Замяло шляхі-дарогі, аўталаўка не прыехала, дроўцы на зыходзе… Да каго бягуць вяскоўцы на Лепельшчыне?

IMG_5872Вясковыя старэйшыны — найбольш аўтарытэтныя людзі, якія стаяць заўсёды на вастрыні праблем, пры гэтым з’яўляюцца надзейным, неад’емным звяном у вертыкалі ўлады — гэтыя думкі неаднаразова выказваліся на сходзе старэйшын Баброўскага сельсавета. Акрамя работнікаў сельвыканкама на сход завіталі інспектар РАНС Андрэй Цімашкоў, участковы інспектар РАУС Валерый Азаронак, дырэктар КУВСГП “Баброва” Вячаслаў Храмцоў, дырэктар ДРАЦ “Жамчужына” Вера Закрэўская, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шыдлоўскі.
Старшыня Баброўскага сельсавета Тамара Ярыга паведаміла, што на тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі знаходзяцца 30 вёсак. На пачатку ўвя­дзення інстытута вясковых старэйшын у сельсавеце іх было выбрана 23. Аднак з гадамі, трэба прызнаць, колькасць вясковых жыхароў скарачаецца, змяншаецца і колькасць старэйшын, зараз іх 12. На сходзе маглі прысутнічаць 10, двое лячыліся ў бальніцах.
Навядзенне і падтрыманне парадку ў вёсках, на прылеглых тэрыторыях — найпершы клопат. Натуральна, што самі вясковыя старэйшыны, большасць з якіх людзі пенсійнага ўзросту, не могуць справіцца з усімі работамі. Таму іх галоўны абавязак у гэтым плане — арганізаваць мясцовае насельніцтва, каб самі жыхары не заставаліся ўбаку ад важнай справы. І гэта вялікая праца прыносіць заслужаны плён, распавядае Вера Закрэўская:
— У нас часта адпачываюць грамадзяне Расійскай Федэрацыі, амаль усе яны ў захапленні ад чысціні нашых населеных пунктаў. Нам кажуць: “У Беларусі — парадак!” У гэтым немалая заслуга і старэйшын. Там, дзе мясцовыя жыхары не паспеюць, дапаможам і мы, работнікі “Жамчужыны”, але вельмі важна, каб у першую чаргу самі вяскоўцы актыўна ўдзельнічалі ў навя­дзенні парадку. Толькі калі чалавек сваімі рукамі зрабіў прыгажосць, ён адчувае вартасць і важнасць захавання яе.
Актыўна дапамагаюць старэйшыны і ў зборы падаткаў, бо менавіта падаткі з’яўляюцца асноўнай крыніцай фінансавання работ, праводзімых сельвыканкамамі, нават па тым жа добра­ўпарадкаванні. Вясной, напрыклад, плануецца арганізаваць высечку кустоўя, але, зноў жа, пры ўдзеле мясцовых жыхароў.
Яшчэ адзін абавязак, праўда, даволі сумны — дапамога ў пахаванні адзінокіх грамадзян. На вялікі жаль, у сельсавеце як мінімум адзін раз на год адбываюцца падобныя выпадкі, калі чалавек памёр, а пахаваць яго няма каму.
Госці павіншавалі добраахвотных памочнікаў улады са святамі, пажадалі моцнага зда­роўя, плёну ў працы. Вера Закрэўская кожнаму старэйшыне ад “Жамчужыны” ўручыла падарункі, а Тамары Ярызе і старэйшыне вёсак Суша, Варашкі і Завадзіна Таццяне Буртыль — радыёпрыемнікі. Апошнія падарункі — ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”, старшынёй якой з’яўляецца Вера Іванаўна. На апараты нанесены лагатып “Белай Русі”. IMG_5898
Быў узняты шэраг актуальных для вяскоўцаў пытанняў. Напрыклад, Таццяна Буртыль зноў паставіла пытанне аб правядзенні рамонту ў будынку ФАПа ў вёсцы Суша. А вось у Матырыне, паведаміла старэйшына Любоў Яўдошчанка, ФАП адрамантаваны, але працуе толькі два дні на ты­дзень. Між тым у цэнтральнай вёсцы і прылеглых пражываюць шмат пенсіянераў, якім кожны дзень патрэбна медыцынская дапамога: таблеткі прадаць, укол зрабіць. А старэйшына Баброва Таццяна Сідарцова падобныя пытанні ўзнімае рэгулярна. Напрыклад, турбуецца летам пра стан вясковай пашы. Хаця і кароў у вёсцы не так і шмат, усяго 17 галоў, аднак і ім патрэбен выпас, у час летняга санцапёку — вада. Пашу трэба рэгулярна падкошваць, падкормліваць мінеральнымі ўгнаеннямі. Тут на дапамогу прыходзіць КУВСГП “Баброва”.
Завяршылася сустрэча канцэртам мастацкай самадзейнасці. Гасцей парадавалі песнямі сёстры Маша і Насця Бондал, Максім Малярчук, Вячаслаў Карусевіч і іншыя сама­дзейныя артысты.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: Вера Закрэўская ўручае падарунак; спяваюць сёстры Маша і Насця Бондал.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>