Раённая сталіца

Кожны новы год, і, тым больш, новае стагоддзе вылучаюцца сваімі асаблі­васцямі. Такімі для Лепельшчыны з’явіліся і пачаткі трох апошніх стагоддзяў. Так, у пачатку XIX стагоддзя пасля далучэння да Расіі Лепель атрымаў статус павятовага горада (1805 год). У першае дзесяцігоддзе тут было поўнасцю завершана будаўніцтва горадаўтваральнай установы – Бярэзінскай воднай сістэмы.

У складзенай адным з лепельскіх чыноўнікаў “Гараднічай кнізе” за 1811 год знаходзім звесткі, што ў Лепелі ў той час жылі 1297 чалавек, якія месціліся ў 286 дамах. Сярод жыхароў горада дваранскае званне мелі 20 чалавек, купечае — 21, чыноўнікаў было 60, духоўных асоб – 20. Дзейнічалі чатыры ўніяцкія храмы, адзін яшчэ сапегаўскі каталіцкі касцёл, адноўлены пасля пажару 1779 года, і дамавая праваслаўная Спаса-Праабражэнская царква. Мясцовае насельніцтва абслугоўвалі адзін вадзяны млын і сукнавальня. Асноўны даход гораду прыносіла Бярэзінская водная сістэма, якая працавала ўжо на ўсю моц.

Амаль праз стагоддзе па перапісу насельніцтва 1897 года ў Лепелі пражывалі 6284 жыхары. Аднак значнага прыросту насельніцтва ў пачатку XX стагоддзя не назіралася. На гэта ўплывалі масавы адыход беззямельных жыхароў павета на заробкі ў іншыя губерні еўрапейскай часткі Расіі, перасяленне ў Сібір і на Далёкі Усход, эміграцыя ў краіны Амерыкі і Заходняй Еўропы. У 1910-ыя гады ў нашым краі пераважалі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі – мукамольні, крупадзёркі, піва-мёдаварачныя заводы, тытунёвыя фабрыкі. Працавалі некалькі гарбарных заводаў, цагельня, вадзяныя млыны на рэках Эса і Ула.

У 1911 годзе былі ўведзены земствы ва ўсіх паветах Віцебскай губерні, у тым ліку і ў Лепельскім.

100 гадоў таму ў Лепелі дзейнічалі мужчынскае і жаночае прыходскія вучылішчы, Марыінскае жаночае чатырохкласнае вучылішча (прагімназія), мужчынскае і жаночае народныя вучылішчы, мужчынская і жаночая царкоўнапрыходскія школы. Аднак далёка не ўсе дзеці школьнага ўзросту былі ахоплены навучаннем. У 1912 го­дзе пры Лепельскім гарадскім вучылішчы была заснавана стыпендыя імя рускага пісьменніка Мікалая Гогаля. У 1911-1912 гадах у горадзе выдавалася грамадска-эканамічная газета “Лепельский вестник” і ў 1913 годзе выходзіў часопіс “Известия Лепельского общества сельского хозяйства”.

Карэнным чынам у параў­нанні з папярэднімі стагоддзямі змяніліся воблік і змест сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця Лепельшчыны ў пачатку XXI стагоддзя. Колькасць насельніцтва ў параўнанні з пачаткам XX стагоддзя ўзрасла ў разы (у 2009 годзе ў горадзе і раёне налічвалася 17400 чалавек). Буйнейшымі прадпрыемствамі, якія даюць асноўны прыбытак гораду, з’яўляюцца малочнакансервавы камбінат, электрамеханічны, рамонтна-механічны заводы і іншыя прадпрыемствы. Высакаякасная прадукцыя нашых прадпрыемстваў экспартуецца ў 16 краін свету.

У Лепелі працуюць тры сярэднія школы, гімназія. Усе дзеці школьнага ўзросту вучацца. Большасць дашкольнікаў наведваюць дзіцячыя сады. Лепельская цэнтральная раённая бальніца, раённая і стаматалагічная паліклінікі поўнасцю забяспечваюць жыхароў стацыянарным абслугоўваннем і амбулаторна-паліклінічнай дапамогай. У горадзе дзейнічаюць шэсць храмаў розных канфесій.

Па доўгатэрміноваму плану забудовы Лепеля мяркуецца пашырыць яго межы, узвесці новыя мікрараёны. Асабліва вялікія змены адбудуцца ў цэнтральнай частцы горада. Няспешнымі, прыемнымі для прагулак і адпачынку лепяльчан, гасцей горада стануць з густам абуладкаваныя пешаходныя вуліцы Ленінская і Данукалава.

Ілья ЯНУШ,

краязнавец.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>