Нябожчыкаў спальвалі на вогнішчы, жанчын — з упрыгажэннямі

прыпарнае.22.09 (20)Цяжка ўявіць, што тысячу, а можа і болей, гадоў таму назад рэкі з’яўляліся адзіным даступным шляхам зносін паміж людзьмі. Па водных магістралях праходзілі гандлёвыя шляхі, адбываліся міграцыйныя працэсы. Міналі стагоддзі, з цягам часу рэкі згубілі сваю сацыяльную значнасць…
Адной з такіх рэк, якая адыграла вялікую гістарычную ролю ў рассяленні на тэрыторыі сучаснай Лепельшчыны першых насельнікаў, з’яўляецца Эса. Напамінам пра тое з далёкіх часоў засталіся археалагічныя помнікі — удзірванелыя і парослыя векавымі дрэвамі курганы, гарадзішчы і селішчы.
…Прыгожы веснавы дзянёк, зямля толькі-толькі вызвалілася ад халоднага снежнага панцыра і патыхае цяплом. Самы час адпраўляцца ў водную вандроўку на байдарках, пакуль тое дазваляе зрабіць дастатковы ўзровень вады.
Прыпыніўшыся на чарговую днёўку, здарожаныя турысты прычалілі свае хісткія “каўчэгі” да стромкага берага Эсы, які падмываюць рачныя хвалі. Вялікія кавалкі дзёрну, што ўсю зіму трымаліся толькі таму, што былі скутыя марозам, павольна спаўзаюць уніз да вады. Пры гэтым агаляецца прыбярэжны схіл, з якога дзе-нідзе тырчаць рэшткі глінянага посуду. Збіраючы кавалкі старажытных гаршчкоў, вандроўнікі і не здагадваліся, што адкрылі для гістарычнай навукі ўнікальны помнік архе­алогіі…
Праз нейкі час тыя чарапкі трапілі ў рукі археолагаў. Так пачалося планамернае вывучэнне берагоў ракі. Падчас археалагічных разведак і краязнаўчых экспедыцый у сярэднім цячэнні Эсы, па абодва яе берагі, быў выяўлены шэраг помнікаў розных па часе гістарычных эпох. Гэта некалькі селішчаў, дзве групы курганных могільнікаў, адзіночныя курганы, гарадзішча, культавы камень. Увесь гэты археалагічны комплекс патрабуе дэталёвага даследавання кампетэнтнымі ў галіне археалогіі спецыялістамі. Але ўжо і сёння можна з упэўненасцю сказаць, што некалькі тысяч гадоў таму назад у сярэднім цячэнні ракі існаваў своеасаблівы цэнтр цывілізацыі. Ужо зроблены першыя крокі да разгадкі таямніц…
На працягу некалькіх палявых археалагічных сезонаў даследаванні некаторых з вышэй адзначаных помнікаў праводзіў археолаг Інстытута гісторыі Акадэміі навук Павел Кенько. Раскопкі распачалі на селішчы, якое адносіцца да эпохі бронзы (канец 3-га — пачатак 2-га тысячагоддзяў да нашай эры). Даследаванні паказалі, што людзі жылі ў дадзеным месцы на працягу вялікага прамежку часу — прыкладна да ІV — V стагоддзяў нашай эры. Археолагу ўдалося выявіць рэшткі жытла, пашкоджанага агнём. У выніку знойдзены рэчы, асноўную колькасць якіх складалі фрагменты керамікі, праўда, яны кепска захаваліся. Былі знойдзены таксама тыглі — формачкі для выплаўкі металаў, крамянёвыя наканечнікі стрэл. Менавіта наяўнасць фрагментаў зброі і сляды пажарышча навялі даследчыка на думку, што паселішча магло быць знішчана ў выніку ўзброенай сутычкі. Кім былі тыя нападнікі? Адказу на гэтае пытанне пакуль няма. Магчыма, атрады ваяўнічых славян, што шукалі сабе новую радзіму, ці бліжэйшы род, які паквапіўся на багацце суседзяў.
У пачатку 1-га тысячагоддзя нашай эры жыццё на селішчы становіцца небяспечным. На высокім пагорку, які знаходзіцца за некалькі соцень метраў ад селішча, людзі знайшлі сховішча за высокімі драўлянымі сценамі. Стромкія схілы з’яўляліся добрай перашкодай для ворагаў — незаўважаным да гарадзішча не падкрадзешся. Там, дзе верагоднасць нападу ворагаў была вялі­кая, узвялі цэлую сістэму земляных валоў і равоў.
Атрыманыя падчас раскопак селішча матэрыялы давалі падставу меркаваць, што тут у першых стагоддзях нашай эры жылі носьбіты кіеўскай культуры. Але асноўны арэол бытавання гэтай археалагічнай супольнасці прыпадае на паўднёвы ўсход Беларусі, а таксама суседнія рэгіёны Украіны і Расіі. Калі такая навуковая гіпотэза правільная, то гэта пашырае межы бытавання плямёнаў кіеўскай культуры ў напрамку на поў­нач і ахоплівае пэўную частку Лепельшчыны.
На правільнасць зробленых першапачаткова вынікаў указвае знойдзеная на селішчы аздобленая выямчатымі эмалямі чырвонага колеру фібула — бронзавая шпілька для ­адзення, якая адначасова служыла і ўпрыгажэннем. Такія ўпрыгажэнні знаходзяць на вялікіх абшарах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы на помніках многіх культур. Вырабы тагога стылю характэрны і для кіеўскай культуры. Яны сустракаюцца з ІІ па ІV стагоддзі. З вялікай доляй верагоднасці можна гаварыць, што фібула з Лепельшчыны магла быць зроблена мясцовымі майстрамі, якія жылі на селішчы. На гэты факт ускосна ўказваюць матэрыялы раскопак.
Ёсць меркаванне думаць, што фібула, дарэчы пашкоджаная вогнішчам, паходзіць з пахавання, якія “кіяўляне” размяшчалі побач з жытламі. Нябожчыкаў спальвалі на вогнішчы, на якое жанчыны траплялі з упрыгажэннямі. Дадзеная фібула і магла належаць аднаму з нашых далёкіх прашчураў.
Як склаўся далейшы лёс насельнікаў і іх нашчадкаў, што засялялі прыдатныя берагі Эсы? З цягам часу яны пачынаюць асвойваць навакольныя лясныя абшары, што ўшчыльную падступалі да ракі, пранікаючы ўсё далей у нетры непраходных пушчаў. Там, дзе яны знаходзілі прыдатныя для жыцця месцы, засноў­валі паселішчы, многія з іх можна пабачыць на карце Лепельшчыны і цяпер.
Валерый Тухта.
На здымку: упрыгажэнне ІV стагоддзя з берагоў Эсы.
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>