Баявыя эпізоды

У кнізе “Памяць. Лепельскі раён” змешчана шмат звестак аб баявых аперацыях партызанаў у гады Вялі­кай Айчыннай вайны. Асаблівую цікавасць выклікаюць успаміны М. Кляшторнага, які з лютага па чэрвень 1944 года быў камандзірам пятага атрада партызанскай брыгады імя Сталіна, а да гэтага ўзначальваў асобныя партызанскія падраздзяленні брыгады “Дубава”.
— Каб утрымліваць дарогу Лепель — Беразіно пад сваім кантролем, камандаванне брыгады “Дубава” вырашыла вясной 1943 года стварыць у Пышне свой гарнізон, — адзначыў ён. — На світанні 19 мая супраць другога атрада брыгады, які знаходзіўся ў гарнізоне, быў кінуты з боку Лепеля не менш як полк салдат з нямецкай карнай групіроўкі “Норд”. Аднак праціўніку не ўдалося заспець нас знянацку. Байцы рот Звонава і Кірыленкі сустрэлі ворага дружным кулямётным і аўтаматным агнём. Іх падтрымалі артылерысты. Фашысты, панёсшы вялікія страты, адышлі на зыходныя рубяжы.
Зразумеўшы, што ў лоб Пышна не ўзяць, немцы вырашылі зайсці цераз вёскі Пораўна, Замошша і пераправу Тартак у наш тыл. Аднак іх манеўр не застаўся незаўважаным. У гэты дзень я разам з партызанам трэцяга атрада Іванам Казаковым, выканаўшы заданне каман­дзіра атрада Дзмітрыя Караленкі, вяртаўся на фурманцы з Вялікіх Дольцаў у гарнізон. Па дарозе заўважылі вялікую колькасць гітлераўцаў, якія рухаліся ў бок Пышна. Казакоў сцебануў каня пугай — і мы ў адно імгненне пераскочылі дарогу, схаваліся ў лесе. Наўздагон фашысты адкрылі шквальны агонь. На жаль, куля прабіла Івана Казакова са спіны, і ён, смяротна паранены, упаў. Я схапіў лейцы і што ёсць сілы памчаў у атрад. Прыбыўшы на месца, неадкладна далажыў аб усім Караленку. Той загадаў стралковаму ўзводу Загудаева зрабіць засаду ў напрамку Тартака. Такім чынам была папярэджана небяспека быць разбітымі з тылу.
Аднак вораг працягваў наступленне. І хутка стала вядома, што калоны гітлераўцаў, мінуўшы Вялікія Дольцы, без перашкоды рухаюцца на Карчы, дзе знаходзіліся нашы прадуктовыя склады. Абставіны ўскладняліся. Каб зберагчы харчовыя запасы, камандаванне брыгады накіравала насустрач немцам атрады Місунова і Ляўковіча. Яны павінны былі перагарадзіць дарогу праціўніку. Вораг натыкнуўся на ўпартае супраціўленне народных мсціўцаў. Разгарэўся гарачы бой. Рашучае слова сказала наша артылерыя. Поспеху садзейнічаў і мужны ўчынак начальніка штаба партызанскага артдывізіёна Міхаіла Атрашкевіча. Выкаціўшы пад агнём пра­ціўніка гармату на вялікую вышыню, ён разам з таварышамі прамой наводкай знішчыў нямецкую гармату, потым адкрыў агонь па наступаючай варожай пяхоце. Фашысты не вытрымалі, адступілі.
Многія баявыя эпізоды, у якіх прымаў асабісты ўдзел, добра запомніліся, трывала ўрэзаліся ў памяць. Напрыклад, неяк мы заўважылі, як кожнай раніцай групы нямецкіх салдат выходзяць з лесу і ідуць да ракі, каб прыняць водныя працэдуры. Гэта быў зручны момант для нападу. Для выканання задання я сабраў групу з 30 чалавек. Неўзабаве былі непадалёку ад лугавінкі, што знаходзілася ля моста цераз Ушачу. І бачым, як, усеўшыся паўколам на ёй, каля паўсотні фрыцаў уважліва слухаюць афіцэра. Не губляючыся, аддаў загад: “Да бою!” Партызаны ўзялі фашыстаў на прыцэл, па камандзе “Агонь!” знішчылі іх. Аднак адна акалічнасць азмрочыла радасць. У час адыходу сляпая варожая куля абарвала жыццё палітрука Лапаткіна. Так мы страцілі любімага, вясёлага таварыша. Гэта ён быў аўтарам вершаваных радкоў, якія выклікалі ў нас смех і былі звернуты да гітлераўцаў: “Калі пайшоў ты на Тартак, то будзе табе гутэн так…”
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>