Быў час, была эпоха

Ці можа адзінокі чалавек быць шчаслівым? Адказ на гэтае пытанне пашукаем у гаспадыні ўтульнай двухпакаёўкі на Плінтоўцы, у доме, які ў народзе празвалі “кітайскай сцяною”. Жыве тут Яўгенія Юнацкевіч. Працоўнае жыццё Яўгеніі Іванаўны прыйшлося акурат на тую эпоху, якую хтосьці называе камуністычнай, хтосьці — “застойнай”. Адны ўсхваляюць і настальгуюць, іншыя, наадварот, бэсцяць і не прымаюць.

Аднак трэба заўважыць, што ніхто да яе не застаецца абыякавым.

Так, быў час, была эпоха! Яўгенія Іванаўна акунулася ў тое, па-свойму цікавае вірлівае жыццё, як кажуць, з галавою. Была ў гушчыні спраў і падзей. Працавала на розных камсамольскіх пасадах, гадоў пятнаццаць узначальвала калектыў СШ № 3. Яна шчыра верыла, ды і працягвае верыць у ідэалы, якім сумленна служыла.

Яўгенія Іванаўна з таго пакалення, якое бачыла вайну дзіцячымі вачыма. Жэні Юнацкевіч пашанцавала куды болей, чым тым, хто апынуўся пад акупацыяй. Нарадзілася яна ў Лепелі ў сям’і ваеннаслужачага. Перад вайной жылі ў Смаленску, а ў самыя апошнія месяцы бацьку перавялі ў гарадок Картуз-Бяроза, на Брэстчыну. Калі грымнула вайна, бацька паспеў адправіць сям’ю ў тыл. Спачатку заехалі ў Лепель, але тут жа ў “цяплушцы” скіравалі на Ленінград. Па шчаслівай выпадковасці горад на Няве не прыняў іх. Спазніліся літаральна на дзень, калі ў паўночнай сталіцы перасталі прыпісваць прыезджых. Вось і не вер лёсу! Інакш бы іх чакала блакада і, магчыма, немінучая смерць ад голаду. А так — развярнуліся і паехалі ў Чувашыю. Туды эвакуіравалі лётную школу, дзе маці да вайны працавала буфетчыцай. Усё ж свае людзі на чужыне знайшліся, прытулілі. Так што з дзіцячых успамінаў пра гады ліхалецця застаўся ў Яўгеніі толькі фашысцкі самалёт, які кружыў над гарадком на Брэстчыне і сыпаў бомбы. Ды вось яшчэ бацька, які знік на фронце і больш як год не падаваў вестак. Шукалі яго паўсюль і не ведалі ўжо, што думаць.

Бацька, аднак, знайшоўся. Ён ваяваў у званні падпалкоўніка і нават па дарозе з фронта на фронт здолеў заскочыць у Чувашыю.

У гэтую вайну Іван Юнацкевіч ужо меў пэўны баявы досвед, бо яшчэ ў Грамадзянскую  быў разведчыкам. А з Вялікай Айчыннай вярнуўся з цяжкай кантузіяй і з цэлай абоймаю баявых узнагародаў. Меў ордэны Леніна, Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі.

У школу ў Чувашыі першы год Жэня не хадзіла. Стаялі саракаградусныя маразы, а ў яе, акрамя летніх чаравічак, нічога не было. Працягвала вучыцца ўжо ў Лепелі.

*     *     *

Рана падымаецца Яўгенія Іванаўна, нібыта на ўрокі. Ужо даўно няма патрэбы спяшацца ў школу, але прывычка засталася. Нездарма кажуць: “Хто рана ўстае, таму Бог дае”. І як гэта іншыя не ведаюць, чым заняцца? Здавалася, толькі ўстанеш, глядзіш, — ужо і дзень прайшоў. Гэтым разам трэба спяшацца… карміць кацянят. Аднойчы ля пустой сестрыной хаты (сястру забралі да сябе дзеці) убачыла цэлы кашачы вывадак. Кошка, якую Яўгенія Іванаўна дагэтуль часам прыкармлівала, прывяла і даверыла ёй дзяцей сваіх. Як тут пройдзеш міма! Мы ў адказе за тых, каго прыручылі. Купляе бабуля Яўгенія прысмакі розныя мясныя, варыць супчык і кожнай раніцы адпраўляецца ў іншы квартал горада, каб пакарміць сваіх любімцаў, якія, убачыўшы яе, бягуць насустрач, прагна хапаюць за рукі, нават царапаюцца. Дастаецца і свайму хатняму лайдаку — рыжаму любімцу Малышу, які ўжо, напэўна, пацягне на паўпуда.

Дзеці — святое. Калі настаў пенсійны ўзрост, Яўгенія Іванаўна пакінула пасаду дырэктара школы, але нейкі час працягвала працаваць настаўніцай. Як простай настаўніцы, дасталася ёй і класнае кіраўніцтва. Яна і пяты клас не тое што ўпадабалі адзін аднаго, а проста зліліся ў парыве адзінадумства. І куды толькі яны з класам ні хадзілі, вандравалі па ўсім Лепелі, былі і на возеры, і на востраве. Яўгенія Іванаўна заўсёды любі­ла падарожнічаць. У маладосці аб’ездзіла Крым, Ялту, Сочы, Феадосію, Керч, вандравала па чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Аднак каб сустрэць былога дырэктара школы з дзецьмі на ледзяной горцы, яшчэ і на санках! Варта было здзіўляцца. І дзівіліся. Адны ўсміхаліся паблажліва, а іншыя недаўменна паціскалі плячыма: каму яна што хоча даказаць?!

А яна нічога нікому не даказвала, проста жыла на чарговым павароце сваёй жыццёвай дарогі. Жыла, як заўсёды, з аптымізмам, якога так бракуе іншым пажылым  і асабліва адзінокім людзям. Такому аптымізму можна толькі пазайздросціць.

*     *     *

Звілістай аказалася дарога яе жыцця, але і багатай на ўражанні, на падзеі. Вярнуліся ў сорак чацвёртым у Беларусь. У Лепель, да бабулі з Віцебска пехатою ішлі. Скончыла сямігодку, Лепельскі педтэхнікум (пасля пачаў называцца педвучылішчам). Размеркавалі ў Дунілавіцкі раён тагачаснай Полацкай вобласці. Але затым адпусцілі на радзіму. У Лепелі працавала дырэктарам Дома піянераў, загадвала ідэалагічным аддзелам у райкаме камсамола, была завучам і арганізатарам у трэцяй школе. Завочна вучылася ў Смаленскім педінстытуце.

Праца яе на пасадзе дырэктара СШ № 3 прыйшлася на перыяд так званага “развітога сацыялізму”, калі, хоць і хапала фармалізму ды бюракратызму, але жылося даволі цікава і весела, дастаткова заможна. Людзі былі ўпэўненымі ў заўтрашнім дні і многія верылі ў тыя ідэалы, пра якія так шмат у той час гаварылі. Верыла і Яўгенія Юнацкевіч. Кватэру, праўда, атрымала не бясплатна, пабудавала кааператыўную, але былі любімая праца, добры заробак, актыўная грамадская дзейнасць, павага ў людзей.

Актыўнасці не здрадзі­ла і зараз, можна часта ўбачыць Яўгенію Іванаўну ў раённым Савеце ветэранаў, дзе яна ў рэві­зійнай камісіі. Не здра­джвае Юнацкевіч і прыроджанай інтэлігентнасці. Па-ранейшаму яна ў курсе і ў гушчыні па­дзей. А інтэлект выву­джвае, як заўсёды, са старых-добрых кніжак, з той самай класічнай рускай літаратуры, якую выкладала ў школе і на прыкладах якой выхоўвалася сама.

І сёння яна спяшаецца жыць, спраўджваючы той вядомы карчагінскі запавет, пра які казала вучням неаднойчы. Трэба спяшацца жыць, бо жыццё даецца чалавеку адзін раз. І адзіноцтва — не прысуд.

Уладзімір МІХНО.

На здымку: Яўгенія Іванаўна Юнацкевіч.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>