Сухія сумесі “DOMIX”

Яшчэ гадоў пяць – сем таму большасць беларусаў дужа цьмяна ўяўляла сабе, што такое сухія будаўнічыя сумесі, як іх выкарыстоўваць. Растворы для бетону, кладкі цэглы і блокаў, тынкоўкі, шпатлёўкі і мацавання пліткі рабіліся па-старасвецку, на вока. Кожны спецыяліст – муляр ці пячнік — меў свой адмысловы рэцэпт раствору для той ці іншай аперацыі.

У залежнасці ад патрэбы маглі дадаваць гліну, вапну, попел, нават соль.

У апошнія гады сітуацыя змянілася карэнным чынам, у крамах будматэрыялаў у наяўнасці ёсць сумесі для любых работ розных вытворцаў — ад айчыннай “Забудовы” да імпартных “Lux”, “Ceresit” і іншых. Па самых прыблізных падліках праз будаўнічыя крамы каапгандлю і прыватныя гандлёвыя кропкі ў раёне прадаецца сухіх сумесяў на суму не менш 200 мільёнаў рублёў у год.

Нядаўна вытворчасць гэтай прадукцыі наладжана ў Лепелі.

Летась, пад час рабочай паездкі па Гродненскай вобласці Прэзідэнт агледзеў будаўнічыя аб’екты. У час гэтай паездкі было выказана меркаванне, што на рынку будматэрыялаў не хапае сухіх сумесяў беларускай вытворчасці.

Гэту ідэю падхапіў студэнт будаўнічага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Матальянец. Не адкладваючы справу ў доўгую скрыню, хлопец пачаў па ўсіх каналах збіраць інфармацыю пра вытворчасць, тэхналогію, абсталяванне, высвятляць розныя нюансы і тонкасці. У канцы лета Уладзімір прыняў цвёрдае рашэнне адкрываць свой бізнэс. Разумеючы, што новая справа будзе займаць шмат часу, ён перавёўся з дзённай формы навучання на завочную. Як заўсёды, самым складаным этапам стала збіранне і афармленне дакументацыі. Першы мех сумесі DOMIX зрабілі восьмага чэрвеня гэтага года.

Наступным паўстала пытанне набыцця абсталявання. На дапамогу ініцыятыўнаму прадпрымальніку прыйшла дзяржава, па праграме занятасці насельніцтва выдзе­ліла беспрацэнтны крэдыт пад адкрыццё новых працоўных месцаў. Чацвёра беспрацоўных атрымалі сталае, пастаяннае месца працы, а Уладзімір — 50 мільёнаў рублёў.

Вытворчыя і складскія плошчы арандавалі ў Лепельскага рамонтна-механічнага завода.

Уладзімір Матальянец адразу паставіў перад сабой і работнікамі задачу максімальна запоўніць асартыментны пералік патрэбных на рынку сумесяў. Дарэчы, па наяўнасці кампанентаў яны падзяляюцца на цэментныя, цэментна-вапнавыя і гіпсавыя. Усяго лепельскае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Кайманмікс” выпускае каля 30 відаў прадукцыі. Гэта і пескабетоны, сумесі для кладкі цэглы і блокаў, тынкоўкі, шпатлёўкі, клеі для керамічнай пліткі. Ёсць матэрыялы для вонкавых і ўнутраных работ, спецыяльныя сумесі для печаў і камінаў, якія вытрымліваюць павышаныя тэмпературы, і наадварот, матэрыялы, з якімі можна працаваць да мінус 15 градусаў.

— Звычайна, калі трэба класці цэглу ці тынкаваць на марозе, у раствор дадаюць соль, — расказвае Уладзімір-малодшы. — Яна потым і выступае на сценах, прыцягвае вільгаць. У сучасных умовах ёсць шэраг спецыяльных дабавак, якія перашкаджаюць замярзанню і не маюць недахопаў, уласцівых солі. Найлепшыя з іх мы і выкарыстоўваем.

Як вядома, будаўніцтва і капітальны рамонт — справа сезонная, вядзецца інтэнсіўна звычайна ў цёплыя месяцы. Таму і пік продажаў будматэрыялаў прыпадае на красавік – кастрычнік. Канец восені, зіма і ранняя вясна — па традыцыі перыяд зацішша. Уладзімір меркаваў, што і яго не міне падобны паварот падзей, зімой давядзецца скарачаць вытворчасць, прастойваць. Аднак, на шчасце, гэтага не адбылося. Наадварот, попыт на прадукцыю стабільна вялікі, “Кайманмікс” ледзь паспявае выконваць заяўкі. Зімой назіраецца стабільны попыт на матэрыялы для ўнутраных аддзелачных работ.

Сярод пастаянных пакупнікоў прадукцыі DOMIX ­— Лепельскі МКК. Рамонт і рэканструкцыя ў цэхах і іншых памяшканнях праводзіцца з выкарыстаннем мясцовых будматэрыялаў. Дарэчы, і з аплатай за тавар у МКК няма праблем і пратэрміновак. Будаўнічае прадпрыемства “Прывулле” карысталася будаўнічымі сумесямі DOMIX пры работах на шматпавярховіку на скрыжаванні вуліц Чуйкова і Інтэрнацыянальная. КУВП “Бароўка — часты пакупнік у “Кайманміксе”. Зацікавіліся лепельскай прадукцыяй і ў суседніх раёнах, рэгулярна адпраўляюцца партыі сумесяў у Докшыцкі, Чашніцкі, Дубровенскі раёны. Частка прадукцыі рэалізуецца і ў розніцу праз гандлёвую сетку, яе можна набыць у прыватных крамах будматэрыялаў. Для зручнасці пакупнікоў кіраўніцтва “Кайманмікса” набыло касавы апарат і цяпер можа адпускаць тавар любому пакупніку прама на месцы — любую партыю пры любой форме аплаты.

— Ці цяжка канкурыраваць з сусветнавядомымі гандлёвымі маркамі? — пытанне да Уладзіміра Мікалаевіча.

— Усялякая новая справа – цяжкая. Аднак рынак будматэрыялаў у Беларусі яшчэ недастаткова запоўнены, таму знаходзім свайго пакупніка. Не трэба забываць, што і вядомыя цяпер маркі калісьці пачыналі свой шлях, заваёўвалі рэпутацыю ў жорсткай канкурэнтнай барацьбе.

На прадпрыемстве падабраўся працавіты калектыў. Акрамя чатырох рабочых, нанятых паводле дамовы з упраўленнем па працы, занятасці і сацыльнай абароне, на “Кайманміксе” працуе яшчэ адзін. На пяць работнікаў — адміністрацыйны штат з двух чалавек: дырэктар Уладзімір Матальянец і бухгалтар Валянціна Філістовіч.

— Уладзімір Мікалаевіч, як вы ацэньваеце вынікі года, што адыходзіць, і якія спадзяванні на год наступны?

— 2010-ы для нас склаўся ўдала: адкрылі новае прадпрыемства, выйшлі на стабільную прыбытковую працу, далі людзям сярэднюю налічаную заработную працу ў памеры 300 долараў у эквіваленце. У наступным годзе хацелася б захаваць атрыманыя напрацоўкі і рухацца наперад, пашыраць вытворчасць, каб нашу марку ведалі больш і ў Лепельскім раёне, і далёка за межамі яго.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>