Жыве ён у Ворані на Лепельшчыне, працуе даяром на ферме, а ў сваёй падсобнай гаспадарцы трымае аж тры рагулі, каня, шмат іншай жыўнасці. Моцны гаспадар!

13Жыхар вёскі Ворань Сяргей Седзін утрымлівае ў асабістай падсобнай гаспадарцы тры каровы. Летась ён прадаў ААТ “Лепельскі МКК” 15,2 тоны малака. Цікава было пагутарыць з Сяргеем Уладзіміравічам, даведацца аб яго вытворчых справах і асабістым жыцці.
— Пасля таго, як купіў жылы дом у Ворані, пачаў гадаваць малое цяля, якое мне далі бацькі, — сказаў ён. — Потым завёў дзве каровы, а цяпер ужо даглядаю тры. Галоўнае — назапасіць удосталь якаснага сена. У гэтым вельмі дапамагае СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”, якое выдзяляе касілку для нарыхтоўкі кармоў і неабходную тэхніку для дастаўкі іх дадому.
— Ці шмат жыўнасці трымаеце на падворку?
— Доўгі час для апрацоўкі прысядзібнага зямельнага гектарнага ўчастка выкарыстоўваў толькі аднаго каня, які таксама дастаўся мне ад бацькоў. Аднак гэтая жывёліна ўжо старая, таму некалькі год таму завёў яшчэ і жарабя, якое ўжо вырасла, ператварылася ў дарослага каня.
Акрамя таго, адкормліваю двух свіней, утрымлі­ваю больш за 20 курэй. На прыазёрным узбярэжжы нагульваюць вагу гусі і качкі.
Зразумела, што з усёй гэтай вялікай асабістай гаспадаркай я б адзін не справіўся, калі б не дапамога маёй жонкі Вольгі. Нават тады, калі я паўтара года служыў у арміі, яна даглядала двух кароў, утрымлівала іншую жыўнасць. Ды і мая маці Таісія Іванаўна, якая жыве разам з намі, дапамагае.
— Не спыняеце і будаўніцтва?
— Зрабіў ладную прыбудову да дома, перыядычна рамантую, падтрымліваю ў належным стане хлявы.
— Ці даўно працуеце на малочнатаварнай ферме вёскі Ворань?
— З 7 мая 2000 года. Праўда, у 2009 — 2011 гадах быў перапынак, калі служыў у ваенным гарадку Баравуха-3 Полацкага раёна. Вярнуўся дадому з вайсковай службы ў званні малодшага сяржанта.
— Звычайна аператарамі машыннага даення кароў працуюць жанчыны…
— Не горш з гэтым маглі б спраўляцца і мужчыны. Тым больш, што справа вельмі працаёмкая, часта патрабуе мужчынскай сілы і трываласці. Аднак што ж паробіш, калі ў грамадскай свядомасці чамусьці склалася памылковае ўражанне, што аператарам машыннага даення кароў можа быць толькі жанчына. Ва ўсялякім разе, сваім асабістым прыкладам я ламаю гэты стэрэатып.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Сяргей Седзін на рабочым месцы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>