Край пірамід і спякоты

Егіпет у людзей асацыіруецца з курортамі Хургада і Шарм-эль-Шэйх, Чырвоным морам, пірамідамі… І мала хто памятае, што Егіпет быў арэнай вайны. І зусім мала застаецца непасрэдных удзельнікаў тых падзей. Лепяльчаніна Міхаіла Барысёнка лёс закінуў у далёкую краіну ў 70-ыя гады. А пачыналася ўсё так…

На службу

Пра кар’еру вайскоўца лепельскі хлопец Міша Барысёнак марыў з дзяцінства. Яно і не дзіўна, у 50-60-ыя гады прэстыж прафесіі афіцэра быў надзвычай высокім у грамадстве. Калі ў горад ці вёску ў водпуск прыязджаў ваенны, ён станавіўся цэнтрам усеагульнай увагі. У 1965 годзе Міхаіл пасля заканчэння школы паспрабаваў паступіць у ваеннае вучылішча, ды не прайшоў медкамісію, падвёў зрок. Тады хлопец паступіў у лепельскую школу ДТСААФ на курсы радыстаў, а працаваў рабочым у ваенным шпіталі. Адвучыўся год, дасканала асвоіў азбуку Морзэ, радыёстанцыі двух тыпаў, а на наступны год прыйшла пара прызывацца на тэрміновую службу.

На зборны пункт з’ехаліся сотні прызыўнікоў і дзясяткі афіцэраў – прадстаўнікоў часцей. Гадзіну, другую, паўдня чакалі лепяльчане сваёй чаргі. Нарэшце, Міхаіл набраўся смеласці і звярнуўся да  афіцэра, які праходзіў міма:

— Таварыш лейтэнант, дазвольце звярнуцца. Ці патрэбны вам такія салдаты? – і працягнуў яму пасведчанні аб навучанні ў ДТСААФ па спецыяльнасці радыста.

У лейтэнанта аж вочы заблішчэлі:

— А ці ёсць яшчэ такія?

— А як жа, яшчэ дванаццаць выпускнікоў лепельскай школы ДТСААФ са мной. Сядзім, чакаем размеркавання.

Лейтэнант перагледзеў іх асабістыя справы і заявіў, што забірае ўсю партыю ў сваю часць. Так Міхаіл трапіў у 72-і асобны вучэбны полк сувязі і радыётэхнічнага забеспячэння ваенна-паветраных сіл (ВПС), які дыслакаваўся ў Наваселіцах, непадалёк ад Ноўгарада. Лейтэнант залічыў усіх лепяльчан у свой узвод, і хутка ўзвод стаў лепшым ва ўсёй паветранай арміі.

Так Міхаіл Барысёнак стаў ваенным сувязістам у авіяцыі. За гады тэрміновай службы ён дасканала вывучыў яшчэ некалькі тыпаў радыёстанцый.

У канцы 1968 года Міхаіл звольніўся ў запас, паддаўся на агітацыю вярбоўшчыкаў, пайшоў працаваць на Наўгародскі электравакуумны завод, які пачынаў выпускаць кінескопы. Там папрацаваў каля 11 месяцаў. Спадзяванні не апраўдваліся: інтэрнат, перспектывы атрымаць уласнае жыллё цьмяныя, зарплата невялікая. Выпадкова зноў сустрэўся з былымі таварышамі па службе, тыя і пераканалі пайсці на звыштэрміновую.

“Спякотныя

краіны

з вільготным кліматам”

Паступіў Міхаіл на звыштэрміновую службу 26 лістапада 1969 года, а праз некалькі месяцаў яго накіравалі ў Ленінград на курсы асвойваць навейшую на той час сакрэтную радыёстанцыю Р-140. Лепяльчанін настолькі ўдала асвоіў станцыю, што яго дапусцілі да ўдзелу ў выкананні сакрэтнага задання – адпрацоўцы прываднення касманаўта на ваду Ладажскага возера. Потым быў удзел у маштабных вучэннях “Дзвіна” 1970 года. За ўменне сяржанта Барысёнка прадставілі да ўзнагароджання юбілейным медалём і павысілі ў званні да старшыны.

У пачатку 1971 года Міхаіла нечакана накіравалі на медкамісію ў акруговы шпіталь, які знаходзіўся ў Ленінградзе. Урачы абследавалі так пільна, нібыта старшыне трэба было ляцець на самалёце. А вывад у санітарнай кніжцы ўвогуле збянтэжыў – прыгодны для службы ў спякотных краінах з вільготным кліматам. Якія “спякотныя краіны”, калі ўсю далейшую службу Мі­хаіл меркаваў працягваць у Наваселіцах?

“Дзе загадаюць служыць? – губляўся Міхаіл у здагадках. – Сярэдняя Азія? Каўказ? А, можа, В’етнам?”. У сярэдзіне красавіка накіравалі на месяц у Ціраспаль, там зрабілі прышчэпкі супраць трапічных хвароб, пераапранулі ў цывільную вопратку. Нарэшце, прывезлі ў Падмаскоўе, 17 мая пасадзілі на самалёт. Узляцелі.

Міхаіл няблага ведаў геаграфію. Гледзячы праз ілюмінатар, заўважаў знаёмыя з падручнікаў краявіды. “Ляцім праз цэнтральную Расію, паўднёвую Украіну, Крым, узбярэжжа Каўказа, — пералічваў убачанае і рабіў выснову – значыць, не В’етнам. Можа, Каўказ, Грузія ці Арменія?”. Аднак мінулі Закаўказзе, вось і ўзбярэжжа Міжземнага мора. Раптам самалёт узяў рэзка на захад, удалечыні ўбачылі востраў Крыт. Як сказалі потым лётчыкі, гэта быў крук дзеля бяспекі, баяліся, што саб’юць ізраільскія знішчальнікі ці ракетчыкі. Нарэшце, прызямленне ў аэрапорце Вест (Заходні) у Каіры – сталіцы Егіпта.

У першы ж дзень вайскоўцаў пераапранулі ў егіпецкую ваенную форму. Пайшлі дні і месяцы службы.

* * *

Старшына Міхаіл Барысёнак стаў начальнікам радыёвузла цэнтральнага камандавання ваенна-паветраных сіл Егіпта. У Егіпце знаходзіўся з 17 мая 1971 года па 24 чэрвеня 1972-га. Гэта быў перыяд адноснага зацішша ў араба-ізраільскім канфлікце, дзе арабаў, натуральна, падтрымліваў Савецкі Саюз, а Ізраіль – ЗША і іх саюзнікі. Паколькі афіцыйнага мір­нага пагаднення падпісана не было, а для вя­дзення буйнамаштабных наземных баявых дзеянняў сіл у бакоў не хапала, то канфлікт зводзіўся да сутычак і правакацый у небе. Асноўнай сілай сталі, натуральна, авіяцыя і яе наземныя службы забеспячэння.

На баявой

кропцы

Аб’ект, дзе Міхаілу належала несці службу, знаходзіўся на ўскраіне Каіра, непадалёк ад аэрадрома. Аэрадром прымаў ваенныя і грамадзянскія самалёты. Калі паветраная машына ўзлятала ці заходзіла на пасадку, гул стаяў страшэнны.

Укрыцце ўяўляла сабой некалькі пячор, высечаных у скале, ды некалькі бетонных бункераў. Там і размяшчаліся радыёстанцыі, самай сучаснай якраз была Р-140. У выпадку магчымай бамбардзіроўкі сховішчы маглі вытрымаць прамое пападанне бомбы ці нават ракеты, пашкодзіцца маглі б толькі вонкавыя антэны, аднак на месцы было яшчэ каля 30 запасных, і ўстанаўліваліся яны хвілін за 20.

Першай важнай задачай для Міхаіла Барысёнка стала наладжванне бесперабойнай сувязі камандавання з часцямі і падраздзяленнямі. Пад яго кіраўніцтвам была каманда з васьмі чалавек: чатырох арабаў і чатырох савецкіх салдатаў. Пазменна неслі дзяжурства, абслугоўвалі апаратуру.

Наступнай важнай задачай стала абуладкаванне побыту. Камандзе былі выдзеленыя памяшканні, а прывесці іх у належны стан, зрабіць зручнымі для жыцця і службы – стала задачай саміх салдатаў і іх камандзіра. Прычым выконваць яе давялося паралельна з нясеннем асноўнай службы. Міхаіл Сцяпанавіч успамінае, што стратэгічна важны аб’ект нават не быў абгароджаны, а каравул нёс службу абы-як, любы прахожы мог спакойна зайсці і прынесці ці вынесці што заўгодна, не кажучы ўжо пра магчымых шпіёнаў і дыверсантаў.

Салдаты самі ўстанавілі агароджу з дроту, паставілі назіральную вышку. Як толькі стала зразумела, што буйнамаштабных баявых дзеянняў не прадбачыцца, сталі задумвацца аб больш камфортным жыллі, бо жыць і спаць у бетонных бункерах аказалася неймаверна цяжка. У цені паветра разагравалася да 42 градусаў, а на сонцы – даходзіла да 56! Таму змайстравалі некалькі лёгкіх пабудоў з жэрдак і тканіны.

Мясцовы

каларыт

Савецкія вайскоўцы неслі службу разам з егіп­цянамі, таму ў непасрэдных адносінах размоўную арабскую мову вывучылі хутка. Як кажа Міхаіл, праз месяц адзін аднаму анекдоты расказвалі. У любым выпадку гандляваць на кірмашах ужо маглі свабодна.

У ваенных спецыялістаў быў свабодны выхад у горад, чым яны рэгулярна карысталіся. Мясцовыя людзі да савецкіх ставіліся прыязна, варожасці не было.

Цікавая там арганізацыя дарожнага руху. Машын шмат, вуліцы вузкія, а правілы раз’езду выконвае мала хто. Дзейнічае прынцып “у каго машына большая, той і галоўны”. Быў нават такі выпадак. Тэлефануе маёр з суседняга падраздзялення:

— Міша, нас выклікаюць у штаб, быць там праз паўгадзіны. Збірайся, заеду за табой на машыне.

Лёгка сказаць – за паўгадзіны адолець каля 15 кіламетраў па забітых вузкіх вулачках. І тут прыязджае маёр на… “Урале”! Рухавік працуе гучна, а сігнал – яшчэ гучней, нібыта на цягніку. Як даў вадзіцель сігнал, прыбавіў газу – увесь народ з сярэдзіны вуліцы да сцен хацін прыціснуўся.

Грошы ваенным спецыялістам плацілі наступным чынам: у Саюзе на кніжку клалася каля ста рублёў у месяц, і яшчэ больш давалі на рукі егі­пецкімі фунтамі. У прынцыпе, траціць іх асабліва не было патрэбы, ваенспяцы былі на поўным забеспячэнні: харчовым, рэчавым, жыллёвым, транспартным. Так што грошы можна было зноў жа пераводзіць у Саюз. Вайскоўцы звычайна так і рабілі, пакідаючы сабе невялікую суму на кішэнныя расходы. Маглі купляць залатыя вырабы, якія ў Каіры прадаваліся свабодна і зпа невысокі кошт. Міхаіл якраз прывёз адтуль чатыры залатыя пярсцёнкі. На вялікі жаль, ні адзін з іх праз гады не захаваўся. Як і сувенірныя аўтаручкі і запальнічкі. А вось карал і ракавіна дагэтуль знаходзяцца дома і радуюць вока.

— Пабачыў і Ніл, — успамінае Міхаіл Барысёнак. — Толькі вось пакупацца ў ім не давялося. Падыходзіў зусім блізка, недзе метраў за 20, а нават рук не абмыў. Справа ў тым, што амаль усё ўзбярэжжа вялікай ракі – прыватная ўласнасць, абгароджаная, з шыльдачкамі – не пройдзеш. Нільскіх кракадзілаў не бачыў. Да Ніла не падысці, а вальер з рэптыліямі ў каірскім заапарку на той час быў на рамонце. Затое быў ля знакамітых пірамід, нават спрабаваў залезці на знакамітую піраміду Хеопса. Адолеў некалькі прыступак, а потым махнуў рукой, абышоў на другі бок і спусціўся. Катаўся на вярблюдзе, спадабалася, мякка ідзе жывёла, плаўна. Затое пасля катання на осліку зарокся на яго спіну залазіць: не тое, што трасе – выкалочвае.

Вось так прайшла для Міхаіла егіпецкая служба, дадому вярнуўся летам 1972 года. На баявой кропцы ў каманды быў фотаапарат, які, так бы мовіць, перадаваўся па спадчыне, ад ранейшай змены да наступнай. І хаця афіцыйна фатаграфаваць нашым вайскоўцам у Егіпце забаранялася, хлопцы ўсё ж куплялі плёнку, здымалі, праяўлялі, а потым, лічы, кантрабандай везлі ў Саюз і там ужо друкавалі фота. Міхаіл з дзяцінства захапляўся фотасправай, таму з каман­дзіроўкі прывёз шмат фотаздымкаў.

Прайшло шмат гадоў. Служба заносіла героя нашага аповеду далёка, аж пад Мурманск. У 1993 годзе Міхаіл звольніўся ў запас, зараз жыве ў Лепелі, даглядае маці, працуе на каналізацыйна-помпавай станцыі. Да іх у госці наведваюцца дачка Ірына з унукам Аляксеем. Любіць Міхаіл Сцяпанавіч у вольныя часы перагледзець старыя фотаздымкі егіпецкай пары.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>