Паркоўка была занятая, легкавікі туліліся нават ля гастранома, а людская плынь павольна цякла ў РДК

63Да раённага Дома культуры пад’язджала шмат машын. Неўзабаве ўся паркоўка была занятая, легкавікі прыпыняліся нават насупраць гастранома. Людская плынь рушыла ва ўстанову культуры, прыходзілі па адным і цэлымі дэлегацыямі. Многіх з іх ведаюць чытачы, на старонках газеты не раз размяшчаліся расповеды пра іх. Сотні гасцей прыходзілі і прыязджалі, работніцы гардэробаў ледзьве паспявалі прымаць курткі і паліто.
У фае дома культуры гучала жывая музыка, настройвала гасцей на святочны, асабліва вясёлы лад, дадаючы станоўчых эмоцый яшчэ да пачатку асноўнай дзеі. А ў другой зале працавала гандлёвая кропка райспажыўтаварыства, стаялі столікі.
Хоць сабраліся прадстаўнікі розных прадпрыемстваў, арганізацый, аднак адразу бачна было, што сустрэліся даўнія знаёмыя, сябры. Мужчыны і жанчыны сардэчна віталі адзін аднаго, цікавіліся апошнімі навінамі, станам спраў сямейных. За гаворкай некаторыя ледзьве не забыліся зарэгістравацца як ­удзельнікі злёту перадавікоў. Так, гэтых людзей па праве называюць лепшымі, перадавымі, соллю зямлі. На іх працоўных, мазолістых руках, як на плячах атлантаў, трымаецца наша беларуская зямля, наша родная Лепельшчына. Іх працаю прымнажаецца багацце, дабрабыт.
Вось ужо і запоўнена гля­дзельная зала. Пагашана святло, гучаць фанфары, на сцэну выходзяць вядучыя: 58
— Добры дзень, дарагія сябры, рады вітаць шаноўных гасцей нашага свята. Па добрай традыцыі мы сабраліся сёння ў гэтай зале, каб падвесці вынікі мінулага года. Слова прадастаўляецца старшыні раённага выканаўчага камітэта Барысу Сяргеевічу Яфрэмаву.
— Паважаныя таварышы, — сказаў старшыня райвыканкама. — Сёння ў святочнай атмасферы мы падводзім вынікі работы ўсіх галін народна-гаспадарчага комплексу. Гэтае свята — рэальная магчымасць выразіць пачуццё прызнання і ўшанаванне чалавеку працы. Вы сваімі дасягненнямі, стваральнай працай, актыўнай дзяржаўнай пазіцыяй, асабістымі якасцямі заслужылі павагу і прызнанне ў калектывах. Менавіта вы ствараеце гісторыю Лепельшчыны.
Мінулы год праходзіў пад знакам 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і гасціннасці. Эстафету добрых спраў пераймае 2015-ы, абвешчаны Годам моладзі. Прыярытэтным накірункам бягучага года павінны стаць мадэрнізацыя вытворчасці, зніжэнне ўсіх відаў затрат і рост рэалізацыі прадукцыі. Прадпрыемствы сельскагаспадарчай галіны павінны працаваць на прынцыпах самафінансавання.
64Нам удалося захаваць станоўчую дынаміку па большасці паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Вырас рэгіянальны валавы прадукт, забяспечана выкананне паказчыкаў па выпуску прамысловых і спажывецкіх тавараў, экспарце паслуг, уводзе ў эксплуатацыю жылых дамоў, забяспечаны рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва. Вышэй за ўзровень 2013 года склаліся паказчыкі па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, рознічным таваразвароце, платных паслугах насельніцтву, рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты, вядзецца добра­ўпарадкаванне населеных пунктаў.
Наша агульная мэта — зрабіць жыццё лепяльчан стабільным, багатым духоўна і годным у матэрыяльным плане. Адзіны шлях да гэтага — эфектыўная праца, адказнае стаўленне да справы.
Дарагія сябры! Вашы дасягненні з’яўляюцца важнейшым складнікам умацавання эканомікі рэгіёна. Упэўнены, што і ў далейшым вы будзеце радаваць нас сваімі поспехамі і плённай працай. Хачу пажадаць вам і вашым працоўным калектывам удачы ва ўсіх пачынаннях і доўгія гады заставацца флагманамі раёна. Дзякую вам за добрасумленную працу і адданасць любімай прафесіі.
Потым вядучыя зачыталі прывітальны адрас дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Пятра Шыкшняна.
Пасля прывітальных прамоў пачалося ўручэнне грамат і прэмій. Сярод прамысловых прадпрыемстваў Лепельшчыны лепшым па праве прызнаны калектыў адкрытага акцыянернага таварыства “Лепельскі малочна-кансервавы камбі­нат”. Работнікі яго забяспечылі прырост вытворчасці прадукцыі на 16,9 працэнта, аб’ём інвестыцый у асноўны капітал склаў 8,9 мільярда рублёў. У агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі доля інавацыйнай склала 10,4 працэнта. Ды і што казаць, калі якасць прадукцыі ААТ “Лепельскі МКК” кажа сама за сябе.
Сярод арганізацый у галі­не будаўніцтва лепшым прызнаны калектыў ДКУБП “Лепельская ПМК-75”. На працягу мінулага года будаўнікі ўвялі ў эксплуатацыю тры вялікія аб’екты, аб’ём будаўнічых работ перавысіў 39 мільярдаў рублёў, а ўзровень рэнтабельнасці склаў 11,4 працэнта. З працай будаўнікоў ПМК-75 знаёмыя шмат лепяльчан, асабліва тых, хто засяліўся ў новыя кватэры ў апошнія гады. У гутарках навасёлы адзначаюць хуткасць узвядзення дамоў і ўвод іх у эксплуатацыю. Пры гэтым таксама ўказваюць на якасць работ і матэрыялаў, звяртаюць увагу на цеплыню ў кватэрах. Не ў апошнюю чаргу варта ўказаць і на добраўпарадкаванне прылеглых да новабудоўляў тэрыторый.
Лепшых вынікаў па нарыхтоўцы кармоў, вытворчасці малака і мяса буйной рагатай жывёлы дасягнуў калектыў адкрытага акцыянернага таварыства “Чарэйшчына”. “Лепельскі край” публікаваў рэпартажы з чарэйшчынскіх палеткаў і фермаў, пісаў пра іх працаўнікоў. Летась, напрыклад, тутэйшыя земляробы пры ўра­джайнасці 25,8 цэнтнера з гектара намалацілі больш за 3300 тон збожжа. Экіпажы Віктар Барысёнак — Пётр Казлоўскі і Сяргей Плігаўка – Раман Лабжанідзэ намалацілі больш за тысячу тон кожны.
У галіне транспарту, сувязі і сферы абслугоўвання лідзіраваў калектыў раённага вузла электрычнай сувязі.
Сярод суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва лепшым прызнаны калектыў таварыства з абмежаванай адказнасцю “Белкомплекссталь”. Прадпрымальнікі пералічылі ў бюджэт больш за мільярд рублёў. І ўвогуле ў апошні час доля прыватнага бізнэсу ў агульнай вытворчасці паступова прырастае.
Лепшы сярод гандлёвых прадпрыемстваў — калектыў крамы №20 “Ганна”, дзе пастаянна працуюць над пашырэннем асартыментнага пераліку тавараў, павышэннем узроўню абслугоўвання пакупнікоў.
Нельга абысці такія важныя сферы, як культуру і адукацыю. Бароўская сярэдняя школа па выніках мінулага года прызнана лепшай за стварэнне аптымальных умоў для развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцяў навучэнцаў. Высокі ўзровень культурнага абслугоўвання насельніцтва адзначаны ў рабоце раённага Дома культуры. 65
На свяце былі адзначаны не толькі паказчыкі асноўнай дзейнасці. Праца па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі — таксама вельмі важны паказчык. Бо з выгляду тэрыторыі пачынае складвацца ўражанне пра арганізацыю, прадпрыемства. У добра­ўпарадкаванні лепшым прызнаны “Лепельрайгаз”.
Лепшая арганізацыя фізкультурна-масавай работы адзначана ў філіяле ДЭУ №37 РУП “Віцебск­аблаўтадар”. Яго работнікі рэгулярна прымаюць ­удзел у спартакіядах, чэмпіянатах. І хаця рэкордамі пакуль што пахваліцца не могуць, там спавядаюць алімпійскі прынцып “Галоўнае не перамога, а ўдзел”.
Яшчэ адна ўстанова адукацыі — сярэдняя школа №3 горада Лепеля — адзначана за актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці.
У “індывідуальным заліку” граматамі і прэміямі былі адзначаны лепшыя малаказборшчыкі і малаказдатчыкі. Прычым некаторыя маглі пахваліцца проста рэкорднымі вынікамі. Святлана Буйніцкая са Стайскага сельсавета, напрыклад, ад адной каровы за мінулы год рэалізавала 7,7 тоны малака. Не кожны робатызаваны комплекс мае такія паказчыкі.
Машыністы машын, электраманцёры, вадзіцелі, аператары, слесары, трактарысты, урачы, настаўнікі, сацыяльныя работнікі — за гадзіну быў пералічаны амаль увесь каталог прафесій Лепельшчыны. Некаторыя рабочыя ўжо не першы год прызнаныя лепшымі ў сваіх прафесіях. Усяго было адзначана больш за 90 чалавек.
Апафеозам злёту перадавікоў стаў святочны канцэрт, падрыхтаваны работнікамі раённага Дома культуры. Са сцэны гучалі песні, вершы, прыпеўкі, танцавальныя калектывы ўражвалі зладжанасцю і задорам. Гэты канцэрт запомніцца гасцям і ўдзельнікам асаблівай шчырасцю, яркасцю выступленняў і шчодрасцю апладысментаў.
Пасля завяршэння канцэрта госці не спяшаліся разыходзіцца, многія кампаніямі накіроўваліся ў кафэ. Свята, заслужанае карпатлівай, напружанай працай, працягвалася. У гэты дзень працаўнікі мелі права адпачыць, падвесці вынікі, сустрэцца са старымі сябрамі, душэўна пагутарыць, а пасля вярнуцца на свае працоўныя месцы і з новымі сіламі рабіць нашу зямлю прыгажэй, багацей.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: узнагароду ад старшыні райвыканкама Барыса Яфрэмава прымае дырэктар РВУ “Лепельрайгаз” Дзмітрый Лабуноў; дэлегацыя ад КУВП “Бароўка”; апладысменты ад удзячных гледачоў; выступаюць юныя артысты.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>