У лепельскі сацыяльны прытулак Дзед Мароз прыехаў з Германіі

576У сацыяльна-педагагічным цэнтры, на ўвахо­дзе, пад ёлачкай, спыніўся еўра Дзед Мароз, вельмі сімпатычны, малады, падцягнуты, у заліхвацкім чырвоным кажушку. Кажуць, што ён з Германіі. Падарылі немцы. Не сёння і не ўчора, а колькі гадоў таму, калі яшчэ СПЦ быў дзіцячым прытулкам і месціўся ля Мінскай шашы. Пасля Дзед Мароз разам з прытулкам пераехаў сюды на новае месцажыхарства.
Зрэшты, там, ля Мінскай шашы, прытулку не было так прасторна. Шчыра кажучы, новаму чалавеку няхітра і заблудзіцца.
Зараз дзіцячы прытулак з’яўляецца ўсяго толькі аддзяленнем новай структуры, названай ДУ “Сацыяльна-педагагічны цэнтр г. Лепеля”, якая абслугоў­вае патрэбы ўсяго раёна. Працуюць тут дваццаць шэсць чалавек — чатыры выхавальнікі, чатыры памочнікі выхавальнікаў, псіхолаг і педагог сацыяльны, повары, медсястра, загадчык гаспадаркі, касцялянтка і інш. Дырэктар Міхаіл Часнакоў паказвае маёмасць і інтэр’ер: асобныя спальні для дзяцей розных узростаў, пакоі для гульняў, псіхалагічнай адаптацыі, медычнага агляду, для правядзення масавых мерапрыемстваў, клас для заняткаў “дарослых” дзяцей (справа ў тым, што ў прытулку могуць знаходзіцца дзеці ад трох да васямнаццаці гадоў), кабінеты сацыяльна-педагагічнай службы, сталовую і г.д. У калідорах шырокія, прыгожыя дывановыя дарожкі. Кажуць, падарунак прэзідэнта.
Сацыяльны прытулак разлічаны на пятнаццаць чалавек. Бачу дзяўчынку-дашкольніцу. Яна на месцы, а яшчэ трое дзяцей — у школе ў гэты час. Такім чынам, у той дзень тут знаходзілася чацвёра дзяцей. Трэба сказаць, што парадак у прытулку ідэальны, усяго тут хапае: і цацак, і наглядных дапаможнікаў, і мэблі, і гаспадарчага ды бытавога інвентару. Сёлета купілі пральную машыну-аўтамат, камп’ютар, дзіцячыя пакрывалы. Ксёндз Андрэй падарыў два камплекты новага посуду, айцец Сергій — пяць дзіцячых парасончыкаў. “ЛАДЭ” пералічвае штомесяц грашовыя сродкі, прадпрымальнік Мікалай Лебедзеў дапамагае дзетак апрануць. Ваеннаслужачыя з Заслонава таксама наведаліся не з пустымі рукамі, а з падарункамі. Адным словам, не хапае хіба што птушынага малака.
Кажуць, што падарункі, вопратка, усё гэта не застаецца ў прытулку, а дзеці забіраюць з сабою, вяртаючыся ў сем’і. 575
Адну дзяўчынку з прытулку выхавальнікі ды педагогі самі сабралі, адправілі ў першы клас. Маці ж нават і не паявілася… Усё тут ёсць, няма толькі мамінай усмешкі. Казённыя сцены наўрад ці ўсё ж заменяць дзеткам хатняй цеплыні, якой ім так нестае. Дарэчы, пра сцены: у кабінетах выхавальнікі ўсе разам неяк здолелі стварыць з дапамогаю “разумных, развіццёвых” шпалераў, карцінамі і пано, кветкамі падабенства хатняга ўтулку.
А зараз колькі слоў пра СПЦ. Цэнтр працуе не толькі з “прытулкаўскімі” дзецьмі, але і ўвогуле з “праблемнымі” сем’ямі з усяго раёна. Прынамсі, работа вядзецца з так званымі “нічыйнымі” дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў, якія яшчэ не наведваюць ні садзік, ні школу. Такіх дзяцей было пятнаццаць з трынаццаці сем’яў. Педагогі правяраюць жыллёва-бытавыя ўмовы ў сем’ях, выяўляючы іх праз ФАПы, амбулаторыі і г.д. Пры неабходнасці аб’яўляюць сем’і трапіўшымі ў сацыяльна-небяспечнае становішча і адпаведна працуюць з імі далей. Якім чынам? Накіроўваюць дзяцей у бальніцу, дзе тыя могуць знахо­дзіцца да месяца, затым жа ўладкоўваюць альбо да сваякоў, альбо ў прыёмныя сем’і. Напрыклад, сёлета забралі двух дзяцей з адной сям’і.
Аднак катэгарычныя меры скарыстоўваюць не заўсёды. Часам дапамагаюць “праблемным” сем’ям — часцей маламаёмным — стаць на ногі: хадайнічаюць аб працаўладкаванні, накіроўваюць туды гуманітарку і г.д. Напрыклад, адной вясковай жыхарцы, якая пераехала з горада і цэлы год не атрымлівала выплаты на дзіцяці, дапамаглі аформіць неабходныя дакументы. Другой сям’і дапамаглі з рамонтам і заменай электраправодкі, аб чым хадайнічалі перад сельскім саветам. Штомесяц у СПЦ праходзяць саветы прафілактыкі з удзелам усіх зацікаўленых структур. Там і прымаюцца канчатковыя рашэнні па сем’ях…
Хутка сімвалічны элегантны еўрапейскі Дзед Мароз ля штучнай ёлкі саступіць у СПЦ месца сапраўднаму, айчыннаму, жывому, які абавязкова прыбудзе сюды з іншымі артыстамі мастацкай сама­дзейнасці з… ЦДМ. Прывязуць навагодняе прадстаўленне ля жывой ёлкі. І падарункі дзецям тым часам ужо рыхтуюцца. Як не прыйсці, калі дзеткі ўжо напісалі лісты Дзядулю Марозу з пажаданнямі і вельмі яго чакаюць. Яны, у адрозненне ад дарослых, працягваюць верыць у цуд. І цуд абавязкова адбудзецца. Усе дзіцячыя пажаданні будуць выкананы. А “добрым чараўніком” на гэты раз стануць вайскоўцы з Заслонава. Вось толькі аднаго іх, самага галоўнага жадання — сустрэць шчас­лівы новы год побач з мамаю і татаю — наўрад ці зможа выканаць нават самы магутны чараўнік. А гэта было б сапраўднае шчасце!
Уладзімір МІХНО.
На здымках: у сацыяльна-педагагічным цэнтры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>