Па душы выбраў лепяльчанін легкавушку ў Маскве. Азмрочыўся настрой, калі інжынеры МРЭА зазірнулі пад капот: у маторным адсеку шчыт з нумарам і іншымі выходнымі данымі быў заменены папярэднім гаспадаром…

IMG_5967“Многие покупали авто в Раше лепельчане, напишите сколько новых и б/у машин купили, были или не были проколы когда паленое авто купили.” (стыль і арфаграфія захаваны) — так напісаў у водгуку да публікацыі “З новага года ў правілы праходжання тэхагляду транспарту ўнесены змяненні. Тарыфы памяняліся і льготы для пенсіянераў прадугле­джаны”, змешчанай на нашай старонцы lepel-kraj.by у Інтэрнэце, карыстальнік Велком. Падказаная тэма падалася вельмі цікавай, тым больш, што ў сеціве і па тэлебачанні ёй таксама ўдзялялася ўвага неаднарозова. Расказвалася, як беларусы, жадаючы скарыстаць спрыяльны момант і набыць аўто танней, заставаліся без жаданых машын і без грошай. Шукаючы патрэбную інфармацыю, найперш звярнуўся ў міжраённае рэгістрацыйна-экзаменацыйнае аддзяленне АДАІ РАУС, якое, уласна, і займаецца пастаноўкай транспартных сродкаў на ўлік. Гутару з начальнікам МРЭА падпалкоўнікам міліцыі Віктарам Стошам.
— Віктар Рыгоравіч, наколькі папулярныя ў лепяльчан аўтамабілі з Расіі?
— Папулярнасць машыны апошнім часам залежыць не столькі ад яе тэхнічнага стану, колькі ад курсаў валют. Вядзём з 2010 года рэгулярную статыстыку прыбыцця і пастаноўкі транспартных сродкаў на ўлік. За пяць гадоў і адзін месяц на ўлік пастаўлены 757 легкавых аўтамабіляў з Расіі. Аднак звернем увагу на дынаміку: 550 аўто прыпадае на перыяд з першага ліпеня па першага лютага. Самым напружаным быў снежань, тады за дзень ставілі на ўлік да 30 — 40 машын. Дзеля справядлівасці заўважу, што наша МРЭА абслугоўвае тры раёны: Лепельскі, Бешанковіцкі і Чашніцкі.
— Які працэнт з набытых машын новыя?
— Новых дзесьці каля 20 працэнтаў, астатнія — былыя ў карыстанні. У асноўным пакупнікі стараліся набыць машыны не старэй за шэсць — сем гадоў, каб мець больш-менш гарантаваны перыяд далейшай эксплуатацыі.
— Спынімся больш падрабязна на аўто з так званым крымінальным следам…
— Як ні дзіўна, але пад падазрэнне трапілі найперш старыя машыны. Адбывалася наступным чынам. На агляд і рэгістрацыю была прыгнана машына AUDI-80 выпуску другой паловы 1980-х гадоў. Пакупнік — малады чалавек з Лепеля, набыў аўто ў Маскве. Наш спецыяліст пры аглядзе заўважыў, што ў машыны заменены шчыт маторнага адсека. Ён размяшчаецца паміж салонам і маторным адсекам, на ім знаходзіцца шыльда з VIN-нумарам машыны і іншымі зыходнымі данымі.
— Па якіх прыкметах гэта было вызначана?
— Інжынеры МРЭА Сяргей Долбікаў і Міхаіл Маркевіч працуюць больш за 20 гадоў, маюць багаты вопыт, на падставе якога могуць зрабіць высновы аб тэхнічным стане аўтамабіляў. Падазронае аўто было накіравана на экспертызу ў Віцебск, дзе быў даказаны факт пераробкі.
У другім выпадку падазрэнне выклікала AUDI 1980-х гадоў выпуску. Аказалася, што там перабітыя пяць апошніх лічбаў з VIN-нумара. Парадак дзеянняў той жа самы — затрыманне, экспертыза, якая пацвердзіла нашы падазрэнні. Матэрыялы па абодвух выпадках накіраваны ў аддзяленне крымінальнага вышуку РАУС.
Нядаўна атрымалі інфармацыю, што за апошні квартал мінулага года і студзень бягучага па рэспубліцы было выяўлена крыху больш за сто машын з рознымі праблемамі, прыгнаных з Расіі.
Пра наступны этап расследавання вядзём гутарку з оперупаўнаважаным РАУС старшым лейтэнантам Аляксандрам Дэйнэкам:
— Былі праведзены экспертызы аўтамабіляў па нумарах кузава, экспертызы дакументаў, былі зроблены запыты на мытню, а таксама звярнуліся да расійскіх калег з просьбай выявіць ранейшых уладальнікаў аўто. У першым выпадку ранейшы гаспадар паведаміў, што да продажу машына была ў яго ўласнасці, і ён ніякіх значных кузаўных работ не праводзіў, так і прадаў яе беларусу. У другім выпадку ранейшы гаспадар патлумачыў, што выявіў кузаўны дэфект, карозію, уварваў кавалак. Экспертыза пацвердзіла пра­вільнасць яго слоў. Прынята рашэнне вярнуць аўтамабілі беларусам, як добрасумленным пакупнікам. Аднак яны не маюць права продажу аўто на працягу трох гадоў.
Якім жа чынам засцерагчы сябе добрасумленным пакупнікам, тым больш на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі? Першым адказваў Віктар Стош:
— Рэкамендую лепяльчанам з павышанай асцярогай ставіцца да занадта танных машын, якасны тавар не можа быць вельмі танным. Па-другое, набываць машыны ў афіцыйных дылераў, якія гарантуюць выкананне ўсіх абавязацельстваў. Па-трэцяе, перад паездкай сабраць па магчымасці як мага больш інфармацыі пра жаданую машыну, прадаўцоў, правілы афармлення куплі-продажу, магчымую небяспеку. Тут варта выкарыстоўваць любыя крыніцы — ад інтэрнэту да расповедаў сяброў і знаёмых. І самае галоўнае — не аддаваць грошы да поўнага і празрыстага пераафармлення машыны, бо для сумленнага прадаўца на першым месцы стаіць рэпутацыя, а для махляра — грошы, хуткая нажыва.
Аляксандр Дэйнэка дадаў:
— Перш чым набываць упадабанае аўто, я б параіў разам з прадаўцом праехаць у мясцовае аддзяленне ДАІ і праверыць машыну. У праваахоўных органаў ёсць свае базы даных. Па выніках праверкі на рукі даюць афіцыйную даведку. Толькі тады можна будзе аддаваць грошы.
Ажыятаж, выкліканы ваганнямі курсаў расійскай валюты, сціхае. Паводле статыстычных даных, беларусы набылі на прасторах усходняй суседкі больш за 70 тысяч аўтамабіляў, рынак перанасыціўся і заспакоіўся. Апошнім часам у МРЭА рэгіструецца каля пяці — сямі аўтамабіляў за дзень. Аднак не заспакоіліся махляры-аматары лёгкай нажывы, таму і ў далейшым не варта губляць пільнасці, быць вельмі асцярожнымі і прытрымлівацца элементарных правілаў бяспекі.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: пляцоўка перад МРЭА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>