Дзіця нарадзілася хворым. Гора бацькам. Аднак яны і не думалі адмаўляцца ад немаўляці. Прынялі свой крыж і годна па жыцці панеслі

Дзіця нарадзілася з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Няпроста бацькам, ах, як няпроста. Аднак не складваць жа ў бясіллі рукі ад гора ў чаканні нейкай дапамогі выключна з боку. Спадзявацца трэба і на свае сілы. І дзяржава дапаможа. Поспех — у складанні сіл. А вось атрыманне адукацыі такімі дзецьмі — умова неад’емная іх паўсядзённай сацыялізацыі, эфектыўнай самарэалізацыі ў розных відах прафесійнай дзейнасці. Дарэчы, такіх дзетак нямала на Лепельшчыне — 320 чалавек. Узрост — да васямнаццацi гадоў.


На ўзроўні дашкольнай адукацыі на базе ясляў-садоў №№1, 6, Горскага функцыянуюць чатыры спецыяльныя групы для рабят з цяжкімі парушэннямі мовы, у якіх атрымліваюць дапамогу 54 чалавекі. У Пышне адкрыта інтэграваная група для аднаго дзіцяці з парушэннем зроку. Карэкцыйна-педагагічная дапамога арганізавана ў трох спецыялізаваных пунктах для 39 дзяцей.
Нарэшце надышла пара, і хлопчык ці дзяўчынка пайшлі ў школу. І на гэтым этапе працягваецца іх спецыяльнае суправаджэнне. На базе васьмі ўстаноў адукацыі працуе 19 класаў інтэграванага навучання і выхавання для 24 дзяцей, а карэкцыйна-педагагічная дапамога арганізавана ў спецыяльных пунктах для 176.
У большасці ўстаноў, якія рэалізуюць праграмы спецыяльнай адукацыі, адзначаецца якасная арганізацыя адукацыйнага працэсу, узаемадзеянне ўсіх яго ўдзельнікаў і разуменне таго, што дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця могуць плённа кантактаваць са сваімі аднагодкамі. Праблема важная і складнікі працэсу мяняюцца прама на маршы. Час уносіць свае карэктывы. Галоўнае — не стаяць на месцы, а рухацца наперад па шляху прагрэсіўных педагагічных напрацовак у галіне. І тут важная роля належыць штабу — аддзелу адукацыі, спорту і турызму. Практычныя захады ў напрамку арганізацыйна-практычных мер у канчатковым выніку дазволілі павялічыць за пяць гадоў працэнт ахопу спецыяльнай дапамогай дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з 93,1 працэнта ў 2009 годзе да 97,1 —у 2104-м.
Патранажнае суправаджэнне выпускнікоў інтэграваных класаў нязменна прыносіць добры плён. Выпускнікі жыццяўладкоўваюцца, адаптуюцца ў грамадстве. З чатырох леташніх выпускнікоў тры паступілі ў прафесійна-тэхнічныя адукацыйныя ўстановы, адзін знаходзіцца на ўліку ў дзяржаўнай службе занятасці насельніцтва.
А зараз крыху распавядзём пра сетку пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі (ПКПД). У галіне дашкольнай адукацыі функцыянуе іх тры для 39 дзяцей, ва ўстановах агульнай сярэдняй — сем для 176. У пункт залічваюцца рабяты пераважна з маўленчымі парушэннямі. Які эфект дзейнасці? Аналіз засведчыў такія паказчыкі: пазалетась 27 працэнтаў выхаванцаў выправілі моўныя хібы, палепшылі — 21; летась адпаведна 31 і 17 працэнтаў. Зрухі відавочныя. Радасць для саміх навучэнцаў, і, вядома ж, для бацькоў. З любой сітуацыі выйсце ёсць, святло ў канцы тунэля праглядваецца. Статычнае сузіранне не да месца, а вось практычныя крокі па цярністым шляху абнадзейваюць.
Наша гаворка краналася пераважна дзяцей, якія маюць магчымасць наведваць спецыяльныя ўстановы. А які лёс тых, хто прыкаваны да ложка, з цяжкасцю рухаецца? Для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія па медыцынскіх паказчыках часова або пастаянна не могуць наведваць установы адукацыі, у раёне створаны ўмовы для атрымання спецыяльнай адукацыі на даму. За апошнія гады такі курс прайшлі васямнаццаць дзетак.
Каардынуе дзейнасць у вызначаным напрамку дзяржаўная ўстанова спецыяльнай адукацыі «Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі г. Лепеля». Сумесна з установамі аховы здароўя выяўляюцца хлопчыкі і дзяўчынкі з пэўнымі адхіленнямі ў развіцці, вызначаецца адукацыйны маршрут і аб’ём карэкцыйнай дапамогі. А ў самім Цэнтры арганізаваны адукацыйны працэс для дзяцей з найбольш цяжкімі развіццёвымі парушэннямі. Навучаецца тут васямнаццаць рабят. Хлопчыкі і дзяўчынкі забяспечаны трохразовым бясплатным харчаваннем.
Вядома, выхаванцы маюць патрэбу ў аздараўленні. За апошнія два гады паправілі сваё здароўе 19 чалавек. На тым кропку не ставяць. Працэс пастаянны.
Шматвектарная работа вымагае адмысловых высілкаў, прыцягнення спонсарскіх і дзяржаўных сродкаў. Летась, напрыклад, на розныя патрэбы асвоена 43 мільёны рублёў. Набылі камп’ютар, МФУ, трэнажор, воданагравальнікі, тэлефоны, ракавіны і іншае абсталяванне. Выдзеленыя 25 мільёнаў рублёў з бюджэту выдаткаваны на рамонт абсталявання, набыццё пасцельнай бялізны, кухоннага посуду. Апрача ўсяго добраўпарадкоўваецца прылеглая тэрыторыя і пляцоўкі для гульняў.
Адаптацыйныя захады скіраваны і на ўключэнню дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і дзяцей-інвалідаў у розныя мерапрыемствы. Выхаванцы Цэнтра бралі ўдзел у раённым конкурсе творчасці «Ратавальнікі вачыма дзяцей», узнагароджаны Дыпломам за ўдзел у сёмым міжрэгіянальным фестывалі творчасці «Зорка надзеі», абласной Граматай у конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва X Рэспубліканскага фестывалю «Вясёлкавы карагод». Штогод навучэнцы становяцца заўзятымі прыхільнікамі і ўдзельнікамі раённых і міжрэгіянальных спартыўных мерапрыемстваў, якія праводзяцца дзяржаўнай установай сацыяльнага абслугоўвання «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна».
Дасягнутае настройвае на аптымістычны лад. Праўда, работнікам Цэнтра, дакладней іх выхаванцам, вельмі не стае спецыяльнага транспартнага сродку для дастаўкі хворых дзетак у медыцынскія ўстановы, на розныя мерапрыемствы. Існуе патрэба ў аснашчэнні класаў спецыяльнымі прыстасаваннямі і мэбляй для арганізацыі навучальнага працэсу, аптычнымі і гукамадэлюючымі прыборамі, камп’ютарнымі навучальнымі праграмамі.
Па цярністым шляху цяжка рухацца дарослым, а дзецям з праблемамі псіхафізічнага развіцця — утрая цяжэй. Значна аблегчыць іх адаптацыйны і навучальны перыяд — клопат усяго грамадства.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>