«Гульнёвы дворык»… на сходзе

SAM_6505Старалепельская базавая школа ўжо многія гады адным з накірункаў сваёй выхаваўчай дзейнасці абірае нацыянальнае адраджэнне. Тут праходзяць розныя мерапрыемствы, як унутрышкольныя, так і разлічаныя на больш шырокую аўдыторыю — для бацькоў, вучняў, удзельнікаў міжнародных турыстычных праектаў і г.д. Дастаткова прыгадаць творчы майстар-клас, які праводзілі тут для ўдзельнікаў міжнароднага праекта “Вада, прырода і людзі ў знікаючым ландшафце”.
Сёлета ў Старым Лепелі вырашылі правесці сход для бацькоў на тэму беларускага нацыянальнага адраджэння, каб наладзіць узаемадзеянне з імі па выхаванні нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей, даць рэкамендацыі бацькам па выкарыстанні твораў народнай творчасці дома, выявіць узровень ведаў бацькоў і іх адносіны да беларускага фальклору, народных традыцый.
У школе гасцей сустрэлі вядучая Вольга Дзямко і яе памочнікі Раіса Маляўка, Людміла Глушанок — настаўнікі малодшых класаў. Усе — у нацыянальных строях, з хлебам-соллю.
Сход праходзіў у выглядзе творчага семінара. Бацькам прадэманстравалі ўрок, як выхоўваць дзяцей у нацыянальным стылі, а заадно і веды саміх бацькоў у галіне беларускіх традыцый, фальклору праверылі.SAM_6498
Пачалося мерапрыемства з анкетавання. Неабходна было адказаць на пытанні, ці сутыкаліся бацькі з народнымі традыцыямі ў жыцці. Калі так, то дзе і калі? А затым пачалі­ся гульні. Гулялі ў перакладчыка. ­Удзельнікі перакладалі на беларускую мову рускія выказванні. На конкурс “Збяры прыказку” вядучая падабрала прыказкі на сямейную тэматыку. Групам бацькоў раздалі пачатак і канец прыказак. Адна група чытала пачатак, а другая павінна была закончыць выказванне. А потым песні, прапанаваныя вядучымі, ахвотна падхапілі бацькі. З маладымі мамамі правялі “майстар-клас”, якімі пацешкамі трэба забаўляць дзяцей. А затым матулі атрымалі ў падарунак лісты з беларускімі забаўлянкамі. Бацькі праінсцэніравалі адзін з беларускіх варыянтаў рускай народнай казкі “Курачка Раба”, якую нядаўна праходзілі іх дзеці ў другім класе. Развучылі беларускі народны танец-гульню “Таўкачыкі”.
Пра “гульнёвы дворык”, які працаваў на бацькоўскім сходзе, хочацца сказаць асобна. Беларускія гульні адрозніваюцца сваёй самабытнасцю і непаўторнасцю. Існуе вялікая колькасць беларускіх гульняў. Некаторыя з іх звязаны з пэўнымі перыядамі ў сялянскім жыцці, іншыя — з порамі года. Ёсць гульні, у якіх можа ўдзельнічаць вялі­кая колькасць ігракоў, існуюць парныя, для траіх чалавек і іншыя.
— А вы, госці мае
прашоненькія,
А чаму ж вы
невясёленькія?
Калі хлеб не пушоны,
будзем пушыць яго,
Калі нехта невясёлы,
развесялім яго.
Калі нехта засумуе,
перапросім яго!
Колькі ж нас —
адна жменечка!
Пагуляем жа харашэнечка! — звярнулася Вольга Іванаўна да бацькоў і прапанавала ім згуляць у “Чый сноп хутчэй?”, “Званочак” і г.д.
Прайшліся па календары народных святаў, размешчаным тут жа, на стэндзе. Паслухалі замовы — ад нячыстай сілы, ад крыксы, ад зубнога болю.
Раней амаль у кожным сяле мелася бабка-шаптуха, якая ўмела загаворваць ад розных непрыемнасцяў. “А вы, зубы, зубы! — шаптала яна, напрыклад, таму, у каго зубы балелі. — Чаму ж вы не белы, а руды? Хіба вы што кепска жавалі, што хваробы дасталі? Перастаньце ж вы хварэці, будзьце, як велькі пан у гарэце. А калі не перастанеце балеці, то мы будзема вас жалезам цягнуці. Ідзі ж ты, хвароба, у шырокае поле, у сухія лясы ды ў мокрае балота. А хваробы нам жаднай не трэба, бо яна прыйшла ад чорта, але не з неба”.
Наладзілі дыскусію пра забабоны і пра тое, ці трэба ім верыць. Многія з бацькоў упершыню даведаліся, скажам, чаму маці маладой на вяселлі абсыпала картэж зернем і выходзіла сустракаць маладых у кажушку навыварат. А потым ласаваліся стравамі беларускай народнай кухні, па чарзе распавядаючы пра кожную з іх: поліўку, панцак (пярловы суп з грыбамі), булён, шчаўе, яечню, калдуны, кало­дзеж. Для калодзежа варылі кашу, любую, затым рабілі ў ёй ямку і налівалі туды засмажанае сала або мяса, з’ядалі кашу па баках. Калодзеж станавіўся большы. Зноў разлівалі смажанае сала, зноў елі. Кало­дзеж усё павялічваўся.
Зайшла размова і пра пахо­джанне бліжэйшых вёсак — Юркоўшчыны, Будзяўцоў, Дзяньгубаў, Заазер’я, Ворані, Падлобных і, вядома, Старога Лепеля.
Многае з беларускага фальклору бацькі, людзі маладыя, вядома, чулі ўпершыню. Было ім вельмі цікава. Час прайшоў незаўважна і з несумненнай карысцю. Былі запрошаны на свята ўдзельнікі міжнароднага праекта “Дыялог пакаленняў” Ганна Маславатая і Пётр Хахлоўскі. Гэта людзі, нягледзячы на свой узрост і тыя нягоды, якія выпалі на іх дзяцінства — абодвум па восемдзесят гадоў, — надзвычай аптымістычныя, творчыя, вясёлыя. Забаўлялі прысутных ігрою на гармоніку і на бубне.
Мерапрыемства праходзіла на базе Старалепельскага культурна-адукацыйнага цэнтра. А ў наступным годзе дамовіліся наладзіць у Старым Лепелі вясёлыя беларускія “Вячоркі”.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: на бацькоўскім сходзе ў Старалепельскай базавай школе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>