Спрытныя рукі лепельскіх дзяўчат твораць цуд

561Навучыцца шыць… А чаму б і не! Праўда, дзяўчаты, пра якіх павяду расповед, прыйшлі сюды, у ліцэй, можа, не столькі “па іголку”, колькі “па чарпак”. Прынамсі, так мне сказала іх майстар швейнай справы Людміла Голубева:
— Прыйшлі, бо ў асноўным прывабіла прафесія повара, якую яны атрымаюць разам са швейнай справай.
Што ж, магчыма, повар — і больш “гламурная” спецыяльнасць: праца ў рэстаранах, барах… Аднак жа камусьці трэба ўмець і сукенку пашыць. І трэба сказаць, што шыюць дзяўчаты з задавальненнем — на свае вочы бачыў.
— Вытворчае навучанне праходзіць у два этапы, — кажа майстар. — Першы — тут, у швейнай майстэрні. У нас дзве майстэрні са спецабсталяваннем поўнага цыклу. Машыны — абкідвальная, для прышывання гузікаў, для патаемных падшывальных строчак, для выканання закрэпак і г.д. Ёсць клас тэорыі навучання. Шыем гатовыя вырабы: ручнікі, накоўдранікі, прасціны, навалачкі.
— На продаж?
— У тым ліку. Купляюць. А чаму б і не! Тканіна добрая, выконваем усе тэхнічныя ўмовы. Шыем таксама спецвопратку: халаты жаночыя, касцюмы мужчынскія. Двойчы ў год удзельнічаем у абласным кірмашы. Летась прадалі прадукцыі на дванаццаць мільёнаў. Сёлета на адным толькі восеньскім кірмашы мільёнаў шэсць выручылі.
— А дзе праходзіць другі этап навучання?
— Заключана дамова з ААТ “Прамшвеймэбля”. Двойчы на тыдзень адна падгрупа працуе там, у цэху, на розных аперацыях. За дзяўчатамі замацаваны майстар Таццяна Карабань. Прадпрыемства дапамагло нам набыць абсталяванне для спеццыклу навучання, устанавіла плакаты па тэорыі навучання і прыспасобы малой механізацыі.
— Даўно ў ліцэі вучаць на швачак?
— Болей як трыццаць гадоў. Спачатку рыхтавалі краўцоў. Нашы выпускнікі працуюць на ўсіх прадпрыемствах Беларусі. Многія ўжо ветэраны працы. Перадавікамі вытворчасці былі Таццяна Косава, Ірына Рудзік, Таццяна Цімошчанка і іншыя.
— А куды пойдуць па заканчэнні гэтыя вось дзяўчаты?
— Куды пажадаюць. Прафесія швачкі вельмі запатрабаваная. Два месяцы ў іх будзе вытворчая практыка ў брыгадзе па раздзяленні працы на “Прамшвеймэблі”.
Ёсць у ліцэі і факультатывы, куды ходзяць дзяўчаты. каб атрымаць павышаны разрад і навучыцца звыш таго, што дае праграма. Тут дзяўчаты шыюць для сябе. Працуе гурток кройкі і шыцця.
Дзяўчаткі павязалі хусцінкі і селі за працу. Валя Вішнеўская, Каця Аўсіевіч, Оля Крыцкая, Ларыса Іванова і іншыя. Гэта з лепельскіх. Шмат і іншагародніх вучыцца ў ліцэі на швачак. Як бы ні склаўся іх далейшы лёс, адно можна сказаць: прафесію гэтыя дзяўчаты выбралі вельмі патрэбную, вельмі шаноўную.
На здымку: група швачак на вытворчых занятках.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>