Дзік шпарка выбег на палянку ў лясным масіве Лепельшчыны. Выстрал! Трапнае пападанне!

911665Афрыканская чума свіней — новая для Лепельшчыны, для ўсёй Беларусі пагроза. Упершыню сур’ёзна задумвацца пра яе пачалі гады чатыры таму, калі ўспышкі эпідэміі былі выяўлены ў суседніх дзяржавах. Ветэрынары пачалі вывучаць замежны вопыт, праводзіць трэніроўкі. У 2013 годзе ў Беларусі было выяўлена некалькі фактаў АЧС. Лепяльчанам давялося перажыць шмат непрыемнасцяў і нязручнасцяў, асабліва з-за абмежаванняў на развя­дзенне свіней. Пад забарону патрапіла больш за дзесяць населеных пунктаў. Выказаць сваё бачанне сітуацыі карэспандэнт папрасіў галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Святлану Знарок.
— Пасля праведзеных прафілактычных мерапрыемстваў у рэспубліцы фактаў успышак АЧС больш не было выяўлена, — адказала Святлана Мікалаеўна. — Таму было прынята рашэнне аб істотным скарачэнні радыуса вакол свінагадоўчых фермаў і комплексаў, дзе забаронена трымаць свіней у прыватных гаспадарках. Дзе ўтрымліваецца да 12 тысяч галоў, там радыус забароны складае 500 метраў, звыш 12 тысяч — два кіламетры. Аднак у кожным канкрэтным выпадку рашэнне прымаецца мясцовымі органамі ўлады, яны могуць кіравацца і старымі, больш жорсткімі, нарматывамі.
— Якое рашэнне прынята ў Лепельскім раёне?
— Згодна з рашэннем райвыканкама №1232 ад 19 снежня 2014 года, каранцінная зона вакол ­аб’ектаў свінагадоўлі скарачаецца. Так, развядзенне свіней па-ранейшаму забаронена ў населеных пунктах Стаі, Дражна, Гарадзец, Заполле Стайскага сельсавета і Забалацце Лепельскага сельсавета.
— Як змянілася колькасць свінапагалоўя ў прыватных гаспадарках?
— Паступова ўзрастае. На канец мінулага года было зарэгістравана 350 свіней, а на пачатак лютага — ужо больш за 550. Развя­дзенне свіней — устойлівая традыцыя, якая налічвае сотні гадоў, таму людзі не адмаўляюцца ад яе. Хлеў, калі ў ім не рохкае парася, не кудахтаюць куры, выглядае нібы мёртвым. Вам так адкажа любы вясковец.
З іншага боку, заўважу, што за апошнія гады паступова ўзрастае агульны ўзровень свінагадоўлі. Пагроза небяспекі прымусіла гаспадароў не пускаць справу на самацёк, не спадзявацца на “можа пранясе”, а прымаць меры прафілактычнага характару. Пасля забою свіней і перад пастаноўкай маладняку хлявы вычышчаюцца і беляцца вапнай, для догляду выкарыстоўваюць асобную вопратку і абутак, прымяняюць дэзінфекцыйныя дыванкі. Свіную страву людзі праварваюць, не выкарыстоўваюць камбікорм сумніўнага паходжання і нявызначанай якасці. Словам, комплексам сумесных дзеянняў удалося не дапусціць распаўсюджвання АЧС.
— А што з дзікамі?
— Меры па дэпапуляцыі працягваюцца. Праўда, пасля масавых адстрэлаў 2013-га і 2014-га гадоў дзікоў засталося мала. Аднак рашэнне ёсць, яго трэба выконваць. За апошнія дні нам паведамілі пра адстрэл яшчэ трох. Два былі знішчаны ва ўгоддзях Лепельскага лясгаса, яшчэ адзін — ва ўгоддзях паляўнічай гаспадаркі “Лябур Хант-Фіш”.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>