Інтэграцыя ў грамадства

9ed7ca482ee-600x4503 снежня ў Беларусі адзначаюць Дзень інвалі­даў. Гэтая дата — дзень асаблівай увагі да людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, закліканая нагадваць Ураду і жыхарам краіны, што ўсе разам павінны клапаціцца пра тых, хто мае патрэбу ў нашым садзеянні і дапамозе. На гэту тэму — інтэрв’ю з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Васілём Рававым.
— У Лепельскім раёне пражывае 842 інваліды першай і другой груп, з іх маладых — 59, інвалідаў-калясачнікаў — 113, інвалідаў ЧАЭС — 4, — адзначыў Васіль Усцінавіч. — У ТЦСАН створана аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў.
— З адкрыццём аддзялення жыццё асоб з абмежаванымі магчымасцямі стала больш насычаным?
— Безумоўна. Яны наведваюць канцэрты, выставы, музеі, прымаюць ­удзел у культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах, ходзяць у паходы. Для стварэння станоўчых эмацыйных стасункаў унутры групы, атмасферы даверу і ўзаемадзеяння арганізуюцца лекцыі і гутаркі на розныя тэмы, заняткі з элементамі трэнінгу, гульні і практыкаванні на развіццё здольнасці пазнаваць сябе і сваіх аднагодкаў. Юнакі і дзяўчаты вельмі любяць наведваць гурток фізічнай рэабілітацыі, але з-за таго, што пасля заняткаў няма дзе прыняць душ, цэлы дзень яны адчуваюць сябе дыскамфортна. А ў асенне-зімовы перыяд кабінеты забітыя верхняй вопраткай, бо плошча кабінетаў не дазваляе паставіць шафы для распранання. Для адпачынку пасля заняткаў неабходныя пакоі, дзе можна было б бавіць час у перапынках паміж заняткамі, прыняць ежу і г.д.
— Няўжо праблема настолькі не вырашальная?
— Раённым выканаўчым камітэтам прымаюцца практычныя крокі па вырашэнні праблем шляхам будаў­ніцтва новага будынка працоўных майстэрняў і сацыяльна-бытавой рэабілітацыі інвалідаў па вул. Лабанка, 30 (стары будынак зносіцца). Гэта дасць магчымасць інтэграцыі іх у грамадства, садзеяння сацыяльнай адаптацыі пры дапамозе працоўнай рэабілітацыі (швейная справа, дрэваапрацоўка і інш.). Дзякуючы гэтаму моладзь атрымае дадатковую крыніцу даходу праз працоўную дзейнасць.
Будынак будзе ўзводзіцца пры актыўным удзеле Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «ЭкаДом» па тэхналогіях, якія ўжываюцца пры будаўніцтве жылых дамоў у вёсцы Стары Лепель.
— Васіль Усцінавіч, надоечы лепельская дэлегацыя сацыяльнай службы наведала Германію. Што там убачылі, якія высновы зрабілі для сябе, што асабліва ўразіла?
— З мэтай вывучэння вопыту работы з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі ў Германіі Міжнародным дабрачынным грамадскім аб’яднаннем «Эка-Дом» было арганізавана наведванне ў сёлетнім кастрычніку ФРГ дэлегацыяй сацыяльнай службы. Тое, што людзі з абмежаваннямі ў Германіі могуць нароўні са здаровымі працаваць, мець зносіны і рухацца па любым пункце краіны, — вынік 45-гадовай працы. Прадпрыемствы ўсіх формаў уласнасці па заканадаўстве абавязаны працаўладкаваць не менш за пяць працэнтаў лю­дзей з абмежаванымі магчымасцямі ад агульнай колькасці работнікаў — альбо на самім прадпрыемстве, альбо ў майстэрнях. Навучанне і праца ім прадастаўляецца па іх жаданні і магчымасцях, незалежна ад медыцынскіх заключэнняў: з 18 гадоў да 63 — жанчынам, да 65 гадоў — мужчынам. Для людзей з цяжкімі захворваннямі функцыянуюць аддзяленні, якія арганізуюць вольны час такіх катэгорый насельніцтва.
— Тая памятная азнаямленчая паездка нейкія канкрэтныя карэктывы ў вашу работу прымусіла ўнесці?
— Пасля паездкі ўнесены змяненні ў праект будаўніцтва будынка для аддзялення дзённага знахо­джання для інвалідаў ТЦСАН, у якім акцэнт робіцца на арганізацыю большай колькасці майстэрняў, а не толькі памяшканняў для арганізацыі культурнага і творчага вольнага часу, адпачынку і гульняў. Фізічна аслабленыя асобы часта не могуць весці паўнацэннае жыццё з-за сацыяльных і фізічных бар’ераў, якія перашка­джаюць іх паўнапраўнаму ўдзелу ў грамадскім жыцці. Сутыкаючыся з такімі бар’ера­мі, яны замыкаюцца ў сабе, становяцца пасіўнымі, страчваюць веру ў магчымасць дасягнення асабістага і прафесійнага дабрабыту. Стварэнне для такіх асоб даступнага асяроддзя жыццядзейнасці з’яўляецца важным фактарам, які павышае іх дзея­здольнасць, што спрыяе інтэграцыі ў грамадстве.
Інтэрв’ю правёў
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>