Набыты праз інтэрнэт-краму мабільнік меў слабы гук, дрэнны прыём, акумулятар нядоўга служыў пакупніцы, словам, выкінутыя на вецер грашовыя знакі

996Жыхарка Гродзенскай вобласці Н. звярнулася з заявай у Лепельскі райвыканкам з заявай аб тым, што мінская інтэрнэт-крама прадала ёй няякасны тавар і адмаўляецца абмяняць яго. Гучыць, на першы погляд, незразумела і нават парадаксальна. Здавалася б, якое дачыненне жыхары Гродзенскай вобласці і Мінска могуць мець да Лепеля ў Віцебскай вобласці? Аднак аб усім па парадку.
Мінчанін С. два гады таму заснаваў прыватнае ўнітарнае прадпрыемства, а зарэгістраваць яго вырашыў у Лепелі. Прычына вельмі простая — згодна з заканадаўствам, прадпрыемствам, якія зарэгістраваны ў малых населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да дваццаці тысяч чалавек, даюцца істотныя падатковыя льготы. Таму даволі шмат мінскіх прадпрымальнікаў звярнулі сваю ўвагу на Лепель.
С. займаўся продажам мабільных тэлефонаў праз інтэрнэт. Прычым не засноўваў паўнацэнную інтэрнэт-краму, а карыстаўся фактычна сайтам аб’яў, на якім урэшце і знайшла выгадную, як ёй тады падалося, для сябе прапанову жыхарка Гродзенскай вобласці Н. Знайшла патрэбны ёй мабільны тэлефон, праз інтэрнэт замовіла заказ, у вызначаны час кур’ер даставіў пакупку. Аднак ніякіх дакументаў, акрамя інструкцыі па карыстанні да тэлефона, не выдаў. Узяў грошы, ударылі па руках і раз’ехаліся.
А далей для Н. пачаліся праблемы і галаўны боль. Тэлефон аказаўся не такім і выдатным, як чакалася: дрэнны прыём, слабы гук, нядоўга батарэя трымае зарад. Жанчына звярнулася да прадаўца з просьбай аб замене няякаснага тавару або аб вяртанні грошай. Завязалася інтэрнэт-перапіска. У выніку жанчына атрымала катэгарычную адмову. Маўляў, вы ў нас нічога не куплялі, мы вам — не прадавалі. Дзе дакументы? Ды і ўвогуле мы не інтэрнэт-крама і не можам несці адказнасць за вашы пакупкі, зробленыя праз сайт аб’яваў.
Пакупніца разглядае пытанне аб звароце ў суд, аднак справа наўрад ці будзе мець перспектыву. Асноўная прычына — няма дакументаў, якія б надзейна пацвярджалі факт продажу. Тлумачыць галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Марына Скакун:
— Інтэрнэт-гандаль і яго суб’екты павінны падпарадкоўвацца ўсім тым правілам і нормам, якія існуюць для звычайнага гандлю. Інтэрнэт-прадаўцы павінны мяняць няякасны тавар, вяртаць грошы па патрабаваннях пакупнікоў. Аднак і пакупнікі павінны ўмець абараняць свае правы. Найперш — карыстацца паслугамі зарэкамендаваных, правераных інтэрнэт-крамаў, а не выпадковых сайтаў з аб’явамі аб продажах. Па-другое, яны павінны патрабаваць у прадаўцоў дакументы, з дапамогай якіх пры выяўленні няякаснага тавару могуць абараніць свае інтарэсы. Такім дакументам з’яўляюцца дагавор аб куплі-продажы тавару. Абавязкова павінны быць і дакументы, якія пацвярджаюць факт унясення аплаты. Гэта можа быць чэк або квітанцыя. У такім выпадку нядобрасумленнаму прадаўцу цяжка будзе выкручвацца, збягаць ад адказнасці. Дадатковым сродкам абароны паслужаць і дакументы, пашпарт на тавар з адзнакай аб гарантыі. Там будуць указаны гарантыйныя тэрміны працы, выпадкі, пры якіх ажыццяўляецца абмен тавару або вяртанне грошай, іншыя гарантыйныя абавязацельствы. У апісаным вышэй выпадку грамадзянка Н. у першую чаргу сама не паклапацілася пра абарону сваіх інтарэсаў, і фармальна прадпрымальнік не мае перад ёй ніякіх абавязацельстваў.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>