Мода на інтэлект

545Перада мною — інтэлектуалы. Дакладней, двое з іх кагорты, якая ў СШ №3 даволі разгалінаваная. Па звестках, тут у кожным класе ёсць па пяць-шэсць вучняў, якія прэтэндуюць звацца інтэлектуаламі. А вяршыня піраміды — школьны клуб “Інтэлектуал”. Дагэтуль клубам кіравала Таццяна Яськова, сёлета эстафету пачэсную прыняла Валянціна Пшонка. Валянціне Ула­дзіміраўне, гуманітарыю, якая выкладае родную мову, выхоў­ваць інтэлекты, як кажуць, належыць па роду дзейнасці. І вось з двума яе выхаванцамі мы зараз пазнаёмімся. Коля Бруцкі-Стэмпкоўскі і Каця Фядзько — дзесяці­класнікі. Здавалася б, яшчэ ледзьве не два гады вучыцца, але яны ўжо думкамі на той сцяжыне, якая павядзе іх у дарослае жыццё.
— І якім жа чынам рыхтуецеся да дарослага жыцця? — пытаюся.
— Назапашваем інтэлект, — упэўнена адказвае Каця.
— Як гэта назапашваеце?
— Практычна. У клубе “Інтэлектуал”.
— Вы прыйшлі сюды па інтэлект?
— Мы прыйшлі, каб паспрабаваць свае сілы, каб пераадолець разгубленасць, трымценне, навучыцца валодаць сабою ў любой абстаноўцы, — кажа Коля.
— Штосьці я не бачу, каб вы пераадолелі гэтую разгубленасць нават у размове з журналістам. Селі і раптам захваляваліся.
— Дык мы ж яшчэ толькі вучымся валодаць сабою, — усміхнулася Каця.
— Хіба гэты клуб паспрыяе выбару вашай далейшай прафесіі? Вось ты, Коля, напрыклад, куды збіраешся пасля школы?
— Увогуле, хачу стаць энергетыкам. Але гэта не важна. Галоўнае, што тут мы развіваемся як асобы.
Наступныя пытанні задаю кіраў­ніку:
— У якой форме праводзіце заняткі ў клубе?
— Форма розная: гэта і інтэлектуальныя гульні кшталту “Што, дзе, калі?”, “Свая гульня”, гэта і ўсялякія лагічныя гульні, гульнявыя трэнінгі, віктарыны.
— Ваша мэта?
— Магчымасць інтэлектуальнага развіцця і ўдасканалення дзяцей, пашырэнне іх кругагляду, эрудыцыі, умення працаваць у камандзе.
— Як рыхтуецеся да заняткаў? Якімі пры гэтым крыніцамі карыстаецеся?
— Працую са спецыяльнай літаратурай. Выкарыстоўваю, вядома, і інтэрнэт-рэсурсы. Усе гады кіраўнік раённага клуба інтэлектуалаў “РА” Віктар Радзько праводзіў вучобу з кіраўнікамі гурткоў. Дзяліліся набыткамі, пераймалі вопыт. Скажу шчыра, некаторыя старыя “хатнія нарыхтоўкі” раённага клуба выкарыстоўваем і мы пры падрыхтоўцы да заняткаў, якія праходзяць па суботах.
— Выходзіце на “вялікую арэну”?
— Восенню і ўвесну праходзяць раённыя гульні. Мы таксама выстаўляем свае каманды. Прыемна, што “Восень-2014” нашы сямікласнікі выйгралі, а каманда дзясятага класа заняла другое месца на раённых спаборніцтвах. Каця — пераможца раённых спаборніцтваў на “Кубак правінцыі”, ­удзельнічае ў інтэлектуальным клубе “РА”.
— Ёсць у вас любімая форма заняткаў?
— Дзецям вельмі падабаецца “Свая гульня”. Мы выбіраем пэўную тэму: кветкі, гістарычныя постаці, літаратура, кіно, міфалогія і г.д. І імкнёмся цалкам яе адпрацаваць ва ўсіх аспектах. Гэта гульня і на ўменне зарыентавацца. Кароткае пытанне, хуткая рэакцыя, пацверджаная пляскам у далоні, і — трапны адказ.
Уладзімір
МІХНО.
На здымку: трэнінг на занятках клуба “Інтэлектуал” праводзіць Валянціна Пшонка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>