Пошукі і знаходкі “Нашчадкаў”

А дванаццатай гадзіне ў Слабадскую сярэднюю школу прыехалі госці з Лепеля і Віцебска — намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Васіль Буткевіч, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Валерый Быкаў, дырэктар раённага краязнаўчага музея Аліна Стэльмах, намеснік ваеннага камісара раёна маёр Аляксей Еўстаф’еў, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў-афганцаў Сяргей Крывель і іншыя.

Нагода была самая прыемная – узнагаро­джанне настаўніка гісторыі Валерыя Тухты юбілейным медалём “65 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.”.

* * *

Чым жа вызначыўся настаўнік гісторыі вясковай школы? Пачынаў сваю працоўную дзейнасць Валерый Уладзіміравіч у Велеўшчынскай базавай школе. Як гісторык і чалавек неабыякавы да мінулага свайго краю, ён звярнуў увагу на краязнаўства. Прычым дзейнічаў не толькі сам, а і прыцягваў да працы, захапляў ёю школьнікаў. Першай задачай, якую ставілі перад сабой юныя даследчыкі, было азнаямленне з адметнасцямі наваколля, у першую чаргу, з археалагічнымі помнікамі, апісанне іх, прыняцце мер па захаванню. Пяцікласнікі дружным гуртам хадзілі за сваім настаўнікам, адкрывалі для сябе нанава тое, што кожны дзень бачылі, але не заўважалі, не звярталі ўвагі.

Так у першыя два гады ўсё вылівалася ў простыя паходы па наваколлі з апі­саннямі ўбачаных курганоў і гарадзішчаў. А потым дзеці і іх настаўнік задумаліся: “А што далей? І, нарэшце, як сябе называць?” Варыянтаў назвы было шмат, але спыніліся на “Нашчадках”, гэтыя хлопцы і дзяўчаты па праву сталі лічыць сябе пераемнікамі гістарычнай спадчыны.

Сярод тых першых “Нашчадкаў” былі Саша Котаў, браты Вадзім і Дзіма Гацуры. Зараз яны ўжо дарослыя, самастойныя людзі. Саша працуе настаўнікам інфарматыкі ў Каменскай сярэдняй школе, вучыцца ў аспірантуры, па-ранейшаму захапляецца гісторыяй. Гацуры ж выбралі тэхнічныя прафесіі. Валерый Уладзіміравіч сцвярджае:

— Я не стаўлю перад сабой мэту, каб усе “Нашчадкі” сталі гісторыкамі, гэта і не трэба многім, гэта трэба адзінкам. Я імкнуся, каб дзеці выраслі добрымі людзьмі, якія любяць і берагуць сваю гістарычную спадчыну, ніколі не будуць, напрыклад, самавольна раскопваць курганы.

* * *

У 2007 годзе Велеўшчынскую базавую школу зачынілі, а вучняў і настаў­нікаў перавялі ў Слабадскую. На змену першым “Нашчадкам” прыйшло новае пакаленне. Зараз выпраўляюцца ў паходы па наваколлі, даследаваннем гістарычных помнікаў займаюцца Рома Каралёў, Саша Покалаў, Саша Аўтушка, Раман Альхімовіч, Вадзім Баранаў, Саша Вараны. Знаходкі хлопцы старанна апісваюць: дзе месціцца, якія памеры, стан, прыблізны ўзрост і гэтак далей. Потым пачынаецца сапраўдная даследчыцкая праца, хлопцы сядаюць за даведнікі па гісторыі, археалогіі, каб вызначыць, ці вывучаўся гэты аб’­ект, якія работы на ім праводзіліся, якія артэфакты знойдзены. Бывала, што знаходзілі раней не апісаныя і нават не ўлічаныя гістарычныя аб’екты. Сярод апошніх значных знаходак — курганны могільнік паміж вёскамі Велеўшчына і Цярэшкі. А ўсяго юныя даследчыкі знайшлі і ўпершыню апісалі тры курганныя могільнікі, два адзінкавыя курганы, гарадзішча, се­лішча і стаянку людзей бронзавага веку, якой больш за пяць тысяч гадоў. Адзін з мо­гільнікаў дзеці ўвогуле знайшлі выпадкова. Прывычным маршрутам на веласіпедах ехалі ў суседні Чашніцкі раён паглядзець на вядомы курганны могільнік, дзе налічваецца больш за 30 пахаванняў. Перад пераправай праз Эсу прыпыніліся. Хлопцы пайшлі ў суседні лясок, каб набраць дроў ды распаліць вогнішча, згатаваць гарбату. Раптам хлопцы бягуць з крыкамі: “Валерый Уладзіміравіч, там – курганы!” Заходзіць настаўнік у лясок, а там — сапраўды могільнік больш як на 20 пахаванняў! Нідзе не ўлічаны, нікім не вывучаны, не даследаваны! Колькі разоў міма ляска праз Эсу перапраўляліся, а ні разу туды не зазірнулі.

Звесткі пра знойдзеныя курганы, іх апісанне юныя даследчыкі адпраўляюць у інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Некалькі разоў “Нашчадкі” разам з вучонымі ўдзельнічалі ў раскопках, бывала, нават знаходзілі цікавыя рэчы. Адна з самых адметных трапіла ў рукі даследчыкаў пры раскопках селішча на Эсе ля вёскі Адамаўка. Раскопвалі пасяленне людзей прыблізна чацвёртага – пятага стагоддзя нашай эры. Нечакана з зямлі выкапалі бронзавае жаночае ўпрыгажэнне — лунніцу і фрагмент бронзавай паясной спражкі. Гэтыя рэчы былі ўпрыгожаны эмалямі. Знаходкі падобнага кшталту больш характэрныя для археалагічных аб’ектаў Магілёўшчыны. Туды яны траплялі ў першую чаргу з Кіева, з якім былі сталыя гандлёвыя сувязі. Вучоныя вылучылі дзве асноўныя версіі трапляння на Лепельшчыну падобных вырабаў: магчыма, іх прадаў мясцовым жыхарам заезджы купец, а, можа быць, дзяўчына з Магілёўшчыны выйшла замуж за нашага хлопца і ўпрыгажэнні ўзяла ў пасаг.

У прынцыпе, лепельскія курганы не багатыя на дары. У тыя далёкія часы нябожчыкам клалі сякеру ці нож – мужчынам, верацяно, бронзавы ці медны пярсцёначак – жанчынам. Шмат выкопваецца фрагментаў керамікі: асколкі гарлачыкаў, місак, прасліцы.

З цягам часу ў дзяцей выпрацоўваюцца чуццё гісторыкаў, прафесійны погляд на звычайныя, здавалася б, рэчы. Ідзе чалавек па зямлі, бачыць узгоркі ды яміны. А ідзе “Нашчадак” — бачыць курганы, рэшткі гарадзішчаў, акопы, ямы ад бліндажоў. Гэтыя хлопцы больш ніколі не стануць так званымі чорнымі капаль­нікамі, не палезуць з рыдлёўкай у курган, спадзеючыся знайсці там міфічнае “золата і брыльянты”. Наадварот, яны з павагай ставяцца да мінуўшчыны, зберагаюць і ахоўваюць яе, каб узбагачанай перадаць наступным нашчадкам.

* * *

Велізарны пласт працы – увекавечанне памяці пра мінулую вайну. Прычым хлопцы і дзяўчаты вывучаюць вайну не толькі і не столькі па кніжках і падручніках. Аднымі з першых зробленых імі спраў сталі збор і запіс успамінаў усіх удзельнікаў вайны, якія жылі ў навакольных вёсках: франтавікоў, партызанаў, вязняў фашысцкіх турмаў і канцлагераў. З кожным годам, з кожным днём усё менш і менш становіцца жывых сведак тых крывавых і разам з тым гераічных падзей, часта даводзіцца запісваць успаміны воінаў і партызанаў, расказаныя іх дзецьмі і ўнукамі.

— Вельмі шкадую, што не нарадзіўся гадоў на 30 раней, — кажа Валерый Тухта, — цікава было б паслухаць і запісаць успаміны  франтавікоў і партызанаў, якія жылі ў 60-ыя – пачатку 70-ых гадоў. У большасці ветэраны былі яшчэ жывыя, а ўспаміны іх – свежыя, дакладныя, са мноствам цікавых падрабязнасцяў.

Асобнага ўпамінання варта праца настаўніка і гурткоўцаў па збіранню і сістэматызацыі звестак пра дзейнасць на Лепельшчыне партызанскай брыгады “Чэкіст” пад камандаваннем Герасіма Кірпіча. Справа ў тым, што на Лепельшчыне ад пачатку і да завяршэння акупацыі сфарміраваліся, стала дзейнічалі брыгады імя Сталіна і “Дубава”. Іх дзейнасць даследавана, напісаны шэраг навукова-дакументальных і мастацкіх кніг. Брыгада “Чэкіст” жа была сфарміравана на тэрыторыі Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці ў канцы 1941 года, а ў пачатку 1942-га ў сувязі з карнымі аперацыямі захопнікаў перадыслакавалася на Лепельшчыну, месцілася на тэрыторыі сучаснага Слабадскога сельсавета. Шмат жыхароў навакольных вёсак пайшлі ў брыгаду. Крыху больш года дзейнічалі “Чэкісты” на Лепельшчыне, адважна грамілі ворага, а ў 1943-ім вярнуліся на Шклоўшчыну. Пасля вайны былыя партызаны раз’­ехаліся па розных кутках былога Саюза. Герасім Кірпіч жыў у Мінску, шмат ветэранаў пасяліліся ў Шклоўскім раёне, у Гро­дзенскай вобласці. Амаль з усімі, хто быў яшчэ жывы, устанавілі сувязь, калі чалавек памёр – звязваліся з роднымі, запісвалі ўспаміны, збіралі дакументы і рэліквіі. Калі трэба, настаўнік не лічыцца з асабістым часам, сродкамі, едзе і ў Шклоў, і ў Мінск, і на Гродненшчыну. Некалькі разоў прыходзіў да былой партызанкі, ганаровай грамадзянкі Лепеля Ганны Ігнатаўны Філіпавай. Матэрыялаў пра партызанскую брыгаду “Чэкіст” сабралася на грунтоўную кнігу.

* * *

У многія вандроўкі разам з настаўнікам ідуць яго выхаванцы-“Нашчадкі”. Дзецям цікава прайсці па месцах былых баёў, на свае вочы пабачыць былыя партызанскія стаянкі, уласнымі рукамі дакрануцца да гісторыі, паслухаць жывых сведкаў. А найлепшы спосаб акунуцца ў атмасферу ваеннай пары – прайсці партызанскі рэйд. Хлопцы і дзяўчаты з настаўнікам апранаюцца ў партызанскае адзенне, бяруць “зброю” і ідуць у рэйд па навакольных лясах. Асноўная задача як у рэальнай партызанскай групы – таемна і непрыкметна прыбыць у зададзены раён. Такім чынам вырашаецца яшчэ адна педагагічная задача – з хлопцаў і дзяўчат выхоўваецца калектыў. Часта пры абследаванні месцаў баёў, былых партызанскіх зямлянак у рукі юных даследчыкаў трапляюць рэчы без перабольшвання ўнікальныя: фрагменты зброі і боепрыпасаў, адзенне, узнагароды, прадметы побыту. Аднак найбольш выніковыя ў матэрыяльным плане экспедыцыі да мясцовых жыхароў. У многіх сем’ях да гэтай пары захоўваюцца пісьмы з фронту, узнагароды і дакументы да іх, партызанскія даведкі, нават посуд трапляецца.

Усю здабычу зносілі ў школу. Спачатку гістарычныя рэчы проста ляжалі па розных кутках і кабінетах, пакуль не нарадзілася ідэя стварыць музейную экспазіцыю. Для гэтай мэты ў Слабадской школе спецыяльна выдзелілі кабінет. Хлопцы і дзяўчаты сваімі рукамі зрабілі ў ім рамонт, пафарбавалі, паклеілі шпалеры, змайстравалі стэнды. Сёння вынікі іх шматгадовай працы можна годна паказаць любому госцю. Экспазіцыя вельмі спадабалася ўсім гасцям, асабліва Васілю Буткевічу. Аднак ён заўважыў:

— Гэта – толькі пачатак шляху. Даная музейная экспазіцыя, на маю думку, — выдатная прыступка, падмурак для стварэння паўнацэннага гісторыка-краязнаўчага музея.

* * *

Урачыстае ўзнагаро­джанне праходзіла ў актавай зале Слабадскога Дома культуры. Госці сказалі шмат цёплых слоў у адрас Валерыя Уладзіміравіча і “Нашчадкаў”. Маёр Аляксей Еўстаф’еў заўважыў:

— Летась, калі быў зацверджаны гэты медаль, узнагароды атрымалі ўсе ўдзельнікі вайны і вязні фашысцкіх канцлагераў. Не ўсе змаглі прыехаць па ўзнагароды ў Лепель, таму я сам два дні ездзіў па ўсяму раёну, уручаў узнагароды на даму. Калі нам прыйшлі дакументы на сённяшні медаль і мы глянулі на ўзрост узнагароджваемага – здзі­віліся. На маім вяку гэта ці не першы выпадак узнагароджання медалём чалавека, які не ўдзельні­чаў у баявых дзеяннях. Паглядзеўшы сёння музейную экспазіцыю, пазнаёміўшыся з вынікамі шматгадовай працы, асабіста прыйшоў да высновы – узнагароджанне не выпадковае, заслужанае. Яшчэ хачу засяродзіць увагу на такім факце. Хадайнічалі аб узнагароджанні настаўніка медалём прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый – людзі, якія шмат пражылі, перажылі і якія ведаюць сапраўдную цану дзяржаўнай узнагароды.

Сярод апошніх важную ролю ў добрай справе адыграў ураджэнец Лепеля, былы малалетні вязень лепельскай турмы для партызанаў і членаў іх сем’яў Уладзімір Маісеенка. На вялікі жаль, ён асабіста не змог прыехаць у Слабаду, аднак павіншаваў па тэлефоне.

Ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі абл­выканкама атрымалі актыўныя ўдзельнікі гуртка “Нашчадкі” Саша Аўтушка і Рома Каралёў.

Дарэчы, трэба сказаць, што для Валерыя Уладзі­міравіча гэта ўжо не першая ўзнагарода, у 2005 годзе яму ўручылі памятны медаль “60 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.” за вялікую справу ва ўвекавечанні памяці аб мінулай вайне і поспехі ў ваенна-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: маёр Еўстаф’еў уручае медаль Валерыю Тухта.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>