ашаламіла адказам.
— Колькі-колькі? — перапытваю.
— За кілаграм, — гэтыя словы расстаўляюць усё па сваіх месцах.
Калі ўлічыць, што ў стандартным дзесяцілітровым вядры ўмяшчаецца восем кілаграмаў вялікіх клубняў, то атрымаецца, што вядро бульбы ў Мінску каштуе не менш за 64 тысячы рублёў. Буракі, морква і яблыкі прадаваліся па дзесяць тысяч рублёў за кіло.
А назаўтра завітаў на базар лепельскі, адразу на сельгаспляцоўку, каб параўнаць. Бульбу прывезлі 12 чалавек. Цана на гэты тавар збольшага не памянялася: дзесяцілітровае вядро вялікай бульбы прадавалі па 50 тысяч рублёў. Аднак можна было патаргавацца, і прадаўцы згаджаліся на 45, а то і на 40 тысяч рублёў за вядро. У адным месцы заўважыў, што мужчына прадаваў паранку, цану выставіў 15 тысяч рублёў за вялікае вядро. Цана на збожжа таксама не паднялася — 25 тысяч рублёў за дзесяцілітровае вядро.
Цэны на гародніну вагаліся ад пяці да сямі тысяч рублёў за кілаграм буракоў і морквы. Аднак у апошнюю нядзелю не заўважыў на сельгаспляцоўцы капусты, не прадавалі яе зусім.
Прыемна было пабачыць прадаўцоў яблыкаў, вырашчаных у нашых садах. У ранейшыя часы хіба што Балгарыя ды Польшча славіліся яблыкамі, якія доўга захоўваліся, маючы нават увесну прыемны смак. У апошнія гады і садаводы Лепельшчыны асвоілі навейшыя сарты. Сёлета многія гараджане аддаюць перавагу яблычкам, вырашчаным на роднай зямлі, а не прывазным.
З’явілася і гародніна ўраджаю 2015 года. Адзін з гаспадароў у сваёй цяпліцы вырасціў цыбулю на зялёнае пяро і ў нядзелю прадаваў яе пучкамі. Цану ўстанавіў 80 тысяч за кілаграм. Аднак для зручнасці пакупнікоў зеляніну падзяліў на пучкі, каб прадаваць па 10, 15, 25 тысяч рублёў. У сярэдзіне базарнага дня ў яго заставалася некалькі пучкоў. Забягаючы наперад, заўважу, што набыў адзін. А ўвечары з варанай бульбачкай ды падсмажаным салам… Эх, смаката!
На мясных радах панавала ажыўленне, свініну прадавалі ў трох гандлёвых месцах. Зранку самае дарагое мяса, паляндвіца і шыя, каштавала па 110 тысяч рублёў за кілаграм. Бліжэй да заканчэння гандлёвага дня цана знізілася да 100 тысяч рублёў. Кумпякі і лапаткі прадаваліся па 80 тысяч рублёў. Косці і сала — яшчэ танней. Задаў прадаўцам пытанне:
— Цэны на многія іншыя тавары растуць, а на мяса на рынку застаюцца нязменнымі, прынамсі, з паўгода.
— А куды падымаць? У насельніцтва заробкі ж не растуць, пакупніцкая здольнасць змяншаецца. Калі паднімем цэны хоць крыху, амаль увесь тавар застанецца непрададзеным.
Побач малады мужчына прадаваў цяляціну. Выгадаваў бычка, забіў яго, а цяпер прывёз мяса на базар. Варта прызнаць, што за дзень амаль усё было распрададзена. Выразка каштавала да 120 тысяч рублёў, гуляш — па 100 тысяч, косці з мясам — па 45 тысяч.
У малочным павільёне асаблівых перамен не было. На рэчавым рынку большасць ралетаў былі зачыненыя. Надзіва, знаёмая жанчына ў нядзелю працавала. Пытаюся:
— Што здарылася?
— Змены ў заканадаўстве. Уступілі ў сілу папраўкі, якія патрабуюць абавязковай наяўнасці сертыфікатаў і ў той жа час узмацніўся кантроль за гандлем, павялічыліся штрафы. Нядаўна прайшла інфармацыя, што ўвядзенне іх адкладзена на некалькі месяцаў, але прадпрымальнікі ўсё роўна пакуль што не працуюць. У мяне ўвесь тавар сертыфікаваны, пераважная большасць асартыменту — беларускай вытворчасці. Аднак і мне гэтая сітуацыя непрыемная. Уводзяцца змяненні, потым адкладваюцца, потым зноў нешта мяняецца…
На мікрааўтобусе прывезлі абутак айчынных вытворцаў. Набліжэнне вясны адчувалася ў асартыменце, вельмі шмат было веснавых мужчынскіх і жаночых мадэляў. Аднак і адрозненне ў цэнах таксама адчувалася. Напрыклад, самая танная мужчынская пара каштавала 400 тысяч рублёў, жаночая — 700 тысяч. Самы дарагі мужчынскі абутак заўважыў за 800 тысяч, самыя дарагія жаночыя боты з натуральнай скуры — амаль за паўтара мільёна.
З’яўляецца і веснавы абутак для тэхнікі. У адным месцы прадаваліся камеры і пакрышкі для веласіпедаў. Камера каштавала 60 тысяч рублёў, пакрышка — 120. Прычым не залежна ад памеру.
У цэлым нядзельны дзень удаўся, быў насычаны падзеямі, сустрэчамі і адзначыўся ясным вясновым надвор’ем.
Б. САНЕЎ.

Один комментарий для “Цэны на многія тавары растуць, а на мяса на лепельскім базары застаюцца нязменнымі, і мусіць, з паўгода

  • 16.03.2015 в 8:51 дп
    Permalink

    Лепель является городом нефтяников,прямо скажем,что цены на рынке и в торговле зашкаливают,из других районов сюда едут торгаши.чтобы продать товар подороже. Неужели нельзя выравнять цены с другими районами,построить евроопт или другие магазины с более низким уровнем цен для конкуренции. Надо что-то делатьдля людей.что живут от зхарплаты до зарплаты.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>