Арыенцір — на экспарт

Калі ехаць па Полацкаму тракту на Стары Лепель, леваруч, адразу пасля выезду з горада бачыцца невялікае прадпрыемства, у двары якога высяцца стосы драўніны і піламатэрыялаў. На маё пытанне, што гэта за лесапілка, выпадковы прахожы адказаў: “Завод “Платан”, хіба не ведаеш?” У тэлефонным даведніку прадпрыемства запісана пад назвай “Лесафабрыка Экатэх” СТАА, гэта мне падалося бліжэй да ісціны.

Па тэлефоне дамовіўся аб сустрэчы з дырэктарам Сяргеем Дзямешкам. Гутарым пра справы сённяшнія.

— Сяргей Уладзіміравіч, як усё ж такі правільна называецца ваша прадпрыемства?

— Раней, сапраўды, гэта быў завод “Платан”, пад гэтай назвай яго памятае большасць лепяльчан і жыхароў раёна. У 2005 годзе я прыйшоў сюды на працу на пасаду лагістыка, гэта ўжо была лесафабрыка. З цягам часу стаў галоўным інжынерам, а з лютага бягучага года – дырэктарам. 22 снежня мінулага года прадпрыемства перарэ­гістравалася пад назвай “Прэстыж­дрэў”. Як зра­зумела з назвы, займаемся дрэваапрацоўкай.

— З чым звязана перайменаванне?

— Прадпрыемствам кіруе савет заснавальнікаў, у канцы мінулага года ў савет увайшоў расійскі інвестар, унёс грошы ў статутны фонд, што надала імпульс стабільнай, прыбытковай працы, арыентаванай на экспарт. На грошы інвестара набылі яшчэ некалькі адзінак абсталявання. У дадатак да ўсяго з’явіліся новыя сувязі і магчымасці для экспарту ва ўсходнім накірунку.

У час крызісу мы, як і любое прадпрыемства, арыентаванае на экспарт, перажывалі пэўныя цяжкасці. Найперш – неактыўнасць патэнцыйных пакупнікоў. Лесафабрыка працавала неста­більна. Сітуацыя палепшылася, за год прадпрыемства выканала некалькі выгадных заказаў, за якія пакупнікі своечасова разлічыліся.

— Якую прадукцыю выпускае “Прэстыждрэў”?

— Доўгі час асноўнай прадукцыяй былі аконны брус і спадарожныя піламатэрыялы. Больш паловы бруса ішло на экспарт, пераважна ў Расію. У час крызісу экспарт скараціўся, таму кіраўніцтва “Прэстыждрэва” прыняла рашэнне змяніць асартымент выпускаемай прадукцыі. Так мы прыйшлі да сённяшняга асноўнага вырабу прадпрыемства – зборныя дамы з прафіляванага клеенага і масіў­нага бруса. Вядома, выпускаем і іншую спадарожную прадукцыю: дошкі, рэйкі, брусы і г.д.

— Дзе ў асноўным набываеце сыравіну?

— Лес купляем па ўсёй рэспубліцы, аднак перавагу аддаём усё ж вырашчанаму ў Віцебскай вобласці. Па якасці наша сасна не параў­наецца ні з якой іншай.

— Не прадумвалі варыянты паставак драўніны з той жа Расіі?

— Не. Нам пакуль што хапае беларускага лесу. А з Расіяй – лішнія праблемы: мытнае афармленне, пошліны і плацяжы, дарога.

— Хто купляе зробленыя вамі дамы?

— Продажы летась размеркаваліся 50/50. З адзінаццаці вырабленых дамоў шэсць рэалізаваны ў рэспубліцы, пяць – вывезены на экспарт. Дванаццаты дом ужо зроблены і чакае адпраўкі за мяжу.

— У Расію?

— Летась у Расію мы адправілі толькі пару дамоў. Астатнія — у Шатландыю, Чэхію, Францыю. Быў нават заказ з Нар­вегіі. Тамашні марак заказаў і купіў двухпавярховы катэдж.

— Як вы ацэньваеце пражыты год і чаго чакаеце ад новага?

— Год 2010-ы – неблагі, нават я б сказаў, удалы. Мы выйшлі на стабільную бясстратную працу. У гэтым годзе хацелася б захаваць і прымножыць станоўчую тэндэнцыю, умацаваць тэхнічную базу, павялічыць зарплату і, нарэшце, вырашыць кадравае пытанне. У нас, як і на многіх прадпрыемствах раёна, недахоп высокакваліфікаваных спецыялістаў, у першую чаргу, сталяроў-станочнікаў дрэваапрацоўчых станкоў. Аднак мы не апускаем рукі, жывём, працуем, спадзяёмся на свае сілы.

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: Сяргей Дзямешка паказвае новы і гатовы да адпраўкі дом.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>